Беларуская Служба

Я. Раманчук: Трэцяя сусветная вайна ўжо ідзе, Расіі пляваць на харчовую бяспеку паўмільярда людзей

25.05.2022 17:30
Расія стварае на свеце штучны харчовы крызіс, ад якога разлічвае атрымаць дывідэнды.
Аўдыё
Ілюстрацыяфота: Couleur/pixabay.com/CC0

Тры месяцы працягваецца поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны. На працягу амаль усяго гэтага часу расійскія войскі блакуюць украінскія парты ў Чорным моры, не дазваляючы вывозіць украінскае зерне, прызначанае на экспарт.

На сённяшні дзень функцыянуюць толькі парты, размешчаныя на рацэ Дунай. Яны працуюць на максімуме сваіх магчымасцяў, а астатнія парты, у Адэскай вобласці, усе закрытыя. Херсон і Бердзянск наогул пад акупацыяй, і адтуль расіяне банальна крадуць украінскае збожжа. Марыупаль – разбураны горад, таксама пад расійскай акупацыяй.
Такім чынам Расія спыніла жыццёва важныя пастаўкі харчавання для бяднейшых краін, пачынаючы Самалі і заканчваючы Егіптам.

Акрамя блакады, сітуацыю пагаршае гарачае надвор'е засухамі, якія шкодзяць пасевам пшаніцы ў іншых частках свету. Гэта прывяло да рэкордных коштаў на збожжа. Сусветныя цэны на пшаніцу ў гэтым годзе выраслі больш чым на 50%.

Свет павінен зразумець, што Расія – гэта бандыцкая дзяржава, якая стварае праблемы ў свеце, а сама на іх зарабляе. Адзіны выхад – увядзенне канвою заходніх суднаў у Чорнае мора, якія будуць суправаджаць караблі, якія экспартуюць украінскае зерне, а таксама пастаўкі цяжкага ўзбраення Украіне, каб вайна хутчэй закончылася, – адзначае эканаміст Яраслаў Раманчук.

- Няма сумневаў наконт прыроды рашысцкага рэжыму Пуціна, які распачаў вайну, дзясяткі тысяч людзей гібнуць. У сваім часе была антыгітлераўская кааліцыя, дык цяпер патрэбная антыпуцінская кааліцыя. У свеце была нейкая архітэктура бяспекі, у якую ўваходзіла і НАТА, і Рада бяспекі ААН, іншыя арганізацыі. А цяпер увесь свет не можа саўладаць з адным бандытам. Гэта крызіс не толькі Украіны, якая аддае сваю кроў, але і ўсяго свету. Шольц, Макрон, Берлусконі стараюцца «захаваць твар» Пуціну. Поўная недарэчнасць. Трэба ўвесці караблі ў Чорнае мора і сказаць рашыстам, што гэта канвой зерня, каб у свеце не было голаду. А калі Расія будзе тапіць або абстрэльваць гэтыя караблі, гэта будзе азначаць, што яна абвясціла вайну ўсяму свету. Трэцяя сусветная вайна ўжо ідзе, і ЗША, ЭЗ павінны зразумець, што Расія пляваць хацела на харчовую бяспеку паўмільярда людзей. Вырашэнне пытання харчовай бяспекі ў свеце – гэта дапамога з узбраеннем Украіне, іншага шляху няма.

Разблакаваць парты дапамагла б заходняя супрацькарабельная зброя, напрыклад, ракеты «Гарпун». Данія абяцае адправіць ва Украіну такую зброю, аднак дэталяў няма. Акрамя таго, ваенныя эксперты кажуць, што навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў і інтэграцыя зброі ў берагавую абарону можа цягнуцца месяцамі.

Расія атрымлівае выгаду ад створанага ёй самой сусветнага харчовага крызісу. Пакуль украінскія парты заблакаваныя, расіяне адпраўляюць пакупнікам збожжа па больш высокіх цэнах. Крэмль у гэтым сезоне ўжо атрымаў 1,9 мільярда долараў даходаў ад экспарту пшаніцы.

Альтэрнатывай экспарту марскіх шляхам маглі б стаць пастаўкі зерня па сушы, але гэта дорага і займае значна больш часу. Віцэ-прэм’ер, міністр сельскай гаспадаркі і развіцця сельскіх раёнаў Генрык Кавальчык (Henryk Kowalczyk) заявіў, што Польшча хоча экспартаваць украінскае збожжа. Ён згодны з меркаваннем, што блакада партоў Чорнага мора можа прывесці да голаду ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе, бо гэтыя рэгіёны залежаць ад імпарту з Украіны. Таксама блакада прычыняецца да далейшага росту цэнаў на сусветных рынках. Аднак, як адзначыў Генрык Кавальчык у эфіры 3-га канала Польскага радыё, Польшча не ў стане экспартаваць усё ўкраінскае збожжа.

- Таму што іх патрэбы складаюць каля 4-5 мільёнаў тон збожжа ў месяц. Мы здольныя паставіць 1, максімальна 2 мільёны тон, таму што тут назіраюцца лагістычныя праблемы. Перш за ўсё, нашы чыгункі несумяшчальная – ва Украіне шырокія чыгуначныя шляхі, а ў нас вузкія, таксама недастатковая колькасць памежных пераходаў.

Польшча шукае дапамогі ў будаўніцтве новай інфраструктуры ў Еўрасаюзе і ЗША. «Мы не былі падрыхтаваныя з пункту гледжання інфраструктуры, таму Еўрапейскі саюз і ЗША павінны дапамагчы нам у яе падрыхтоўцы. Мы павінны вельмі хутка правесці адпаведныя інвестыцыі», – заявіў нядаўна прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі ў інтэрвʼю Wall Street Journal.

нг