Беларуская Служба

Запрашаем у Шыдлаў – польскую сталіцу слівы (ФОТА)

14.05.2021 15:21
Шыдлаў і ваколіца – гэта не толькі каштоўныя гістарычныя помнікі, але таксама рэгіён вядомы слівавымі садамі.
Аўдыё
  • Шыдлаў і ваколіца – гэта не толькі каштоўныя гістарычныя помнікі, але таксама рэгіён вядомы слівавымі садамі.
P     , .
Pуіны бальніцы і касцёла Святога Духа, Шыдлаў.Autorstwa Jakub Hałun - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=879241

Шыдлаў (Szydłów) - адзін з нешматлікіх гарадоў у цэнтральнай Польшчы з настолькі добра захаванай сярэднявечнай абарончай сістэмай і надзвычай каштоўнымі помнікамі архітэктуры. У сярэдзіне XIV стагоддзя кароль Казімір Вялікі пабудаваў тут умацаваны замак і касцёл Святога Уладзіслава. Горад быў акружаны абарончай сцяной з трыма брамамі: Кракаўскай, Апатоўскай і Вадзяной.

Першая згадка пра Шыдлаў датуецца 1191 годам. У наступныя стагоддзі град ператварыўся ў гандлёвае паселішча. Шматлікія згадкі пра знаходжанне тут князя Баляслава Сарамлівага могуць сведчыць пра тое, што тут знаходзілася таксама ягоная сядзіба. На пачатку XIV стагоддзя мясціна атрымала магдэбургскія гарадскія правы ад караля Уладзіслава Лакетка.

Узведзены каралём Казімірам Вялікім замак меў форму падоўжанага шматвугольніка і быў пабудаваны на краі 10-метровага стромкага схіла, які абараняў аб’ект з поўначы і захаду. Для пабудовы быў выкарыстаны мясцовы вапняк. Галоўны дом замка быў узведзены ўздоўж паўночнай сцяны. Уваход у замкавы комплекс быў змешчаны ва ўсходняй сцяне.

У канцы праўлення Казіміра Вялікага альбо на пачатку кіравання яго пераемніка Людовіка Венгерскага замак быў разбудаваны жылой часткай. Галоўным будынкам новай часткі быў мураваны гатычны палац, размешчаны ў паўднёва-заходняй частцы комплекса. Палац меў багаты мураваны дэкор і абаграваўся цёплым паветрам, пры дапамозе печак па грэчаскім узоры. Дарэчы, дзве гэткія печкі захаваліся ў замку да нашага часу.

Замкавы комплекс, Шыдлаў. Autorstwa Jerzy Strzelecki - Praca własna, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3058363 Замкавы комплекс, Шыдлаў. Autorstwa Jerzy Strzelecki - Praca własna, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3058363

На працягу стагоддзяў каралеўскі замак у Шыдлаве, як і шмат іншых каралеўскіх рэзідэнцый, неаднойчы пашыраўся і мяняў свой архітэктурны стыль. Канец XV і пачатак XVІ стагоддзяў – гэта  пачаткам гэтых змен. Больш менш у гэтым часе замак пачаў губляць сваё значэнне, як каралеўская рэзідэнцыя, а пазней таксама, як крэпасць. У тым ліку былі знесеныя абедзве вежы, а на іх месцы быў пабудаваны двухпавярховы будынак, г.зв. Скарбчык.

На працягу стагоддзяў Шыдлаў часта пакутаваў ад пажараў. У выніку аднаго з іх, у 1541 годзе, быў знішчаны практычна ўвесь горад, у тым ліку і замак.

Уварванне войскаў трансільванскага князя Дзьёрдзьа ІІ Ракочага і Шведскі патоп прынеслі далейшыя разбурэнні. Не абмінулі Шыдлава таксама Паўночныя войны. Да канчатковага знішчэння прычыніліся войскі Напалеона, якія ў замку арганізавалі канюшню.

У 1822 годзе замкавы комплекс у Шыдлаве быў выстаўлены на аўкцыён. Аднак, дзякуючы багатым у вапняк навакольным шахтам, ахвотных купіць і разабраць замкавыя сцены для будаўнічага матэрыялу не было. Дзякуючы гэтаму замак і захаваўся да нашых часоў.

Замкавы комплекс у Шыдлаве. Autorstwa Jakub Hałun - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=882827 Замкавы комплекс у Шыдлаве. Autorstwa Jakub Hałun - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=882827

Шыдлаў быў у значнай ступені пашкоджаны ў выніку ваенных дзеянняў 1944–1945 гадоў. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны па ініцыятыве мясцовага пробашча адбыліся спробы па аднаўленні значнай часткі замка і абарончых сценаў. У 1930-я гады ля ўсходняй сцяны быў узведзены школьны будынак, а затым і трэнажорная зала. Згаданыя працы выклікаюць шматлікія сумневы гісторыкаў.

Пасля рэканструкцыі ў 2019 годзе замкавы комплекс быў пакрыты дахам і прыстасаваны для турыстычнага руху. Цяпер тут праводзяцца розныя мерапрыемствы на свежым паветры, у тым ліку Рыцарскі турнір за меч караля Казіміра Вялікага.
У замку можна наведаць прыватную каралеўскую залу, камеру катаванняў, а таксама  ўнікальны ў Польшчы помнік тэхнікі -  сярэднявечныя печы-гіпакаусты, якія выкарыстоўваліся для абагравання замка цёплым паветрам.

У замкавым комплексе месціцца таксама Музей каралеўскіх замкаў - адзіны падобны аб'ект у Польшчы, які паказвае гісторыю замка ў Шыдлаве ў шырокім еўрапейскім кантэксце. Музей месіцца ў Скарбчыку.

Да нашых часоў захаваліся чатыры фрагменты гістарычных абарончых сцен, даўжынёй прыкладна ў 700 метраў. На сцены можна падняцца ўваходам ля Кракаўскай брамы.

Кракаўская брама, Шыдлаў. Autorstwa Ks2836 - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=47343212 Кракаўская брама, Шыдлаў. Autorstwa Ks2836 - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=47343212

У паўночнай частцы сярэднявечнага горада, акружанага абарончымі сценамі, знаходзіцца найстарэйшая ў цэнтральнай Польшчы сінагога. Пасля аднаўлення святыня лічыцца найлепш захаваным аб'ектаў такога тыпу ў Польшчы. У цяперашні час сінагога больш не выкарыстоўваецца для рэлігійнага культу. Тут месціцца Гарадскі культурны цэнтр і пункт турыстычнай інфармацыі.

Адным з найстарэйшых помнікаў архітэктуры Шыдлава з’яўляецца касцёл Усіх святых з цудоўнай гатычнай фігурнай паліхроміяй з канца XIV стагоддзя.

Kасцёл Усіх святых . Autorstwa Jakub Hałun - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons. wikimedia. org/w/index.php?curid=58245272 Kасцёл Усіх святых . Autorstwa Jakub Hałun - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons. wikimedia. org/w/index.php?curid=58245272

Варта паглядзець таксама руіны бальніцы і касцёла Святога Духа. Аб'ект быў пабудаваны ў XVIІ стагоддзі. Пасля аднаўлення ў 2018-2019 гадах ён быў адкрыты для турыстаў. Гэта цікавы прыклад аб'екта, які спалучае дзве функцыі - рэлігійнага культу і шпіталя.

У сваю чаргу касцёл святога Уладзіслава, як адзіны архітэктурны помнік у Шыдлаве, быў пабудаваны не з вапняка, а з цэглы. Касцёл быў узведзены каралём Казімірам Вялікім, паводле легенды – гэта адзін з сямі касцёлаў пабудаваных каралём у знак пакаяння за грэх забойства.

Шыдлаў  – гэта  польская сталіца слівы. /congerdesign/pixabay.com/CC0 Public Domain Шыдлаў – гэта польская сталіца слівы. /congerdesign/pixabay.com/CC0 Public Domain

Аднак, Шыдлаў і ваколіца – гэта не толькі каштоўныя гістарычныя помнікі, але таксама польская сталіца слівы. Гэта найбуйнейшы ў Польшчы рэгіён, дзе вырошчваецца больш за 40 розных відаў слівы. У сезон ураджаю слівы можна набыць непасрэдна ў вытворцаў. Слівавае павідла ці вэнджаную сліву можна купіць у турыстычных і інфармацыйных пунктах у горадзе.

Штогод у Шыдлаве адбываецца буйное мерапрыемства пад адкрытым небам - Свята слівы альбо Дні Шыдлава, падчас якіх прасоўваецца гэтая смачная садавіна з мясцовых садоў.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу