Беларуская Служба

Гісторыі палітычных бежанак з Беларусі: рашэнне прымалі, калі пачыналі ціснуць праз дзяцей

15.06.2021 15:04
Усе яны перакананыя, што не рабілі нічога дрэннага, толькі змагаліся за права на сумленныя выбары.
Аўдыё
  • Гісторыі жанчын, якія збеглі з Беларусі
Ілюстрацыйны здымакфотаЖ Pixabay.com/diema/CC0 creative commons

У Польшчу працягваюць прыбываць палітычныя бежанцы з Беларусі. Канешне, плынь асоб, якія спазналі на сабе рэпрэсіі, цяпер меншая, чым была восенню мінулага года, але надалей сюды, а таксама ў іншыя краіны-суседкі Беларусі – Літву, Украіну, надалей прыязджаюць асобы, якім на радзіме пагражае турма. Мы сабралі некалькі гісторый такіх людзей.

Прытулак у Польшчы знайшла, у прыватнасці, Алена Янушкоўская – грамадская актывістка і блогерка з Віцебску, якая прадстаўляе Нацыянальную раду партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя. З 2017 году Алена вядзе свой канал на YouTube «Сапраўдная Беларусь». Алена адзначае, што ёй з дачкой рашэнне аб выездзе прыйшлося прыняць вельмі хутка.

- Я пачынала з сацыяльных праблем, а пазней, як кажуць, эканоміка – палітыка – гэта браты-блізняты, я пайшла ў палітыку. За ’20 год мяне затрымлівалі 14 разоў: я здымаю стрым – мяне кідаюць у ізалятар, а там – як пашанцуе – або вялізны штраф, або адседка. У выніку судзілі таксама маю дачку, якая мяне падтрымлівала, хадзіла на пратэсты. Выехаць з краіны нас схілілі ператрусы, як у мяне, так і ў маёй дачкі, у дачыненні якой была ўзбуджана крымінальная справа паводле наркатычнага артыкулу. Гэта ўжо перайшло ўсе межы. Акрамя таго, ёй пагражалі адабраць дзяцей, пасля гэтага ператрусу да яе пачалі прыходзіць прадстаўнікі службы апекі. Яна ім не адчыняла дзверы. Міліцыянеры, якія нам спачувалі, папярэдзілі, што трэба неадкладна пакідаць краіну, інакш мы сядзем у турму. Мы хутка сабраліся, узялі толькі самае неабходнае – па 10 кілаграмаў торбы. І выехалі – мы і двое дзяцей.

Аксана Баюсава таксама была актыўнай у сацыяльных сетках, яна яшчэ да выбараў старалася давесці да як мага большай колькасці людзей інфармацыю пра неабходнасць нешта рабіць, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі. Аксана добра ведала, якім чынам адбываецца фальсіфікацыя.

- Да гэтага падчас некалькіх выбараў я была членам выбарчай камісіі, я бачыла, як падрабляюць вынікі выбараў, таму была ўпэўненая, што на гэты раз будзе тое ж самае, нашых галасоў ніхто сумленна не палічыць. Я выходзіла на акцыі пратэсту, апошні раз выйшла 25 кастрычніка ў Барысаве, калі Святлана Ціханоўская заклікала да забастоўкі. Мяне затрымалі, прысудзілі штраф, дома быў ператрус. А калі Лукашэнка выдаў загад, што 20 снежня зачыняць межы, я зразумела, што будуць прэсаваць усіх. Падзеі гэта пацвердзілі – усім зноў давалі «суткі», штрафы. Пад канец снежня я забрала сына і выехала ва Украіну. Я была ўпэўнена, што праз тры-чатыры месяцы мы пераможам і ўсе вернемся дадому. Ва Украіне я падала дакументы на польскую візу і ў студзені мы прыехалі сюды.

Кацярына папрасіла не называць яе прозвішча. Яна паходзіць з малога гораду, пасля выбараў 9 жніўня ўдзельнічала ў акцыях пратэсту разам з братам. Яна была затрыманая, атрымала некалькі сутак пакарання, падчас суду аказваўся прэсінг на жанчыну як маці.

- Суддзя намякнуў мне, што я – дрэнная маці. Дарэчы, было шмат знявагаў, што я, маўляў, «недажанчына» і «недачалавек», навошта я туды лезу, у мяне ж вышэйшая адукацыя! Далі мне 10 «базавых». Яшчэ ў мяне спыталі, ці напэўна ў мяне ёсць дзіця. У верасні мяне выклікалі ў Следчы камітэт у Мінск і ў Гродна, па тэлефоне. Я адмовілася. Тады мяне знайшлі праз маіх бацькоў. Калі мяне затрымалі, мне было вельмі крыўдна, паколькі я нічога дрэннага не зрабіла. Мяне правяралі, ці я – не алкагалічка, на мяне шукалі доказаў, што я – наркаманка. Пасля вызвалення мне не выдалі пратаколу затрымання, а гэта было першы раз, калі мяне затрымлівалі, я не ведала, што павінны выдаць пратакол. Да гэтага са мной праводзілі гутарку, хацелі, каб я падпісала паперу, што больш не буду выходзіць на акцыі пратэсту. Я сказала ім – гэта маё права, вы парушаеце мае грамадзянскія правы – свабоду слова, свабоду перамяшчэння. Я зноў выходзіла на жаночыя маршы, мы рэальна думалі, што можам нешта змяніць. У верасні мяне зноў выклікалі ў Следчы камітэт, выпытвалі, хто мяне схіляў удзельнічаць у пратэстах. За мной сачылі: сцяг знялі ў нас у горадзе – прыйшлі да мяне, лістоўкі раздаюць – зноў да мяне. Апошняй кропляй стала тое, што да мяне пачалі прыходзіць з органаў апекі, пісаць пратаколы, у якіх умовах пражывае маё дзіця. Я зразумела, што будуць ціснуць праз дачку, і вырашыла выязджаць. У Польшчу нам удалося праехаць без візы, мяне толькі спыталі на мяжы пра мэту паездкі. Я вельмі ўдзячная маладому чалавеку на мяжы, які нас прапусціў. Мужчына, які нас вёз, расказваў, што нейкі хлопец чатыры разы спрабаваў выехаць з Беларусі без візы, яго не выпускалі. А па польскім баку мяжы наш кіроўца патлумачыў, навошта мы прыехалі, і нас за некалькі гадзін аформілі на каранцін, і так мы засталіся ў Польшчы.

Цяпер Алена, Аксана ды Кацярына, разам з дзецьмі і ўнукамі, знаходзяцца ў лагеры для ўцекачоў у Варшаве. Праз тыдзень мы працягнем тэму і распавядзем пра іх уражанні ад стаўлення да іх польскай дзяржавы і жыхароў Польшчы.

нг