Беларуская Служба

Беларусы, што з'ехалі з краіны, могуць разлічваць на дапамогу ў Польшчы

13.05.2021 15:34
500 чалавек атрымалі падтрымку ад Беларускага дома ў Варшаву.
Аўдыё
  • Беларускам, якія былі вымушаныя з'ехаць з краіны, прапануюць дапамогу
   .
Беларускі дом у Варшаве. Ілюстрацыйны здымакhttps://www.facebook.com/BelaruskiDom

Беларускі дом – месца сустрэч беларусаў у Польшчы. За апошнія гады гэтая грамадская ўстанова пераўтварылася ў нефармальную амбасаду для беларусаў, якія ратуюцца ад палітычнага пераследу ў Беларусі. Установа аказвае юрыдычную дапамогу, ладзіць культурніцкія мерапрыемствы. Гэтым разам вырашылі падтрымаць жанчын з Беларусі, якія былі вымушаныя пакінуць краіну.

Беларускі дом абвясціў, што ладзіць цыкл сустрэч «Жанчыны разам», для беларусак, якія былі вымушаныя з'ехаць за мяжу.Усе сустрэчы накіраваны на падтрымку дзяўчат і жанчын, якія апынуліся ў іміграцыі і праходзяць гэты няпросты шлях. Спачатку будзе адбывацца група падтрымкі, падчас якой кожны зможа ўзяць удзел у размове па тэме сустрэчы, даведацца новае і паспрабаваць некаторыя тэхнікі. Больш падрабязна пра праект мы паразмаўлялі з адной з ініцыятарак Мартай.

- Мы заўважылі, што шматлікія жанчыны, якія прыязджаюць з Беларусі ў Польшчу сутыкаюцца з падобнымі хваляваннямі ды праходзяць падобныя адаптацыйныя працэсы. Нам захацелася стварыць групу падтрымкі, дзе была б атмасфера, у якой можна раскрыцца, прайсці шлях, знайсці рэсурсы для таго, каб нешта новае ствараць. Сустрэцца са сваімі эмоцыямі, якія часта называюць негатыўнымі: злосць, страх – знайсці ў іх нейкі рэсурс. Прыняць сітуацыю, знайсці новыя стратэгіі. Агулам хочацца, каб беларускі, якія жывуць цяпер у  Варшаве, якія прыехалі з Беларусі, маглі пазнаёміцца, у прыемным коле пабыць, адкрыцца, падзяліцца сваім досведам.

З якімі праблемамі сутыкаюцца ў Польшчы беларускі?

- Пераезд у іншую краіну заўсёды выклікае вялікі стрэс, крызіс, фактычна гэта нагадвае сацыяльную смерць. Чалавек сутыкаецца з велізарнай стратай. Абсалютна кожны чалавек, не важна па якіх прычынах чалавек прыязджае: з жаданне сюды прыехаць ці з-за небяспекі. Напачатку людзі не могуць гэта прыяць, баяцца, злуюцца, баяцца новага, адчуваюць сябе згубленымі, сумуюць ды адчуваюць няўпэўнена. Урэшце ў найлепшай сітуацыі людзі знаходзяць сябе ў новым месцы. Аднак шлях яны праходзяць падобны. Часта пры міграцыі чалавек адаптуецца ад года і больш, каб вярнуцца да сацыяльнага жыцця, адчуваць сябе патрэбным у новай прасторы. Мы хочам, у першую чаргу, каб беларускі мелі падтрымку ды праходзілі адаптацыю асэнсавана. Таму мы прапануем зрабіць месячную групы – 4 сустрэчы, дзе мы сумесцім псіхалагічна тэрапеўтычныя практыкі, групу падтрымкі. Падзелімся цікавымі практыкаваннямі, стратэгіямі. У другой частцы мы будзем пазнаваць сябе праз творчасць, асэнсоўваць сябе, паглыбляцца разам.

Першая сустрэча на тэму «Рэсурсы» запланавана на 14 мая. Тры наступныя спатканні адбудуцца 21, 28 мая ды 4 чэрвеня. Яны будуць прысвечаныя абмеркаванню такіх тэм як прыняцце сябе, злосць як сіла ды любоў.

Што яшчэ прапануе Беларускі дом для беларусаў, якія былі вымушаныя эміграваць з Бацькаўшчыны? Пра гэты мы спыталіся ў старшыні Алеся Зарэмбюка.

- На сённяшні дзень мы апякуемся сем’ямі палітвязняў у Беларусі. Таксама мы дапамагаем людзям, якія былі вымушаныя сюды прыехаць па палітычных прычынах. Мы аказваем ім фінансавую дапамогу, псіхалагічную, рэабілітацыю. Яшчэ мы дапамагаем у пошуку працы тут у Польшчы. Апроч таго мы займаемся медыцынскай дапамогай. На мінулым тыдні выратавалі жыццё хлопца з Брэста Васіля. Агульна толькі ў мінулым годзе мы аказалі дапамогі на мільён злотых на лячэнне ды фінансавую падтрымку.

За мінулы год Беларускі дом аказаў дапамогу блізу 500 беларусам. Цяпер дапамога прапануецца жанчынам, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Юры Ліхтаровіч