Беларуская Служба

Польскае радыё падрыхтавала партал пра кардынала Стэфана Вышыньскага

28.05.2021 09:54
Сёння – 40-я гадавіна смерці кардынала Стэфана Вышыньскага, вядомага як прымас тысячагоддзя.
Аўдыё
  • 40-ая гадавіна смецрі Стэфана Вышыньскага
Materiał promocyjny
Materiał promocyjnyAnna Szmida/PR

Прымас Вышыньскі ўзначальваў Каталіцкі касцёл у Польшчы ў 1948-1981 гадах. Па яго ініцыятыве ў 1965 годзе польскі епіскапат накіраваў пасланне нямецкім біскупам, у якім былі словы прабачэння і просьба аб прымірэнні абедзвюх нацый. У сваіх дзеяннях ён кіраваўся дабром Касцёла і польскім дзяржаўным правам. Выступаючы ад імя нацыі, ён таксама абараняў правы людзей іншых веравызнанняў і няверуючых.

Камуністычныя ўлады, якія змагаліся з Касцёлам, арыштавалі і інтэрнавалі іерарха на тры гады без суда і без магчымасці абароны. Непахіснае стаўленне прымаса ацанілі нават яго палітычныя апаненты.

Падчас апошняй працэсіі Божага Цела ў Варшаве ў 1953 годзе кардынал Стэфан Вышыньскі сказаў:

-Дзеці мае, суправаджаючы вуліцамі нашай сталіцы жывога Бога мы разважаем цудоўныя, прарочыя словы: Божая мудрасць збудавала сабе дом, накрыла стол. Гэта Бог, які хоча жыць сярод людзей.

Ён быў не толькі выдатным духоўным лідарам, але і дзяржаўным дзеячам, маральным аўтарытэтам і духоўным сутворцам сацыяльных змен, якія прывялі да падзення камунізму ў Польшчы. Ён жыў у надзвычай цяжкія часы, але ніколі не губляў надзеі, кажа ксёндз прафесар Здзіслаў Кіяс, які мае дачыненне да працэсу беатыфікацыі кардынала Стэфана Вышыньскага.

-Я называю яго заступнікам безвыходных сітуацый. Ён жыў у розныя часы. Па-чалавечаму кожны час здаваўся безвыходным. А кардынал стала меў надзею, што будзе лепш. Яго бэатыфікацыя вельмі важная, паколькі паказвае не толькі святога чалавека, але паказвае асобу, якая пераўзыйшла ўсе падзелы. З аднаго боку Вышыньскі заплакаў, але з другога быў прарокам, які заклікаў аб'яднацца.

12 верасня ў Варшаве пройдзе цырымонія беатыфікацыі прымаса Стэфана Вышыньскага, перанесеная з чэрвеня мінулага года (з-за абмежаванняў пандэміі). Прымас Тысячагоддзя будзе ўнесены ў лік блаславёных разам з Ружай Чацкай – апякункай сляпых і заснавальніцай Кангрэгацыі сясцёр-францішканак служак Крыжа.

З нагоды 40-й гадавіны смерці кардынала Стэфана Вышыньскага Польскае радыё ў супрацоўніцтве з Музеем Яна Паўла ІІ і прымаса Вышыньскага падрыхтаваў спецыяльны сайт, прысвечаны гэтаму вялікаму лідару Каталіцкага касцёла ў Польшчы.

Дзякуючы архіўным гукам карыстальнікі інтэрнэту таксама даведаюцца пра іншы, асабісты бок гэтай знакавай фігуры – кажа сутворца сайта Бартламей Макоўскі:

-Сервіс wyszynski.polskieradio.pl – гэта мультымедыйны, інтэрактыўны партрэт прымаса тысячагоддзя. Дзякуючы архіўным выказванням прымаса карыстальнік парталу мае шанец пазнаёміцца з постаццю з цалкам іншага, часамі нечаканага боку – як чалавека з пачуццём гумару, філосафа ці эколага, урэшце чалавека, якога сустрэла цяжкая хвароба.

Стваральнікі сайта wyszynski.polskieradio.pl выкарысталі багатыя гукавыя калекцыі архіва Польскага радыё, Радыё «Свабодная Еўропа» і запісаў Інстытута прымаса. Сярод іх ёсць фрагменты гамілій прымаса, успаміны сямʼі і самых блізкіх сяброў. На вэб-сайце слухачы знойдуць выказванні прымаса Вышыньскага пра чалавечнасць, пакліканне, смутак, любоў Бога, шчасце, дзяцей, працу ці сямʼю.

На сайце stefawyszynski.pl прадстаўлены найбольш важныя падзеі ў жыцці прымаса тысячагоддзя і ўплыў яго аўтарытэту на масы вернікаў, а таксама яго адпор атакам камуністычных улад.

Партал упрыгожаны багатымі фотакалекцыямі, а таксама на ім размешчаны дакументальныя фільмы з найбольш важных месцаў, звязаных з кардыналам Стэфанам Вышыньскім.

ав


Больш на гэтую тэму: Багацце веры

Польшча ўзгадвае «прымаса тысячагоддзя» Стэфана Вышыньскага

28.05.2020 12:50
Прымас Польшчы Стэфан Вышынскі быў духоўным лідарам польскага супраціву камуністычнай гегемоніі. 

2021 год у Польшчы абвешчаны годам кардынала Стэфана Вышыньскага

03.12.2020 16:07
Стэфан Вышынскі вядомы сваім супрацівам дзвюм таталітарным сістэмам – нацызму і камунізму, сваімі намаганнямі па абароне каталіцкай царквы, калі Польшча знаходзілася пад камуністычным панаваннем