Беларуская Служба

«Блакітны патруль» ахоўвае балтыйскую прыроду

04.08.2021 19:23
Мора, як агульнадаступнае дабро, часта церпіць ад непрадуманых рашэнняў яго карыстальнікаў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneForum/Robert Neumann

Ці вы задумваліся калі-небудзь, як выглядае пляж пасля таго, як усе з’едуць з адпачынку назад дадому? Або якія віды жывёл з’яўляюцца найбольшай каштоўнасцю Балтыйскага мора і якім чынам яны не выміраюць? Адказ на гэта – «Блакітны патруль».

 З часам, калі на мора ездзіць усё больш людзей, якія выкарыстоўваюць усё больш здабыткаў цывілізацыі, асяроддзе траціць. Таму на Балтыйскім моры, у яго польскай частцы, дзейнічае адмысловая група – «Блакітны патруль WWF», якая займаецца аховай навакольнага асяроддзя і прадухіляе непажаданыя наступствы ад дзейнасці людзей. Лідар групы «Блакітны патруль» Ян Вільканоўскі расказаў на хвалях чацвёртай праграмы Польскага радыё пра галоўныя задачы групы:

-Агулам мы займаемся актыўнай аховай марскіх млекакормячых. Галоўны націск робім на ўсе віды цюленяў і рэдка бачных ля берагу марскіх свінняў, якія пад пагрозай знікнення з Балтыйскага мора. Калі казаць пра птушкі, то гаворка пераважна пра рэдкія віды тыповых балтыйскіх птушак, у тым ліку тры мартыны.

Апошнім часам папулярнымі сталі фоткі з цюленямі на беразе Балтыйскага мора. Па-першае, яны ўсё часцей выходзяць на бераг, па-другое, чалавек пачаў адпачываць ужо ў кожным куце надбалтыйскіх мясцовасцяў, таму цюлені не маюць сваёй прыватнай прасторы, дзе маглі б адпачыць. Адной з задач «Блакітнага патруля» з’яўляецца назіранне за тым, каб цюлені адчувалі сябе камфортна ў асяроддзі, якое пераймае чалавек.

-Канешне, цюлені настолькі вялікія драпежнікі, што яны змогуць пражыць самастойна, аднак трэба ўзяць пад увагу якасць нашага мора. Яно не з’яўляецца лідарам чысціні, нават наадварот. Гэта ўплывае на стан здароўя ўсіх жывёлаў і раслінаў, якія жывуць у ім. Калі цюлені выходзяць на бераг, то мы робім усё, каб яны былі ў бяспецы і маглі адпачыць. Цюлень на пляжы – гэта ўжо нармальная з’ява, яна не павінна здзіўляць турыстаў. Калі «Патруль» распачынаў сваю дзейнасць больш чым 10 гадоў таму – гэта была рэдкасць. Зараз усё часцей мы атрымліваем інфармацыю пра цюленяў на пляжы або побач з людзьмі, якія купаюцца. І гэта нармальна – яны кампанейскія жывёлы. Такім чынам, па-першае, мы стараемся даць ім адчуццё бяспекі, бо цюлені на беразе адпачываюць пасля палявання ці пасля родаў. Ёсць аднак выключэнні – «зоркі». Так мы называем цюленяў, якія вядуць сябе зусім наадварот. У нас быў вельмі папулярны цюлень, які не хаваўся ад людзей, нават мэтанакіравана хадзіў да іх, але зараз мы ўжо яго не бачым. Магчыма ён ўжо дарослы і зразумеў, што чалавек – іншы від.

Ахова жывёлаў – гэта адна з частак працы «Блакітнага патруля». Акрамя таго, каб ахоўваць іншыя віды ад уплыву і непрадуманых паводзінаў турыстаў, эколагі таксама прыбіраюць рэшткі ежы, якія пакідаюць турысты. Смецце – гэта вялікая праблема Балтыйскага мора. Ян Вільканоўскі адзначае, што перыяд пасля заканчэння турыстычнага сезону цяжкі, бо толькі тады натура паказвае наколькі яе забрудзілі:

-Вельмі сумнай карцінкай з’яўляецца тое, што я бачу пасля турыстычнага сезону на пляжы. Пасля першага асенняга шторму агромная колькасць смецця выкінутая на бераг, на дзюны. І я не кажу пра самае папулярнае смецце, як папера ці пластыкавыя ўпакоўкі, а пра рэшткі ад цыгарэтаў або пластыкавы посуд, перадусім сталовыя прыборы, якія закапаныя ў пяску. І гэта ўсё выходзіць на паверхню разам з першым штормам. Якім чынам гэта  стварае пагрозу? Усё, што ляжыць на пляжы, жывёлы лічаць ежай. Яны спрабуюць гэта з’есці, штог часцей за ўсё кончыцца трагедыяй, бо большасць гэтых парэштак –для іх таксічныя. Другая справа – гэта рэкі, якія ўпадаюць у мора. Яны таксама пераносяць смецце. Усё тое, што яны збіраюць па дарозе, трапляе на канчатковую мэту – Балтыйскае мора. Мы арганізуем акцыі прыбірання берагу мора, часам спантанныя, аднак пандэмія трошкі нам перашкодзіла ў працягванні справы. Заўважаецца аднак пазітыўная тэндэнцыя – людзі, якія адпачываюць на моры ўсё часцей прыбіраюць не толькі пасля сябе, але і пасля іншых.

Варта памятаць, што прыродныя рэсурсы – нашае агульнае дабро і кожны рух, які яго знішчае, уплывае на ўсю яго гармонію. Таму існаванне такіх арганізацый як Сусветны фонд дзікай прыроды WWF і ягоная група «Блакітны патруль», якая дзейнічае на Балтыйскім моры, важныя для таго, каб не толькі сёлета змагчы паехаць на канікулы на польскае мора, але рабіць гэта і ў наступныя гады.

 

аев