Беларуская Служба

30 верасня 1939 году ў эфір выйшла апошняя перадача Польскага радыё (ФОТА)

01.10.2021 15:59
Неўзабаве ў польскую сталіцу ўвайшлі гітлераўцы.
Аўдыё
  • 30 верасня 1939 году ў эфір выйшла апошняя перадача Польскага радыё
     .
Замак падчас пажару пасля нямецкай бамбёжкі.Autorstwa Nieznany/Domena publiczna

30 верасня 1939 году ў эфір выйшла апошняя перадача Польскага радыё. Неўзабаве ў польскую сталіцу ўвайшлі гітлераўцы.

1 верасня 1939 года нападзеннем Германіі на Польшчу пачалася Другая сусветная вайна. 17 верасня нож у плечы польскай дзяржавы ўваткнуў Савецкі Саюз. Нягледзячы на геройскае змаганне салдат і афіцэраў Войска Польскага, а таксама адданую дапамогу мірнага насельніцтва, краіна здалася. Салдаты біліся літаральна да апошняга патрона, але вайна на два фронты – надзвычай цяжкая задача.

У 1939 годзе на першай лініі фронту, толькі што інфармацыйнага, было Польскае радыё. Дыктары дзяржаўнай радыёстанцыі інфармавалі жыхароў краіны і замежных дзяржаў пра ваенную сітуацыю, а таксама натхнялі да далейшага змагання ў патрыятычных перадачах. Легендарным стала выступленне па радыё мэра Варшавы Стэфана Стажыньскага, які заклікаў жыхароў сталіцы супрацьстаяць ворагу. У гэты драматычны гістарычны момант яго харызма і аўтарытэт многім палякам, не толькі жыхарам сталіцы, дапамагалі не траціць надзеі.


Кракаўская студыя Польскага радыё Кракаўская студыя Польскага радыё

Легендай даваеннага Польскага радыё быў дыктар Юзэф Малгажэўскі. Па адукацыі ён быў тэатральным акцёрам, выступаў на сцэнах розных польскіх тэатраў. На Польскае радыё прыйшоў у 1938 годзе – незадоўга да пачатку вайны. Менавіта Юзэф Малгажэўскі зачытаў спецыяльную заяву польскага Генштабу 1 верасня 1939 года а 06:30 раніцы, калі стала вядома, што Гітлера напаў на Польшчу. Ён жа зачытаў апошні тэкст перадачы Польскага радыё 30 верасня.

- Алё, алё! Ці нас чуваць? Гэта наша апошняе паведамленне. Нямецкія войскі ўвайшлі ў Варшаву. Геройскае прывітанне для салдат, якія змагаюцца на паўвостраве Хэль і ў іншых месцах краіны. Польшча не загінула! Няхай жыве Польшча!

Паведамленне пра захоп Варшавы было завершанае гімнам Польшчы. Увогуле, у верасні 1939 года на хвалях Польскага радыё часта гучала «Мазурка Дамброўскага» – гімн Польшчы, ды патрыятычная песня «Варшавянка».


Wóz transmisyjny Polskiego Radia marki Chevrolet (1939 rok), aut. nienznay, źr. http://www.automobilia.pl, Wikipedia/dp Wóz transmisyjny Polskiego Radia marki Chevrolet (1939 rok), aut. nienznay, źr. http://www.automobilia.pl, Wikipedia/dp

Дарэчы, паўвостраў Хэль быў апошнім кутком Польшчы, які здаўся ворагу. Гэта было 2 кастрычніка 1939 года. Не многія беларусы ведаюць, што ў шэрагах марской пяхоты Войска Польскага ў абароне Хэлю ўдзельнічаў пазней вядомы беларускі пісьменнік Янка Брыль.
Пасля ж вайны Юзэф Малгажэўскі вярнуўся на Польскае радыё і працаваў дыктарам да выхаду на пенсію.

Ужо ў тыя часы існавала замежнае вяшчанне Польскага радыё, якое працавала для слухачоў у іншых краінах на некалькіх замежных мовах. Адначасова з інфармацыяй на польскай мове пра ўваход немцаў у Варшаву прагучалі таксама паведамленні на англійскай і французскай мовах.


Obwieszczenie mobilizacji powszechnej z września 1939 roku
Obwieszczenie mobilizacji powszechnej z września 1939 roku

Гітлераўцы разумелі, якую ролю ў супраціўленні адыгрывае радыёвяшчанне і Польскае радыё, таму з паветра спрабавалі знішчыць перадатчыкі. Але гэта ім не ўдалося. Адзін з перадатчыкаў, дарэчы, у тыя часы вельмі сучасны і моцны ў маштабе Еўропы, знаходзіўся ў гарадку Рашын каля Варшавы. Каб ён не трапіў у рукі ворага 6 верасня 1939 года было прынятае рашэнне яго ўзарваць.

1 кастрычніка 1939 года Польскае радыё і яго супрацоўнікі перайшлі ў падполле.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу