Беларуская Служба

2 млн злотых выдзеленыя на праграму «Салідарныя з Беларуссю – салідарныя з навукоўцамі»

30.11.2021 15:05
Беларускія навукоўцы могуць весці свабодныя навуковыя даследаванні ў Польшчы, калі такой магчымасці яны пазбаўленыя ў Беларусі.
Аўдыё
  • Праграма для беларускіх навукоўцаў
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/geralt

30 лістапада заканчваецца прыём заявак па праграме «Салідарныя з Беларуссю – салідарныя з навукоўцамі». Гэта працяг праекту, які быў створаны год таму з мэтаю дапамогі беларускім навукоўцам весці свабодныя навуковыя даследаванні ў Польшчы, калі такой магчымасці яны былі пазбаўленыя ў сябе на Айчыне ў выніку палітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Сёлета праграмай займаецца Нацыянальнае агенцтва акадэмічнага абмену (пол. Narodowa Agencja Wymiany Akademickiej – NAWA). Дырэктар агенцтва доктар (кандыдат навук) Гражына Жэброўска (Grażyna Żebrowska) адзначае, што NAWA дапамагае беларусам рознымі спосабамі.

- NAWA аказвае дапамогу грамадзянам Беларусі ў розных плоскасцях. Мы салідарныя са студэнтамі, а таксама салідарныя з беларускімі навукоўцамі. У рамках праграмы «Салідарныя з Беларуссю – салідарныя з навукоўцамі» у наша агенцтва могуць звяртацца ВНУ і навуковыя ўстановы Польшчы, якія жадаюць падтрымаць беларускіх вучоных, калі тыя апынуліся ў цяжкай сітуацыі, і даць ім магчымасць весці навуковую дзейнасць у Польшчы. Фінансавыя сродкі мы выдзяляем для канкрэтнага навукоўца, але заяву павінна падаць установа, якая прымае дадзенага навукоўца.

Хто можа прыняць удзел у гэтай праграме, ці ёсць абмежаванні?

- Перш за ўсё гэта павінен быць грамадзянін Беларусі, з навуковым званнем як мінімум кандыдата навук. Такая асоба павінна знаходзіцца ў Польшчы не даўжэй, чым з пачатку 2021 года. І яшчэ адна ўмова – такі чалавек, па прычыне палітычнай сітуацыі ў Беларусі, знаходзіцца ў сітуацыі, якая не дае яму магчымасці весці свабодную навуковую дзейнасць у Беларусі. Калі ўсе гэтыя ўмовы выкананыя, NAWA выдзяляе стыпендыю навукоўцу, пры пасярэдніцтве польскай навуковай установы. Сёлета мы былі гатовыя фінансаваць да 20 стыпендый, але ўжо пададзена 35 заявак. Калі акажацца, што тых сродкаў, якія мы прызначылі на праграму – 2 млн. злотых, будзе недастаткова, могуць быць выдзеленыя дадатковыя фінансавыя сродкі.

Праграма салідарнасці з беларускімі навукоўцамі ладзіцца ўжо другі раз. Скажыце, як выглядала дадзенае супрацоўніцтва ў мінулым годзе?

- Летась мы выдзелілі трыццаць пяць стыпендый беларускім навукоўцам на суму трох мільёнаў злотых. Варта адзначыць, што гэтыя асобы маглі звярнуцца ў Нацыянальны цэнтр даследаванняў і развіцця, каб атрымаць грант на сваю навуковую працу пасля заканчэння тэрміну, на які была прызнаная стыпендыя. Так што гэтая праграма дае магчымасць не толькі прыехаць папрацаваць у Польшчу, але таксама развіваць навуковую кар’еру.

Ці, акрамя тых патрабаванняў, пра якія вы згадалі раней, кандыдат, які хоча стаць удзельнікам праграмы, павінен валодаць польскай мовай, ці дастаткова ведання ангельскай мовы?

- Ангельскай мовы дастаткова. Гаворка ідзе пра тое, каб тут, на месцы, такі навуковец мог свабодна кантактаваць з калегамі і свабодна займацца навуковай дзейнасцю ў сваёй галіне. Трэба яшчэ адзначыць, што NAWA прапануе стыпендыю для навукоўца ў памеры 8,5 тыс злотых брута, акрамя таго, мы выплачваем аднаразовы дадатак на пераезд – 5 тыс злотых, фінансавыя сродкі атрымлівае і апякун навукоўца, які дапамагае яму па розных пытаннях тут, у Польшчы. А калі гаворка ідзе пра валоданне польскай мовай, мы прапануем таксама фінансавыя сродкі на курсы польскай мовы або іншыя курсы, звязаныя з павышэннем кваліфікацыі. Гэта 500 злотых у месяц. Так што валоданне польскай мовай не абавязковае, але калі хтосьці жадае вывучыць нашу мову, то ў яго ёсць такая магчымасць тут, на месцы.

Ці ёсць галіны навуковай дзейнасці, на якія арганізатары праграмы ахвотней за ўсё выдзяляюць стыпендыі, ці гэта не мае значэння?

- Няма абмежаванняў, усе галіны навуковай дзейнасці бяруцца пад увагу. У праграме прымаюць удзел навукоўцы, якія займаюцца як гуманітарнымі навукамі, так і сціслымі. Часцей за ўсё гэта прадстаўнікі сціслых галінаў. Яны працуюць у самых розных навуковых установах і навукова-даследчых інстытутах. У мінулым годзе беларускіх навукоўцаў прымалі, у прыватнасці, Паморская акадэмія ў Слупску, Collegium Civitas, Сілезская палітэхніка, Ягелонскі ўніверсітэт, універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані, інстытуты Польскай акадэміі навук – агулам 26 навукова-даследчых установаў.

Аб праграме «Салідарныя з Беларуссю – салідарныя з навукоўцамі» мы размаўлялі з дырэктарам Нацыянальнага агенцтва акадэмічнага абмену Гражынай Жэброўскай. Агенцтва – гэта ўрадавая ўстанова, мэта якой – супраца з замежнымі ВНУ і навукова-даследчымі ўстановамі.

нг