Беларуская Служба

Як перажыць Blue Monday, асабліва падчас дыстанцыйнай працы?

17.01.2022 14:23
З-за пандэміі і дыстанцыйнай працы людзям не хапае многіх элементаў паўсядзённай офіснай працы.
Jak polubić poniedziałki?
Jak polubić poniedziałki?shutterstock.com/Kaspars Grinvalds

На трэці панядзелак студзеня прыпадае дзень, які назвалі самым дэпрэсіўным днём года (Blue Monday). Як яго перажыць – пытаецца Niezalezna.pl. З-за пандэміі і дыстанцыйнай працы людзям не хапае многіх элементаў паўсядзённай офіснай працы, у тым ліку кантактаў з калегамі, размоваў пры каве і проста офіснай атмасферы, што можа негатыўна ўплываць на здароўе, як псіхічнае, так і фізічнае.

Адсутнасць непасрэднага кантакту паміж супрацоўнікамі адмоўна ўплывае на іх самаадчуванне, а гэта можа адбіцца на якасці працы, асабліва ў зімовы перыяд.

Як перажыць «сумны» панядзелак на працы? Выданне прыводзіць вынікі апытання. Галоўнае – паказаць, што наймальнік клапоціцца пра супрацоўніка. Часцей за ўсё рэспандэнты адзначалі, што найлепшай падтрымкай будзе перанос асобных выгодаў з офісных памяшканняў у дом, стварэнне зручнага працоўнага месца, бясплатныя сустрэчы са спецыялістамі, напрыклад, дыетолагам або псіхолагам, больш шырокі пакет медычнай дапамогі.

Усё больш працадаўцаў заўважаюць неабходнасць выбудоўваць адносіны з супрацоўнікамі дыстанцыйна. Некаторыя паказваюць, што не забываюць пра сваіх працаўнікоў, дасылаючы ім пасылкі з садавіной, гароднінай і іншымі карыснымі прадуктамі. Гэта павышае пачуццё бяспекі ды інтэгруе супрацоўнікаў з працадаўцам. Кампаніі ўсё часцей вырашаюць арганізоўваць незвычайныя карпаратыўныя мерапрыемствы, напрыклад, прыгатаванне ежы ў прамым эфіры або онлайн-сняданкі. Гэта дазваляе эфектыўна будаваць адносіны і паніжаць узровень стрэсу.

Наймальнікі, якія стараюцца рэальна падтрымаць людзей падчас дыстанцыйнай працы, станоўча ўплываюць на іх псіхічнае і фізічнае самаадчуванне. Такія кампаніі атрымліваюць карысць не толькі з пункту гледжання бізнесу, але і павышаюць свой імідж.

нг