Беларуская Служба

Польскія студэнты распрацавалі працэс атрымання веганскага камамбера

03.06.2021 14:11
Камамбер – гэта гатунак мяккага тлустага сыра, вырабляецца з каровінага малака.
Аўдыё
  • Польскія студэнты распрацавалі працэс атрымання веганскага камамбера.
.    .
Камамбер. Здымак мае ілюстрацыйны характар.AlbanyColley/pixabay.com/CC0 Public Domain

Група з дзевяці студэнтаў Варшаўскага палітэхнічнага ўніверсітэта стварыла праект, які тэарэтычна дазваляе вырабляць веганскі сыр камамбер.

Стваральнікамі незвычайнага праекта з’яўляюцца студэнты новага Практычнага факультэта хіміі Варшаўскага палітэхнічнага ўніверсітэта. У чым заключаецца адметнасць самога факультэта, расказвае адзін з аўтараў праекта Максіміліян Солька(Maksymilian Solka):

- У рамках заняткаў у нас шмат сустрэчаў з прадстаўнікамі розных галін прамысловасці, рознымі кампаніямі. Мы наведваем розныя заводы і фабрыкі, назіраем за іх вытворчым працэсам. Падчас, калі традыцыйны рэжым вучобы прадугледжвае стацыянарнае навучанне і рашэнне задачаў разам з выкладчыкам, то студэнты практычнага факультэта маюць больш самастойнай працы, удзельнічаюць у большай колькасці індывідуальных праектаў. Выкладчык назірае за тым, што мы робім самі дома. Менавіта ў рамках аднаго з гэткіх праектаў узьнікла ідэя стварэння кампаніі «Сварог»(«Swaróg»).

Удзельнікі праекта стварылі, пакуль віртуальны праект кампаніі «Сварог». Адкуль такая назва тлумачыць удзельнік праекта Аляксандр Сэндароўскі(Aleksander Senderowski):

- Па-першае, слова «Сварог» атаесамліваецца нам з тварогам, то бок веганскім сырам, які мы распрацавалі. Па-другое, назва мае славянскія карані, паколькі Сварог – гэта ў славянскай міфалогіі бог неба, нябеснага агню. У будучыні мы хочам пашырыць наш брэнд на шмат іншых прадуктаў.

Для якіх спажыўцоў будзе адрасаваны згаданы прадукт?

- Ён, перш за ўсё, накіраваны для людзей, якія харчуюцца паводле веганскай дыеты, для асобаў з непераноснасцю лактозы, а таксама для асобаў, для якіх якасць прадукту важнейшая, чым цана.

Як выглядала падрыхтоўка праекта, расказвае Максіміліян Солька:

- Калі мы ўжо вызначылі, што на рынку адсутнічае такі прадукт, як веганскі камамбер, спачатку мы былі прымушаны распрацаваць сам тэхналагічны працэс яго атрымання. Працу ўскладняў факт, што мы былі прымушаныя працаваць у дыстанцыйным рэжыме і гэта ў настолькі буйной групе.

З праектам былі звязаныя таксама шматлікія козыры, кажуць студэнты:

- Праект меў шырокі інтэрдысцыплінарны характар. Ён закранаў шмат галінаў не толькі хімію ці перапрацоўчую прамысловасць. Дзякуючы гэтаму мы шмат чаму навучыліся і паглядзелі на праблему з многіх бакоў.

Удзел у праекце меў таксама іншае практычнае вымярэнне:

- Ад пачатку праекта я шмат даведаўся пра вытворчы працэс такіх прадуктаў, як сыры, ёгурты, кефіры, марынаваныя агуркі, хлебная закваска іг.д. То бок прадукты, якія ўзнікаюць з выкарыстаннем мікраарганізмаў.

Як мы ўжо згадалі студэнцкі праект мае пакуль віртуальную формулу. А што, калі б на яго аснове заснаваць сапраўдную гаспадарчую дзейнасць?

- Добра было б атрымаць задавальненне ад таго, што прадукт высакаякасны, добры і смачны. Напэўна мы былі б вельмі задаволены, калі б на практыцы ўдалося ажыццявіць тэорыю студэнцкага праекта і нашую пяцігадовую працу.

Для аўтараў праекта важным з’яўляецца таксама даказаць, што студэнцкія ідэі, таксама маюць патэнцыял, кажа Аляксандр Солька:

- Добра было б даказаць, што студэнты таксама ўмеюць заснаваць такую кампанію і рэалізаваць нейкі маштабны праект; што з ідэі некалькіх асобаў можа ўзнікнуць нейкі цікавы праект.

Нагадваем, камамбер – гатунак мяккага тлустага сыра, які вырабляецца з суцэльнага каровінага малака, у якое часам дадаюць невялікую колькасць абястлушчанага малака. Сыр мае востры, пікантны, трохі падобны да грыбнога смак, а колер ад белага да светла-сметанковага.

Звонку камамбер пакрыты пухнатай белай скарыначкай, утворанай спецыяльнай сырнай цвіллю відаў Penicillium camemberti або Penicillium candidum. Пры вытворчасці камамбера ў гарачае надвор'е ўзнікаюць цяжкасці, таму сыр звычайна робяць у перыяд з верасня па травень.

Лічыцца, што першы камамбер быў выраблены ў 1791 годзе ў Нармандыі сялянкай Мары Арэль. Паводле легенды, жанчына падчас Вялікай французскай рэвалюцыі выратавала ад смерці манаха, які ў падзяку адкрыў ёй вядомы толькі яму сакрэт прыгатавання гэтага сырa.

*Cа студэнтамі Варшаўскага палітэхнічнага ўніверсітэта, якія ў рамках студэнцкага праекта распрацавалі веганскі варыянт камамбера размаўляў Войцех Урбан.
аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка