Беларуская Служба

Ці беларускі рэжым будзе пазбаўляць грамадзянства сваіх апанентаў, якія выехалі за мяжу?

25.10.2021 13:25
Калі прымуць змены ў закон, грамадзянства могуць страціць, між іншым, Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.
Беларускі пашпартBy User: Ліцьвін - Own work, Public Domain, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=7725233

Выданне Rzeczpospolita піша, што Лукашэнка ўжо неўзабаве можа пачаць пазбаўляць грамадзянства сваіх апанентаў, якія знаходзяцца за мяжой. У жніўні пачаў дзейнічаць папраўлены закон аб грамадзянстве, які дае магчымасць адбіраць беларускі пашпарт за «экстрэмісцкую дзейнасць». Гэта, аднак, датычыць толькі людзей, якія атрымалі грамадзянства на працягу жыцця, а не падчас нараджэння.

Адзін з кіраўнікоў Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю Вячаслаў Арлоўскі заявіў, што неабходна глядзець шырэй. Паводле яго, людзі, якія з’ехалі з Беларусі, ненавідзяць дзяржаву і дзейнічаюць у карысць заходніх краін. Таму яны не павінны мець права звацца беларусамі.

Адпаведная папраўка можа быць неўзабаве ўнесена ў закон. Аб гэтым заявіў адзін з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька. «Калі чалавек выехаў за мяжу і ладзіць варожыя дзеянні ў адносінах сваёй дзяржавы, ён не павінен мець права на грамадзянства», – сказаў ён.

Гэта азначае, што беларускае грамадзянства могуць страціць, у прыватнасці, лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская і былы дыпламат Павел Латушка. Калі б іх пазбавілі грамадзянства, ім прыйшлося б звярнуцца па палітычны прытулак у краінах свайго прабывання, а таксама аформіць жэнеўскі дакумент, каб мець магчымасць падарожнічаць па свеце.

Па словах палітолага Валера Карбалевіча, новыя правілы могуць пачаць дзейнічаць пасля правядзення рэферэндуму, які датычыць канстытуцыйных зменаў. Беларускія ўлады вяртаюцца да практыкі Савецкага Саюза, калі грамадзянства пазбавілі Аляксандра Салжаніцына, а сам Лукашэнка пазбавіў грамадзянства журналіста Паўла Шарамета ў 2010 годзе (Шарамета забілі ў Кіеве ў 2016 г.).

Rzeczpospolita/нг