Беларуская Служба

Рэжым выкарыстоўвае Рамана Пратасевіча з мэтай падарваць дух апазіцыі

16.06.2021 09:06
Публічныя выступленні затрыманага блогера павінны аслабіць упэўненасць і веру апазіцыі ў перамогу.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Andrys/pixabay.com/CC0 Public Domain

На старонках газеты Rzeczpospolita публіцыст Лукаш Важэха вяртаецца да справы Рамана Пратасевіча. Спосаб затрымання незалежнага блогера выклікаў асаблівыя эмоцыі пасля таго, як галоўная рэдактарка беларускамоўнага тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска пракаментаравала інтэрв'ю, якое са зняволеным Пратасевічам паказала беларуская дзяржаўная тэлевізія. Рамашэўска напісала тады: «Яны, відаць, растапталі Пратасевіча... Частку жыцця змарнавалі яму лукашысты, частку – ён сам. Беларусы праходзяць паскораную школу мужнасці, баязлівасці, ахвярнасці, эгаізму, салідарнасці, бунту і здрады», – напісала Агнешка Рамашэўска.

Цяпер беларускі рэжым зрабіў чарговы крок. Пратасевіча паказалі на прэс-канферэнцыі, дзе ён актыўна абараняў рэжым і запэўніў, што гатовы адпакутаваць за свае «злачынствы».

Паводле публіцыста выдання Rzeczpospolita, беларускі рэжым не спадзяецца, што хтосьці паверыць словам блогера. Хутчэй за ўсё хоча, каб яго стаўленне разбурыла ўпэўненасць і веру апазіцыі ў сабе, што ў значнай ступені можа аказацца паспяховым.

аз