Беларуская Служба

Беларускі прадпрымальнік: мы трапілі ў спіс прадпрыемстваў, якія трэба ліквідаваць

06.07.2021 13:05
У спісе было амаль 400 прадпрымальнікаў, 200 прадпрыемстваў было з Мінска.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымак фота: Pixabay/geralt/CC0 Creative commons

Госць сённяшняй перадачы – Аляксандр Валодзін – прадпрымальнік з Беларусі, які ў мінулым годзе ў экстраным парадку выехаў у Польшчу, паколькі на радзіме яму пагражала крымінальная справа.

Спадар Аляксандр выехаў з Беларусі пад канец лістапада. У яго быў свой рэстаранны бізнес, яму прыйшлося закрыць усе аб’екты і звольніць усю каманду – 25 чалавек. Чаму беларускія ўлады пачалі пераслед яго фірмы?

- Мы напісалі пост пра салідарнасць за 26 кастрычніка. Яго апублікаваў Тут.бай. Гаворка ішла пра рабочых, якія пачалі забастоўку і пра тыя прадпрыемствы, якія страйкавалі. Пасля гэтага ў нас пачаліся праверкі, было праведзена 7 праверак, а таксама былі ўзбуджаныя чатыры адміністрацыйныя судовыя справы, адбыліся два эканамічныя суды. Справа дайшла да пракуратуры, нам пагражала крымінальная адказнасць. Так што прыйшлося хутка з’язджаць. Я нават не стаў разбірацца і чакаць, якое абвінавачанне нам выставяць. У сілавых органаў быў цэлы спіс прадпрымальнікаў. Гэты спіс нам удалося раздабыць. У спісе было амаль 400 прадпрымальнікаў, 200 прадпрыемстваў было з Мінска. Зорачкай былі пазначаныя тыя фірмы, якія неабходна цалкам ліквідаваць. І якраз пры нашай кампаніі была зорачка. Я нават не ведаю, чаму так сур’ёзна да нас паставіліся. Так што шанцаў у нас было мала.

Спадар Аляксандр кажа, што гэты загад – па ліквідацыі двух соцень самых нелаяльных прадпрыемстваў, быў выдадзены самім кіраўніком дзяржавы, таму сілавыя структуры выконвалі яго з такім імпэтам.

- На народным сходзе Лукашэнка сказаў, што гэта паводле яго загаду неабходна было ліквідаваць 200 прадпрыемстваў, што ў нас прадпрымальнікаў трэба выпальваць гарачым жалезам. Таму не было сэнсу кудысьці хадзіць, апраўдвацца, нешта даказваць, каб цябе з гэтага спіску выкінулі. Вось такая гісторыя, нам не пашанцавала трапіць у спіс, які ішоў зверху.

Госьць нашай перадачы, як і сотні, а можа і тысячы іншых беларусаў, якія раней вялі свае кампаніі ў Беларусі, быў прымушаны вельмі хутка сабрацца і пераязджаць у Польшчу. Тут дзейнічае праект Poland.Business Harbour, які стартаваў у верасні мінулага году. У рамках праекту беларускія кампаніі або асобныя бізнесмены могуць перанесці свой бізнес у Польшчу. У Варшаве спадар Аляксандр пачаў супрацоўнічаць з Беларускім домам. Цяпер ён ладзіць сустрэчы з беларускімі прадпрымальнікамі ды экспертамі з польскага боку. Мэта гэтых сустрэч – па-першае – інтэграцыія саміх беларусаў, а па-другое, магчымасць задаць пытанні польскім спецыялістам.

- З нейкімі прадпрыемствамі, якія збеглі з краіны, я пазнаёміўся тут, мы пачалі кантактаваць. І вырашылі, што неабходна ладзіць нейкія адукацыйныя праекты, каб была сувязь паміж бізнесоўцамі. Вельмі шмат прадпрымальнікаў цяпер сюды прыязджае, але гэта не той пераезд, які ты плануеш, аналізуеш нейкія рызыкі для бізнесу і г.д. Шчыра кажучы, прадпрымальнікі часта з’язджаюць з нічым, без грошай, яны не ведаюць, з чаго пачаць, як адкрыць свой бізнес. Таму для нас было важна зрабіць такі фармат, каб не толькі быў нейкі запрошаны эксперт, але і былі зносіны паміж людзьмі ў камфортнай атмасферы. Гэта таксама каштоўны абмен досведам, паколькі прыходзяць людзі, якія ў Польшчы ўжо здаўна, працуюць тут па 10, і больш гадоў. У іх ёсць паспяховыя кейсы, яны ахвотна дзеляцца ведамі і вопытам.

Беларусы, якія выязджаюць у Польшчу па палітычных матывах, як правіла атрымліваюць візу на адзін год. У многіх людзей цяпер віза ўжо заканчваецца, а не ўсе паспелі разабрацца ў нюансах польскіх законаў, якім чынам падоўжыць права прабывання ў краіне, асабліва цяпер, у часы пандэміі і зачыненай мяжы з Беларуссю. Валодзін кажа, што кіраўніцтва Беларускага дому рэгулярна сустракаецца з прадстаўнікамі ўладаў дзяржавы, каб хадайнічаць за беларусаў.

- Кіраўнцітва Беларускага дому, у прыватнасці, Алесь Зарэмбюк актыўна працуе, сустракаецца з польскімі чыноўнікамі дзеля таго, каб палепшыць сітуацыю людзей з Беларусі. Гэта не толькі прадпрымальнікі, таксама іншыя асобы, якія былі рэпрэсаваныя і ўцяклі ў Польшчу. Шмат ужо зроблена, напрыклад, людзі атрымліваюць гуманітарныя візы ў паскораным парадку, у тым ліку і па рэкамендацыі Беларускага дому. Тут таксама аказваецца медычная дапамога, паколькі важны профіль Беларускага дому – гэта падтрымка бежанцаў і аказанне менавіта медычнай дапамогі пацярпелым. І гэта дапамога аказваецца. Вялізная колькасць людзей прайшла праз санаторыі, шмат чалавек адпраўлялі да лекара. Так што ёсць пастаяннае ўзаемадзеянне з польскімі чыноўнікамі па пытанні, як можна яшчэ дапамагчы або палепшыць сітуацыю тых людзей, якія сюды прыехалі.

нг