Беларуская Служба

Фундацыя HUMANOSH вывозіць параненых з Украіны, а Люфтвафэ забірае іх на лячэнне ў Германію

17.05.2022 14:48
Катажына Скопец з фундацыі: цяпер дапамога патрэбная як бежанцам з Беларусі, так і з Украіны. 
Аўдыё
  • У Польшчы дапамагаюць бежанцам як з Беларусі, так і з Украіны
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ужо амаль два гады ў Беларусі працягваецца палітычны крызіс, звязаны з фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і рэпрэсіямі ў адносінах асоб, якія праявілі сваю нязгоду з дадзенай падзеяй. У сувязі з гэтым у суседніх з Беларуссю краінах з'яўляецца ўсё больш палітычных бежанцаў, якім неабходна аказваць дапамогу, хаця б на працягу першых месяцаў знаходжання на эміграцыі. Акрамя таго, у Польшчу за апошнія месяцы прыехала больш за тры мільёны ваенных бежанцаў з Украіны. Многія з іх таксама патрабуюць дапамогі. Такую падтрымку аказвае Фундацыя Humanosh з Варшавы, заснаваная Катажынай і Пятром Скопцамі. Катажына Скопец распавяла нам, што фундацыя адкрыла ўжо другі дом, дзе прымае бежанцаў – як беларусаў, так і ўкраінцаў.

- Мы не адрозніваем, ці хтосьці беларус, ці ўкраінец. Далей фінансуем «Мірны дом» (прытулак для бежанцаў), нядаўна адкрылі другі «Мірны дом». У абодвух жывуць як беларусы, так і ўкраінцы. Ёсць сярод іх таксама беларусы, якім прыйшлося ўцякаць другі раз – спачатку з Беларусі ва Украіну, а цяпер з Украіны ў Польшчу. Цяпер беларусам вельмі цяжка, паколькі змяніліся юрыдычныя аспекты і дапамога для беларусаў значна скарацілася. Таксама гэтыя людзі перажываюць вялізную псіхалагічную траўму і стрэс. Некаторыя палякі ды ўкраінцы ўспрымаюць беларусаў як ворагаў, хаця яны – бежанцы, якія пацярпелі за сваю барацьбу з рэжымам. На самой справе і беларусы, і ўкраінцы маюць аднаго ворага – Пуціна, пуцінскую Расію і яго хаўрусніка Лукашэнку. Але ёсць таксама цудоўныя моманты, паколькі шмат нашых падапечных уцягнулася ў дапамогу ўкраінцам. Частка ездзіць з гуманітарным грузам на мяжу, а частка была нават у Кіеве нядаўна. Гэта паляпшае іх самаадчуванне. Гэта вельмі важна, паколькі без добрай самаацэнкі немагчыма будаваць паспяховае жыццё.

Адразу пасля прыезду ў Польшчу, бежанцам нярэдка патрабуецца экстраная дапамога, з-за фізічнага ці псіхалагічнага гвалту, а пазней самая важная і патрэбная дапамога – гэта прадукты харчавання.

- Больш за ўсё нам патрэбнае харчаванне. Таму пры нагодзе я звяртаюся да слухачоў – калі ў вас ёсць магчымасць дапамагчы: або фінансава, каб мы маглі закупіць харчаванне, або перадаць ежу, або ведаюць месцы, дзе можна купіць прадукты танней, мы вельмі просім звяртацца да нас. На поўдні Польшчы ў нас пад апекай 180 чалавек – нам дапамагае фундацыя Іліос, а ў Варшаве ў двух дамах агулам 53 асобы (28 чалавек у адным і 25 у другім). Акрамя таго, кожны тыдзень мы адпраўляемся з гуманітарным грузам ва Украіну. У адзін бок вязем медыкаменты, прадукты харчавання, падгузнікі для дарослых і дзяцей, а назад прывозім параненых і хворых.

Частка параненых адпраўляецца на лячэнне і рэабілітацыю ў Германію, – дадае наш госць.

- Частку параненых мы перадаем нямецкай Люфтвафэ (Ваенна-паветраныя сілы Германіі – рэд.), якая перавозіць іх у Германію. У нас ёсць таксама некалькі карэт хуткай дапамогі, мы супрацоўнічаем з лекарамі і медычнымі ратаўнікамі, якія ездзяць ва Украіну і займаюцца эвакуацыяй гэтых людзей.

Адно з важнейшых пытанняў для бежанцаў – вывучэнне польскай мовы. Дзеля гэтага Фундацыя Humanosh наладзіла супрацу з варшаўскай Галоўнай гандлёвай школай.

- Гэта наша адукацыйная праграма. Яна пачаткова стваралася для бежанцаў з Афганістану, якія прыехалі ў Польшчу паміж вялікімі хвалямі бежанства з Беларусі і Украіны, каб яны маглі вучыць польскую мову. У Галоўнай гандлёвай школе вывучае мову 30 чалавек, таксама 30 чалавек вучыць мову ў Варшаўскім медычным універсітэце. А цяпер мы будзем разам з Галоўнай гандлёвай школай вучыць польскай мове ўкраінцаў.

Валоданне польскай мовай, хаця б на базавым узроўні – гэта неабходная ўмова пошукаў працы ў Польшчы, – адзначае Катажына Скопец.

- Лягчэй знайсці працу чалавеку, які хаця б крышку размаўляе па-польску. Калі хтосьці зусім не ведае мовы, яму значна цяжэй знайсці працу, акрамя таго, ён працуе значна ніжэй сваёй кваліфікацыі. Так што моўныя курсы павінны быць на самым пачатку, адразу пасля прыезду. Мы фінансамі дапамагаем людзям, якія вывучаюць польскую мову, каб яны маглі яе пазнаць хутчэй. І толькі пазней пачынаем шукаць ім працаўладкаванне. Памагаем таксама бежанцам з пошукам жылля, якое, канешне ж, неабходна кожнаму чалавеку. Мы памагаем людзям разабрацца ў складанасцях рынку жылля ў Польшчы, тлумачым, што часам лепш паехаць далей, а не шукаць кватэру ў Варшаве, якая бітком набітая ўцекачамі. Калі ёсць дзеці, каб спачатку пашукаць дзіцячы садок або школу, а толькі пазней шукаць кватэру. Бо можа аказацца, што жыллё ёсць, але каля яго няма ні садка, ні школы. Усё трэба рабіць у адпаведнай чарговасці.

Місія фундацыі Humanosh – пераадольваць межы, падтрымліваць, навучаць і дапамагаць. Цяпер падтрымка больш за ўсё патрэбная суседзям з усходу – беларусам і ўкраінцам. А пра гэтую дапамогу распавяла заснавальніца фундацыі Катажына Скопец.

нг