Беларуская Служба

Чатырохгадовая расіянка вывучае 14 моваў – інтэрв’ю з яе мамай

14.06.2021 14:18
«Калі ёй споўнілася тры гады яна ўжо добра зразумела, што мовы розныя і да каго на якой трэба звяртацца».
Аўдыё
  • Якім чынам можна зрабіць вывучэнне моваў цікавым і захапляльным для дзіця?
   ,
Елізавета і Оля Калугіны, якія разам вывучаюць чатырнаццаць моваўФота ўласнае

Пра метады, мэты і сам працэс вывучэння з мамай Олі Елізаветай Калугінай размаўляе Альберт Ежы Вяжбіцкі.

Добры дзень, Елізавета. Вы разам з дачкой вельмі актыўна вывучаеце мовы. На вашым інстаграме можна прачытаць, што вы вучыце 14 моваў. Гэта захапляльна. Раскажыце, адкуль ідэя і якім чынам вы гэта робіце?

-Я сама паліглотка і заўсёды марыла вырасціць мультылінгвальнае дзіця. І з нараджэння я з дачкой, Оляй, пачала размаўляць на розных мовах. У асноўным гэта былі руская, англійская, іспанская і французская. Руская – мая родная, а астатнім я вучу людзей. Потым дадавала мовы падчас падарожжаў. Потым я прыдумала схему, спосаб, які я называю штучны мультылінгвізм. Пад кожную мову я падбіраю мультфільм, героя, якога Оля вельмі любіць. І менавіта гэты герой матывуе дачку пагуляць на гэтай мове. Напрыклад, бярэм мульцік, глядзім яго, нават на невядомай нам яшчэ мове, і калі Олі падабаецца, мы купляем кнігі, цацкі і вывучаем з дапамогай гэтага героя. Калі мы пачыналі венгерскую мову, напрыклад, у нас доўга было пасіўнае вывучэнне. Я чытала ёй кнігі, а яна глядзела мультфільмы, а потым ужо падключалі носьбітаў да гульняў і размоваў і мова хутка вырывалася наперад.

Олі ўсяго чатыры гады і яна, на розным узроўні канешне, ведае 14 моваў. Нават дарослыя людзі блытаюць падобныя мовы, калі ведаюць іх не 14, а чатыры. Як вы спраўляецеся з гэтым пытаннем? Ці ўвогуле Оля свядомая, што гэта ўсё розныя моўныя коды?

-Канешне, на пачатку Оля, як амаль усе дзеці, змешвала мовы. Яна ведала некалькі слоў на англійскай, два-тры па-французску і некалькі словаў па-руску. І на самой справе ў яе родная мова англійская. Нягледзячы на тое, што я да яе многа казала па-іспанску, яна адказвала мне па-англійску. У выніку англійская - наша агульная мова. Аднак, паколькі ўсе родныя расійскамоўныя, яна з дзяцінства разумела, што не ўсе яе разумеюць. Калі сябры ці сям’я казала ёй «скажы па-руску», яна адразу разумела, што да іх трэба звяртацца на адной мове. Прычым, яна прывыкла да таго, што ўсе разумеюць англійскую. У нас настаўнік французскай, з якім яна гуляецца два разу ў тыдзень, і да яго Оля звярталася спачатку па-англійску, бо ведала, што ён яе зразумее. І калі ў нас з’явілася настаўніца кітайскай мовы, якая не разумела англійскую, Оля была ў шоку. Яна не магла зразумець, якім чынам хтосьці не разумее англійскай. Аднак, калі ёй споўнілася тры гады яна ўжо добра зразумела, што мовы розныя і да каго на якой трэба звяртацца.

А ці бывалі выпадкі, калі Оля адмовілася вучыць нейкую мову? Ці ўвогуле думаеце, што існуе нейкі ліміт моваў, якія можа вывучыць дзіцё?

-Зараз мы вывучаем 14 моваў. На некаторых з іх размаўляем свабодна, некаторыя мы блытаем, напрыклад, італьянскую і іспанскую. Зусім нядаўна мы падключылі ісландскую. Яна цяжэй за, напрыклад, шведскую або англійскую, але Оля яшчэ ні разу не адмовілася, не сказала што «зашмат моваў». Яна цікавіцца. Калі мы глядзелі мульцік на каталонскай, яна пыталася, хто размаўляе на такой мове? Я сказала, што пакуль ніхто, нам трэба выбраць героя. Я стараюся выбіраць мульцікі так, каб ёй спадабалася. Часам яна спявае ўводныя песні з іх. Оля яшчэ ніколі не адмовілася вучыць новую мову і ў нас пакуль лімітаў не было.

Гэта ўсё гучыць вельмі захапляльна і думаю, што цяперашнія або будучыя бацькі могуць зараз запытацца: «Добра, а калі я б хацеў, каб мае дзіцё вучыла мовы, што рабіць? З чаго пачынаць?» Якія парады вы б далі бацькам?

-Я лічу, што калі бацькі хочуць вучыць самастойна, па-першае, яны павінны самі ведаць мову. Можа нават не размаўляць яшчэ свабодна, але ўсё ж такі ведаць на сярэднім узроўні. Калі ў бацькоў будуць пачатковыя веды, то гэта будзе цяжка. І ім і дзіцяці. Мы з Оляй у асноўным гуляем. Таму, каб гуляць на мове, трэба ўмець складаць простыя сказы і не правяраць кожнае слова ў слоўніку. Трэба памятаць, што гэта не спрынт, а марафон. Не варта чакаць вынікаў праз дзве гадзіны ці нават праз два тыдні, бо веды накопліваюцца і бацькам трэба, па-першае, ведаць, чаму яны хочуць навучыць і мець пазітыўны настрой. Бо дзеці гэта адчуваюць – калі нам не цікава, ім таксама не будзе. Важна, каб займацца рэгулярна і сачыць за зацікаўленнямі дзяцей. Напрыклад, я калісьці рыхтавала мікраўрок кітайскай мовы для Олі і я сама вывучыла назвы жывёл, а яна не хацела гуляць з жывёламі. І я не ведала ўжо як пераключыцца, забраніравала ўрок з носьбітам. Таму варта сачыць. Калі хлопец або дзяўчынка любяць машынкі, тады пачынаем з іх і вучым усё на гэтую тэму, нават калі вам не цікава або здаецца, што гэта «непатрэбнае». Гэта не так. Калі людзі любяць дыназаўраў, што для нас, бацькоў, можа здавацца некарысным, хай вучаць усё пра дыназаўраў. Гэта цікава дзіцяці і яно такім чынам будзе больш ахвотна вучыцца, пачынаючы з таго, што яго больш за ўсё захапляе.

Дзякуй вялікі за размову. Я нагадаю, што нашым суразмоўцам была Елізавета Калугіна, якая разам са сваёй дачкой вывучае 14 моваў. За іх прыгодамі можна сачыць на акаўнце ў інстаграме @polyglotmama.


Альберт Ежы Вяжбіцкі