Беларуская Служба

Ці магчыма, каб на будучай алімпіядзе ў Парыжы Ціманоўская выступіла за Польшчу?

03.08.2021 12:49
Гэта не так проста, нават калі яна вырашыць застацца жыць у польскай дзяржаве.
       ,   .
Прадстаўнікі СМІ чакаюць каля польскага пасольства ў Токіа, дзе знаходзіцца К. Ціманоўскаяфота: PAP/EPA/FRANCK ROBICHON

Выданне Rzeczpospolita піша пра беларускую лёгкаатлетку, удзельніцу алімпійскіх гульняў у Токіа, якая стала славутай на ўвесь свет, але, на жаль, не за свае спартыўныя дасягненні. Крысціне Ціманоўскай прыйшлося ўцякаць ад прадстаўнікоў беларускага рэжыму, яна правяла ноч з нядзелі на панядзелак у польскім пасольстве ў Токіа.

Ціманоўская была знятая з алімпіяды рашэннем беларускіх уладаў за крытыку чыноўнікаў, яна баялася вярнуцца ў Беларусь, паколькі пасля мінулагодніх выбараў ахвярамі рэпрэсій сталі ўжо звыш 120 непакорлівых спартсменаў. «Яна зразумела, што гэта не проста зняццё з алімпіяды, яе мэтанакіравана хочуць вывезці ў Беларусь. Яна магла б трапіць у турму», – кажа выданню Аляксандр Апейкін з Фонду спартыўнай салідарнасці.

Ціманоўская атрымала ўжо польскую гуманітарную візу. Яна выбрала Польшчу, нягледзячы на тое, што дапамогу ёй прапанавалі таксама чэхі і славакі. Польскія дыпламаты заявілі, што яна зможа працягваць спартыўную кар’еру ў Польшчы, – дадае каментатар выдання Ежы Гашчыньскі.

Спартсменаў у Беларусі любяць, сам Лукашэнка лічыць сябе чалавекам спорту, сына ён паставіў на чале Алімпійскага камітэту, – нагадвае каментатар. Тым большае захапленне выклікаюць тыя, хто адважыўся крытыкаваць уладу. Яны плацяць за гэта высокую цану. І не толькі яны, але таксама іх сем’і. У Беларусі калектыўная адказнасць. Ужо чуваць, што пад каток рэпрэсіяў могуць трапіць сваякі Крысціны. Яе муж выехаў ва Украіну, але бацькі засталіся.

Ці магчыма, каб на будучай алімпіядзе ў Парыжы Ціманоўская выступіла за Польшчу? Гэта не так проста, нават калі яна вырашыць тут застацца, змена дзяржавы, за якую выступае алімпіец, гэта доўгая працэдура, можа быць ужо позна. Аднак гэта другарадная тэма. Важна тое, што Крысціна марыла выступаць за сваю краіну. І напэўна далей марыць аб такой Беларусі, якая дасць ёй такую магчымасць. На жаль, яна і яе суайчыннікі пераконваюцца, што зацікаўленне свету дзеяннямі дыктатара працягвацца нядоўга.

Rzeczpospolita/нг