Беларуская Служба

Спрыяючы міграцыйнаму крызісу на мяжы, беларускія ўлады ствараюць праблемы для саміх беларусаў

13.07.2021 15:00
Улады Літвы плануюць паставіць мур з калючага дроту на мяжы, каб стрымаць плынь мігрантаў.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/PublicDomainPictures

Мы працягваем тэму міграцыйнага крызісу ў Літве, які нарастае ўжо некалькі месяцаў. На мяжы з Беларуссю практычна кожны дзень затрымліваюць нелегальных мігрантаў, якія просяць палітычнага прытулку ў гэтай дзяржаве Еўрапейскага Саюзу. Улады Літвы плануюць паставіць мур з калючага дроту на мяжы, каб стрымаць плынь мігрантаў, але будаўніцтва працягнецца прыкладна да паловы будучага году.

Літоўцы мяркуюць, што нелегалам спрыяюць беларускія ўлады, у Беларусі наладжаны спецыяльныя каналы міграцыі. Такім чынам у краіне рэалізуюць пагрозу Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў у адказ на санкцыі ЕС, што Беларусь перастане змагацца з нелегальнай міграцыяй. Цяпер яна не толькі не змагаецца, але ўсялякім чынам ёй спрыяе.

У адказ на санкцыі ЕС і падтрымку Літвой беларускай апазіцыі, улады Беларусі дапамагаюць нелегальным мігрантам дабрацца да мяжы. Паводле папярэдняга расследавання, мігранты прылятаюць у Мінск галоўным чынам са Стамбулу і Багдаду ў рамках камерцыйных рэйсаў, пазней іх вязуць на мяжу, яны яе пераходзяць і просяць у Літве прытулку. Нелегальныя мігранты плацяць за падарожжа тысячы еўра. Аб гэтым заявіла камісар Еўрасаюзу па ўнутраных справах, звяртаючы ўвагу на мэтанакіраваныя дзеянні беларускіх уладаў, якія паставілі сабе задачу штучна выклікаць іміграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з Еўрапейсікм Саюзам. З Бруселю перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

- Беларускі рэжым дапамагае ў арганізацыі рэйсаў з нелегальнымі мігрантамі ў Мінск, а пазней памагае ім перайсці мяжу з Літвой. Пра гэта казала камісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан (Ylva Johansson) на сумесным паседжанні камісіяў замежных спраў і грамадзянскіх правоў Еўрапейскага парламенту. Паводле яе словаў, сітуацыя ў Літве на мяжы з Беларуссю сур’ёзная і пагаршаецца. Па інфармацыі Еўраполу, нелегальныя мігранты плацяць за падарожжа 15 тыс. еўра. У адказ на словы Ёхансан Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль прыгразіў Беларусі чарговымі санкцыямі. «Недапушчальна выкарыстоўваць мігрантаў у якасці зброі і нелегальна перакідваць іх праз мяжу», – сказаў ён. Па словах міністра замежных спраў Польшчы Збігнева Раўа, падобныя праблемы назіраюцца таксама ў Польшчы, хаця ў значна меншым маштабе. Польскі міністр адзначыў учора ў Бруселі, што санкцыі ЕС у дачыненні Беларусі можна адмяніць, але першы крок павінны зрабіць беларускія ўлады, каб вырашыць гэты крызіс. Такім крокам павінен быць дыялог з грамадствам і апазіцыяй.

Крызіс, на жаль, можа яшчэ пагоршыцца. У Беларусі 1 ліпеня выйшаў указ прэзідэнта, паводле якога з 15 ліпеня ў краіну без візаў могуць прыехаць грамадзяне 73 краін з мэтаю вакцынацыі. Як мінімум дзіўная задача – вакцынаваць жыхароў іншых краін, калі свае грамадзяне ўсё яшчэ не атрымалі калектыўнага імунітэту, і да гэтай стадыі беларускаму грамадству вельмі далёка. Меркаваннем беларускага апазіцыйнага палітыка, былога старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, ёсць некалькі версіяў, навошта беларускія ўлады прынялі такое права. Адна з версіяў, самая верагодная – беларуская дзяржава становіцца перавалачным пунктам для нелегальных мігрантаў, гэты працэс ладзіцца на дзяржаўным узроўні, але праблемы атрымаюць перш за ўсё не краіны Еўрапейскага Саюзу, а самі жыхары Беларусі, для якіх вялікім цяжарам могуць стаць тыя сотні, а можа і тысячы нелегальных мігрантаў, якім не ўдасца перайсці мяжу з Літвой ці Польшчай, і яны застануцца ў Беларусі, паколькі сродкаў на вяртанне дахаты ў іх ужо не будзе.

- Беларусь павольна, але ўпэўнена становіцца цэнтрам нелегальнай міграцыі ў Еўропе. Добра гэта ці дрэнна – давайце паразважаем. Канешне, ёсць мільёны жыхароў Афрыкі ды Азіі, якія мараць трапіць куды? Так, вы маеце рацыю – зразумела, яны сюды імкнуцца не дзеля таго, каб жыць у Беларусі. Яны намераны трапіць у краіны Еўрапейскага Саюзу. І за гэта яны гатовыя аддаваць апошнія грошы. Таму гэта можа быць даходным бізнесам. Але не толькі. Беларускія ўлады дзейнічаюць паводле прынцыпу «зробім праблемы, зробім камусьці гадасць». Сотні нелегалаў, якіх затрымліваюць сёння на той жа літоўска-беларускай мяжы, самі самастойна не ў стане прайсці гэтую дыстанцыю. І тым больш, прайсці праз мяжу. Гэта значыць, што праблема вырашаецца на дзяржаўным узроўні. Якія могуць быць наступствы? Мы і так на працягу апошніх месяцаў выбудоўваем «берлінскі мур» па перыметру нашай мяжы з Еўрасаюзам ды Украінай. Гэта добра для сярэднестатыстычных беларусаў ці дрэнна? Гэта адны праблемы, паколькі сёння тысячы беларусаў працуюць у краінах ЕС. Сёння дзясяткі тысяч людзей не могуць падарожнічаць па Еўропе, толькі таму, што мы штучна выбудоўваем гэты «берлінскі мур». Канешне, Літва знойдзе магчымасці вырашыць свае праблемы. Гадасці і праблемы мы ствараем для мільёнаў грамадзян Беларусі, для нас з вамі.

У гэтым годзе ў Літву трапіла ўжо нелегальна каля тысячы шасцісот чалавек, гэта ў 20 разоў больш, чым за ўвесь мінулы год. Літва называе гэтыя дзеянні беларускага рэжыму гібрыднай вайной.

нг