Беларуская Служба

У. Падгол: Эпідэмія Covid-19 у РБ значна павялічыла колькасць ахвяр, а ўлады высылаюць дапамогу ў Венесуэлу

25.09.2021 17:01
Паліклінікі і бальніцы пераходзяць на рэжым працы ў эпідэміялагічны перыяд, абумоўлены пашырэннем маштабу захворвання.
Аўдыё
Уладзімір Падголradyjo.net

Прафілактычныя медагляды прыпыненыя ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў загадзе Мінздароўя №1141 ад 21 верасня. Паліклінікі і бальніцы пераходзяць на рэжым працы ў эпідэміялагічны перыяд, абумоўлены пашырэннем маштабу захворвання інфекцыяй COVID-19 і ВРІ.

Беларусь акажа гуманітарную дапамогу Венесуэле – 832 тысячы масак, 365 тысяч рэспіратараў, 505 тысяч медычных шапачак, 367 камбінезонаў, а таксама медыкаменты агульнай сумай у 1 416 000 рублёў – за кошт сродкаў бюджэту, прадугледжаных на выпадак стыхійных бедстваў.

У Мінску ў транспарце палова едзе без масак. У крамах таксама. На нарадзе ў дыктатара чыноўнікі сядзяць без масак. На кантрасце: Байдэн на сустрэчы з лідарамі ў масцы. Хварэе шмат прыхільнікаў Лукашэнкі, яны бяруць з яго прыклад і не берагуцца.

Рэпрэсіі: за два дні спецслужбы затрымалі 12 рабочых. Частка з іх праходзяць па артыкуле «Здрада Радзіме». 23 верасня Лукашэнка заявіў падчас размовы з міністрам прамысловасці Пятром Пархомчыкам і віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым:

«Мы проста не маем права падаць. Трэба ўтрымацца на гэтым узроўні, чаго б нам ні каштавала. Я ведаю, вы ва ўрадзе прынялі шэраг рашэнняў па мінімізацыі ўздзеяння санкцый на нашу эканоміку. Але паглядзіце на сваіх супрацоўнікаў на прадпрыемствах. У мяне ёсць інфармацыя, што мярзотнікаў некалькі там яшчэ дзе-нідзе засталося і яны ставяць перад сабой мэту праінфармаваць «калектыўны Захад« аб тым, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абысці санкцыі. Шпіёняць фактычна і здаюць інфармацыю туды», – заявіў Лукашэнка.

«Некалькіх мы выявілі. Сядуць, і надоўга. Гэта я шчыра кажу. Але, тым не менш, мы іх павінны бачыць. Адзінкі, але яшчэ засталіся. І гэта не проста людзі, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта людзі, якія свядома за грошы спецслужбаў Захаду шкодзяць нашай эканоміцы, а роўна нашай дзяржаве. На гэта звярніце асаблівую ўвагу дырэктараў і самі глядзіце за гэтымі працэсамі».

Былі тыя, хто хацеў зрынуць Л., забіць яго і ягоных дзетак. Падзяліць і распрадаць РБ. Тэрарысты, якія заточкамі пратыкалі пуза сілавікоў. Тэрарысты-кветачнікі, якія ўскладалі кветкі да месца забойства Тарайкоўскага і Бандарэнкі. Збеглыя ворагі. А зараз новая разнавіднасць ворагаў – рабочыя-шпіёны (віжы), якія за грошы Захаду здаюць інфармацыю, як уладатрымальнікі хочуць абысці санкцыі!!!

Акрамя ворагаў унутраных, сістэматычна прапаганда дэманструе ворагаў за мяжой. Кожны дзень з ранка да вечара прапаганда цвердзіць пра фашызм палякаў, якія быццам бы катуюць і забіваюць мігрантаў ды выкідваюць іхныя целы ў РБ.

Польская памежная служба заявіла, што ўжо доўгі час бачыць з беларускага боку мяжы людзей у форме, не падобнай да формы памежнікаў Беларусі. Да таго ж, раней іх на мяжы не заўважалі, гэта можа значыць, што гэтыя людзі не належаць да памежных войскаў.

Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецыяльных службаў Польшчы Станіслаў Жарын напісаў у сваім у твітэры, што людзей у форме ідэнтыфікавалі. Гэта салдаты паветрана-дэсантных частак, службы спецыяльнага прызначэння Памежнага камітэту ці АМАПу. Паводле Жарына, некаторыя вайскоўцы ўзброеныя снайперскімі вінтоўкамі.
Прэс-сакратар адзначыў, што гэтыя згаданыя вайсковыя часткі прызначаны не для аховы мяжы, а для баявых дзеянняў.

Прэс-сакратар МЗС РФ Захарава на сайце МЗС паведаміла, што на Захадзе ўзводзяць быццам бы паклёп на РФ за быццам бы непразрыстыя вучэнні «Захад 2021».

Паведамляецца, што «расійская армія правяла імітацыю ядзернага ўдару па войсках НАТА ў Польшчы падчас буйнамаштабных ваенных вучэнняў ZAPAD-2021 (West 21). Па словах неназванай расійскай крыніцы, асноўная мэта вучэнняў «Захад-21» – змадэляваць контратакі ў выпадку буйнамаштабнай вайны з ЗША і іх саюзнікамі. Падчас вучэнняў расійскія ваенныя правялі імітацыйныя бамбавання з ужываннем далёкіх высокадакладных баявых стрэльбаў. У рамках вучэнняў пара бамбавікоў Ту-22М3 змадэлявалі напад на структуру амерыканскага ваеннага камандавання ў Польшчы, а артылерыйскае падраздзяленне з ядзернай боегалоўкай правяло рэалістычныя вучэнні з баявой стральбой. Расійская армія правяла вучэнні з баявой стральбой з удасканаленага варыянту савецкай 203-мм цяжкай артылерыйскай сістэмы, які атрымаў назву 2С7М Малка. Далёкасць дзеяння гарматы складае 47000 м, але яе можна павялічыць да 55 500 м з дапамогай ракетных снарадаў. Яго асноўная задача – страляць ядзернымі артылерыйскімі снарадамі».

Уладзімір Падгол

слухайце аўдыё