Беларуская Служба

Паліглот пра эфектыўнае пазнаванне замежнай мовы: «Вывучаючы мову, нельга аддзяляць яе ад культуры»

31.05.2022 22:05
1 чэрвеня пад Варшавай пачнецца міжнароднае мерапрыемства, на якім сустракаюцца паліглоты з усяго свету.
Аўдыё
  • Канферэнцыя для паліглотаў
Ілюстрацыяфота: Pixabay.com/Tumisu

З 1 па 6 чэрвеня ў Тэрэсіне пад Варшавай будзе адбывацца канферэнцыя для аматараў вывучэння замежных моваў Polyglot Gathering. Гэта буйнейшае міжнароднае мерапрыемства, на якім сустракаюцца паліглоты з усяго свету, каб падзяліцца з іншымі ўдзельнікамі сваёй любоўю да вывучэння мовы і культуры іншых народаў. Мы спыталі аднаго з арганізатараў канферэнцыі Альберта Ежы Вяжбіцкага, ці трэба ведаць шмат моваў, каб лічыцца паліглотам.

- Ты паліглот, калі пачынаеш цікавіцца мовай. Не трэба ведаць шмат моваў (3-4-5), дастаткова адной, але цікавіцца іншымі і імкнуцца кантактаваць з людзьмі, каб пашыраць веды. Мы сустракаемся ўжо сёмы раз, але апошнія разы з прычыны пандэміі былі прымушаныя праводзіць сустрэчы онлайн. Тры разы мы сустракаліся ў Браціславе і тры разы ў Берліне. У 2020 годзе павінна была быць сустрэча ў Варшаве, але была перанесена. Спадзяемся, цяпер усё ўдасца.

Звычайна нашы сустрэчы праходзілі ва ўніверсітэце, а цяпер мы вырашылі зрабіць мерапрыемства так, каб усё было на месцы, у тым ліку начлег, каб у людзей было больш магчымасці інтэгравацца.

А якія якасці чалавека спрыяюць вывучэнню замежных моваў?

- Перш за ўсё гэта інтарэс да мовы і да культуры. Талент таксама крыху, але на далейшым месцы. Трэба цікавіцца культурай дадзенай краіны, мову якой хочаш вывучыць, арыентавацца ў яе жыцці, у тым ліку палітычным. Скажам, калі вывучаеш нямецкую мову, але зусім цябе не прыцягвае нямецкая дзяржава, затое цікавіць, напрыклад, Манголія, то лепш вучыць мангольскую мову. І шукаць усе даступныя спосабы вывучаць мову, цяпер у інтэрнэце такіх даступных крыніц вельмі шмат, знаёміцца з людзьмі, якія вывучаюць мову. Ёсць шмат форумаў для людзей, якія цікавяцца мовамі – і онлайн і офлайн.

Ці на вашых моўных сустрэчах ёсць зацікаўленне беларускай мовай? На жаль, у самой Беларусі паніжаецца інтарэс да мовы, адпаведна, падае да яе інтарэс і за мяжой.

- Два гады таму я арганізаваў лекцыю пра асновы беларускай мовы. Прыйшло даволі шмат людзей, задавалі шмат пытанняў. У асноўным гэта людзі, якія ўжо ведаюць расійскую мову, але найбольшае зацікаўленне было сярод людзей, якія ведаюць украінскую мову. Калі была сустрэча онлайн, мы ладзілі так званыя моўныя пакоі з рознымі мовамі. Я часта заходзіў на ўкраінскія пакоі і там прасоўваў беларускую мову. І тыя людзі, якія былі на ўкраінскім пакоі, прыходзілі на беларускі пакой.

слухайце аўдыё

нг