Беларуская Служба

Нават пасля бамбардыровак застаецца нехта жывы. Размова рэдактараў незалежных медыя

29.12.2021 11:30
Што з медыясупольнасцю зрабілі масавыя рэпрэсіі?
Аўдыё
  • Размова прадстаўнікоў беларускіх медыя пра прафесію і стан медыясектара
.  .
Беларусь. Ілюстрацыйнае фота.PAP/EPA/STR

Беларускую журналістыка – яна ёсць ці памерла? З’язджаць ці заставацца? Што з медыясупольнасцю зрабілі масавыя рэпрэсіі? Пра гэта размаўлялі рэдактары недзяржаўных медыя падчас анлайн-сустрэчы, арганізаванай Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

Слухайце далучаны файл!

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец з жалем адзначыў, што ніколі так шмат яго сяброў і калег не было ў турме. А цяпер у Беларусі 32 прадстаўнікі розных медыя знаходзяцца ў няволі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў была ліквідаваная, офіс двойчы за год абшуквалі, блакавалі.

Сапраўднай праблемай для беларускіх медыя стала практыка прызнання іх экстрэмісцкімі фармаваннямі ці проста экстрэмісцкімі медыя. Гэта негатыўна ўплывае і на чытачоў, якія цяпер баяцца падпісвацца ў сацсетках на такія СМІ, даваць каментары, дзяліцца інфармацыяй.

У гэтым годзе, уцякаючы ад пераследу, дзясяткі журналістаў выехалі з краіны. То цяпер часта гучаць прафесійныя спрэчкі: журналістыка жывая ці памерла, ці можна яе рабіць з-за мяжы.

Журналіст Ігар Ільяш, муж палітзняволенай журналісткі канала «Белсат» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) падкрэсліў, што ўмовы працы катэгарычна змяніліся. Аднак у Беларусі журналістыка не скончылася.

Кіраўнік менскага бюро Беларускай службы «Радыё Свабода» Валянцін Жданко ў сваёй прамове агучыў меркаванне, што найперш важныя чалавек і яго жыццё.

Цяпер за кратамі трое супрацоўнікаў «Радыё Свабода». Гэта Ігар Лосік, Андрэй Кузнечык, Алег Груздзіловіч.

Рэдактар медыя «Сильные новости» Пётр Кузняцоў заўважыў, што з’язджаць ці застацца – асабісты выбар кожнага. І гэта цяпер не нагода для дыскусій.

«Галоўны вынік у тым, што канчатковага выніку няма. Нас хацелі знішчыць, але на сто працэнтаў гэта не атрымалася. У мяне ёсць надзея, што нават пасля бамбардыровак застаецца нехта жывы», – гаворыць Кузняцоў.

Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі падзяліўся назіраннямі, як перафарматаваўся медыйны сектар. Напрыклад, аўдыторыя дзяржмедыя не змянілася, а аўдыторыя незалежных медыя неістотна зменшылася. Пакуль няма відавочных прыкмет таго, што на беларускі медыярынак прарываюцца расійскія гульцы, але эксперт мяркуе, што гэта толькі пытанне часу.

Аднак рэпрэсіі супраць медыясферы не спыняцца, пакуль не будзе наўпроставага загаду сілавікам зверху.

вх