Беларуская Служба

На Форуме гарадоў у Катавіцах абмяркоўваюць, між іншым, адбудову Украіны пасля вайны

28.06.2022 12:44
Форум ладзіцца пры ўдзеле Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. 
Аўдыё
Адкрыццё форумуфота: PAP/Tomasz Wiktor

Зялёная будучыня гарадоў, інавацыі і тэхналогіі, планаванне і кіраванне, а таксама праблемы бяспекі і бежанцаў – гэтыя тэмы абмяркоўваюцца падчас канферэнцыі, прысвечанай устойліваму развіццю гарадоў, зладжанай у польскім горадзе Катавіцэ. 

Звыш 22 тыс чалавек прымае ўдзел у Сусветным форуме гарадоў, які адбываецца ў Катавіцах. Удзельнікі прадстаўляюць больш чым 170 краін, большасць з іх удзельнічаюць у мерапрыемстве на месцы, у стацыянарным фармаце. Гэтая буйная канферэнцыя, прысвечаная гарадской палітыцы і гарадскому развіццю, упершыню зладжаная ў Цэнтральна–Усходняй Еўропе.

Форум ладзіцца пры ўдзеле Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Арганізатары адзначаюць, што мерапрыемства праходзіць у надзвычайны момант – чалавецтва сутыкаецца з вялікай небяспекай у рэзультаце кліматычных зменаў, зусім нядаўна быў разгар пандэміі каранавіруснай інфекцыі, а таксама ідзе жорсткая вайны Расіі супраць Украіны. Па гэтай прычыне, як адзначае выканаўчы дырэктар агенцтва ААН па пытаннях урбанізацыі і гарадскіх пасяленняў Маймуна Мухд Шарыф (Maimunah Mohd Sharif ), праграма сёлетняга форуму ўключае неардынарныя тэмы для абмеркавання – гэта пытанні, звязаныя з бежанцамі, кліматычны крызіс, пандэмія і сацыяльная напружанасць.

- Міжнародны цэнтр кангрэсаў у Катавіцах – гэта адпаведнае месца для такіх дыскусій. Ён быў збудаваны на месцы былой вугальнай шахты і зʼяўляецца сімвалам таго, як горад можа ператварыцца з буйнога прамысловага цэнтру, дзе важнейшае месца займае вуглездабыча і сталеліцейная прамысловасць, у інавацыйны горад, які мы бачым сёння, з пункту гледжання тэхналогіяў і зялёнай эканомікі.

Міністр фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Польшчы Гжэгаж Пуда паведаміў, што для ўдзельнікаў былі падрыхтаваны розныя фарматы сустрэч.

- Ад зусім малых спатканняў, у якіх прымае ўдзел толькі некалькі чалавек, па вялікія фарматы – круглыя сталы, падчас якія абмяркоўваем самыя важныя тэмы. Мы таксама ўвялі новую тэму, якой не было ў пачатковай версіі мерапрыемства. Гэта тэматыка бяспекі, у сувязі з тым, што адбываецца ва Украіне, з агрэсіяй і вайной Расіі супраць Украіны. Гэта самая вялікая імпрэза, зладжаная ААН, прысвечаная развіццю гарадоў. Вочы ўсяго свету назіраюць за дыскусіямі ў Катавіцах. Трэба адзначыць, што 22 тыс удзельнікаў – гэта рэкордная лічба. Важна тое, што большасць з іх прымае ўдзел у форуме на месцы, стацыянарна. Мы самі былі здзіўленыя тым, што так шмат удзельнікаў вырашыла прыехаць у Польшчу.

Удзельнікі форуму падпісалі так званую Катавіцкую дэкларацыю. Подпісы пад дакументам паставілі прадстаўнікі найбуйнейшых гарадскіх метраполіяў з усёй Еўропы. Гэта сумесная дэкларацыя, якая падкрэслівае ролю і прывабнасць мегаполісаў, іх унёсак у развіццё рэгіёнаў і дзяржаваў. Меркаваннем старшыні Метраполіі Верхняй Сілезіі Казімежа Карольчака, у цяперашні час у ЕС няма разумення спецыфікі мегаполісаў.

- Гаворыцца пра рэгіянальную палітыку, але няма гаворкі або згадваецца вельмі рэдка значэнне метраполіяў – вялікіх гарадоў. А яны важныя ў кантэксце развіцця інавацыяў, таму неабходна развіваць супрацу паміж рознымі метраполіямі, падкрэсліваць іх значэнне і выкарыстоўваць інструменты падтрымкі такіх тэрыторыяў.

На форуме абмяркоўваецца, у прыватнасці, тэматыка адбудавання ўкраінскіх гарадоў пасля варварскай вайны, якую вядзе Расія супраць Украіны. Акрамя таго, важнай тэмай з’яўляецца камфорт жыцця ў гарадах асобаў з інваліднасцю. Па словах намесніка міністра клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы Ірэнэуша Зыскі, на працягу апошніх некалькіх гадоў гарадская палітыка вялікую ўвагу звяртае на павелічэнне зялёнай тэрыторыі ў гарадах.

- Мы ацэньваем гэта вельмі станоўча, паколькі эфекты ўжо бачныя. Многія гарады, а хутчэй іх улады – войты, бургамістры, мэры вялікіх гарадоў – канцэнтруюць увагу на тым, каб ствараць гарадскую прастору, у якой камфортна жывецца жыхарам, але таксама звяртаюць увагу, каб гэтая прастора добра ўпісвалася ў натуральнае асяроддзе і адказвала на выклікі энергетычнай і кліматычнай палітыкі.

Намеснік міністра фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Польшчы Малгажата Ярасіньска-Едынак гаворыць пра пазачарговую сесію, прысвечаную аднаўленню гарадоў пасля войнаў і стыхійных бедстваў.

- Мы хочам перш за ўсё засяродзіць увагу на наступствах вайны ва Украіне, адказаць на пытанне, якім чынам адбудаваць інфраструктуру дзяржавы пасля вайны, але таксама звярнуць увагу на дзейнасць, звязаную з грамадскімі ініцыятывамі.

Сусветны форум гарадоў – гэта найважнейшая міжнародная канферэнцыя па ўстойлівым развіцці гарадоў. Лозунг сёлетняга мерапрыемства – «Мы мяняем нашы гарады на лепшую будучыню».

IAR PR/нг