Беларуская Служба

Помнік беларускай рэвалюцыі будзе ўсталяваны ў Варшаве

28.01.2022 08:30
Сярод ушанаваных асобаў будуць, між іншым, Анджэй Пачобут, Анжаліка Борыс, Марыя Калеснікава і Сяргей Ціханоўскі.
Анджэй Пачобут і Анжаліка БорысFoto: Polskie Radio

У варшаўскім раёне Воля будзе ўсталяваны помнік героям беларускай рэвалюцыі, паведамляе Gazeta Wyborcza. Над інсталяцыяй, якая будзе складацца з сямі, адлітых з алюмінію фігур, працуе знакаміты скульптар Павел Альтхамэр.

Згаданыя фігуры прадстаўляюць дэмакратычных актывістаў, зняволеных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Гаворка ідзе, між іншым, пра журналіста і польскага актывіста Анджэя Пачобута, кіраўнічку Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс, музыка і лідарку апазіцыі Марыю Калеснікаву, беларускага блогера і кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Ціханоўскага, які трапіў за краты ў траўні 2020 года, то бок за тры месяцы да выбараў, а ад ягонага імя з рэжымам пачала змагацца жонка Святлана Ціханоўская, якая зараз пражывае ў эміграцыі ў Літве і адтуль узначальвае беларускую апазіцыю.

Паводле скульптара, размаляваныя залатым колерам фігуры беларускіх герояў будуць ісці з высока ўзнятай галавой, як быццам яны толькі што былі вызваленыя. Павел Альтхамэр назваў сваю інсталяцыю: «Праспект узыходзячага сонца».

«Яна павінна нагадаць пра зняволеных актывістаў і адначасова паказаць, што ў іх у Польшчы ёсць сябры, што мы пакутуем разам з беларусамі», – кажа скульптар.

Сітуацыя ў Беларусі датычыцца яго асабіста, паколькі 10 гадоў таму ён наладзіў кантакты з незалежнымі беларускімі артыстамі, а цяпер дапамагае тым, хто пацярпеў ад рэпрэсій.

Інсталяцыя будзе размешчаная ў парку Шыманскага – найбуйнейшым парку ў раёне Воля.

«Такім чынам мы хочам сімвалічна падтрымаць беларусаў на самым складаным этапе барацьбы за свабоду. Зараз Беларусь апынулася ў тым месцы, у якім Польшча пасля абвяшчэння ваеннага становішча», – лічыць мэр Волі Кшыштаф Стшалкоўскі.

«Мне вельмі падабаецца гэтая ідэя», – кажа пра помнік прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі, паведамляе Gazeta Wyborcza.

аз