Беларуская Служба

Сяргей Дылеўскі: У нас ёсць актыў больш чым на 20 прадпрыемствах

23.09.2021 15:22
У Беларусі затрымліваюць работнікаў буйных прадпрыемстваў, прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў.
Аўдыё
  • Сяргей Дылеўскі: У нас ёсць актыў больш чым на 20 прадпрыемствах
      ,        . , , 17  2020 .
Рабочыя іншых прадпрыемстваў Мінска падышлі да МЗКЦ, каб падрымаць сваіх таварышаў падчас сустрэчы з А. Лукашэнкам, Мінск, 17 жніўня 2020 г. Фота: "Наша Ніва"

Сілавікі за апошнія дні затрымалі паўтара дзясятка рабочых. Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядома прыкладна 15 прозвішчаў супрацоўнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, якіх затрымлівалі ў розных гарадах (некаторых пасля вобшукаў і допытаў адпусцілі). Затрыманыя знаходзяцца ў следчым ізалятары Камітэту дзяржбяспекі, у ізалятарах Мінска і Гомеля. Праваабаронцы пакуль не ведаюць, што канкрэтна ставяць у віну затрыманым.

Вядома, што гэта работнікі такіх буйных прамысловых прадпрыемстваў, як «Гродна Азот», Беларускі металургічны завод, Беларуская чыгунка, Мінскі трактарны завод.

Сёння раніцай падчас прыёму з дакладам кіраўніка Мінпрама Пятра Пархомчыка і віцэ-прэмʼера Юрыя Назарава Аляксандр Лукашэнка расказаў пра шпіёнаў, якія працуюць на спецслужбы Захаду.

«Я ведаю, вы ва ўрадзе прынялі шэраг рашэнняў па мінімізацыі ўздзеяння санкцый на нашу эканоміку, – прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба. – Але паглядзіце на сваіх супрацоўнікаў на прадпрыемствах. У мяне ёсць інфармацыя, што мярзотнікаў некалькі там яшчэ дзе-нідзе засталося, і яны ставяць перад сабой мэту праінфармаваць калектыўны Захад аб тым, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абысці санкцыі. Шпіёняць фактычна і здаюць інфармацыю туды». Лукашэнка заявіў, што «некалькіх мы выявілі. Сядуць, і надоўга... Але, тым не менш, мы іх павінны бачыць. Адзінкі, але яшчэ засталіся. І гэта не проста людзі, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта людзі, якія свядома за грошы спецслужбаў Захаду шкодзяць нашай эканоміцы, а роўна нашай дзяржаве».

Разам з тым цягам апошніх тыдняў Сяргей Дылеўскі – лідар Беларускага абʼяднання рабочых, заяўляе, што ў Беларусі рыхтуецца страйк на прадпрыемствах і ён абавязкова адбудзецца. На ўсе крытычныя заўвагі Дылеўскі адказвае, што гэта не яго прыдумкі, а інфармацыя з месцаў

“Гэтыя заявы кажу не я, а рабочы клас Беларусі. Заявы, якія былі агучаныя сёння, што яны ведаюць усіх людзей, якія зліваюць інфармацыю і таму ўсіх пасадзяць – гэта блеф, звычайны блеф. Наконт затрыманняў, што былі на днях, трэба памятаць, што затрыманні былі на працягу года. І забастоўка – наш выхад, каб спыніць затрыманні”

Паводле слоў Дылеўскага, страйк гатовыя падтрымаць у больш за двух дзесяткаў прадпрыемстваў:

“Забастоўка адбудзецца. Мы знаходзімся ў кантакце з актывамі прадпрыемстваў, у нас адладжаная сетка кантактаў на прадпрыемствах, якія на сёння гатовыя пачаць страйк. Гэта не пустыя словы. Мы не маем права агучваць гэтую інфармацыю цяпер. Наш актыў беларускага аб’яднання работнікаў на 23-24 прадпрыемствах. І кожны дзень дадаюцца новыя людзі, і часта людзі самі на нас выходзяць. Наша задача падрыхтаваць гэтыя актывы да страйка, каб гэта было максімальна бяспечна для людзей. Таму мы выбралі такую стратэгію, як проста застацца дома і не выходзіць на працоўныя месцы.

Праваабаронца “Вясны” Зміцер Салаўёў мяркуе, што затрыманні на прадпрыемствах – выкананне каманды Лукашэнкі запалохваць работнікаў.

"Затрыманні супрацоўнікаў буйных заводаў выкліканыя прамым распараджэннем Лукашэнкі, як ён сказаў арыштаваць, пасадзіць усіх запраданцаў Захаду, якія перашкаджаюць працаваць заводам і перашкаджаюць пазбегнуць санкцыяў. Гэта сведчыць, што санкцыі дзейнічаюць, што гэта балюча б’е па рэжыму. Яны імкнуцца гэтага пазбегнуць рознымі шляхамі, відавочна, замова ідзе з самага верху, каб запалохаць людзей, роста ізаляваць, некаторыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Гэта робіцца, каб іншыя працоўныя не пайшлі за страйкоўцамі, і так – людзі баяцца, што не толькі страцяць сваю працу, а і будуць пасаджаныя ў турму".

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў зрабіў заяву ў сувязі з атакай сілавых структураў на лідараў і актывістаў Беларускага незалежнага прафсаюзу. Пра сітуацыю  праінфармаваныя Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў і Міжнародная арганізацыя працы — з просьбай прыняць захады ў дачыненні да беларускіх ўладаў.

ВХ