Беларуская Служба

На польска-беларускае памежжа вяртаецца нармальнае жыццё

01.07.2022 15:03
З сённяшняга дня ў Польшчы можна знаходзіцца ў памежнай з Беларуссю зоне.
Аўдыё
   -
Будова плоту на польска-беларускай мяжы амаль завершыласяPAP/Artur Reszko

Скончылася дзеянне пастановы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі аб забароне доступу звонку ў 183 мясцовасці, размешчаныя блізу мяжы на тэрыторыі Падляскага і Любэльскага ваяводстваў. Пры гэтым улады зазначаюць, што міграцыйны крызіс не закончыўся.

Адмена пастановы аб знаходжанні ў памежнай зоне выкліканая будоваю плоту на мяжы. Фізічны бар'ер ужо амаль гатовы. Агароджа складае амаль 170 кіламетраў. Работы па ўзвядзенні сталёвага плоту завяршаюцца, але ў Памежнай службе падкрэсліваюць, што цалкам агароджа вышынёй 5,5 метраў будзе завершана пасля ўстаноўкі электронных сістэм аховы і маніторынгу мяжы.

Бар’ер аддзяляе Польшчу ад дыктатуры рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, кажа кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі:

-Гэта плот, якія аддзяляе нас ад гэтай змрочнай дыктатуры. Адначасова хачу запэўніць, што наш падыход да беларускай апазіцыі, да беларускага народу не мяняецца. Мы раздзяляем беларускую апазіцыю, народ Беларусі ад змрочнага дыктатара, які сілай і гвалтам кіруе ў краіне.

Электронная сістэма аховы польскай мяжы з Беларуссю павінна запрацаваць у сярэдзіне верасня. Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік на хвалі Польскага радыё падкрэсліў, што ўсе дамовы на яе інсталяцыю ўжо падпісаныя і працы ўжо вядуцца.

-Калі мы ўчора з прэмʼерам былі на мяжы, то на прэс-канферэнцыі СМІ маглі пабачыць слупы, на якіх ужо былі першыя камеры. Але гэта трэба зрабіць на 200 км. Інвестыцыя вялікая, але фірма пераконвае, што да канца верасня яна будзе гатовая. Пасля яшчэ месяц трэба для наладкі, бо гэта інтэлігентная сістэма, якую трэба прыстасаваць да месца, у якім яна знаходзіцца, і ўсё будзе дзейнічаць напоўніцу.

Нягледзячы на тое, што забароны на ўезд у памежныя з Беларуссю мясцовасці больш няма, міграцыйны крызіс не скончыўся. Аб гэтым нагадвае Памежная служба Польшчы і заклікае праяўляць здаровы падыход падчас наведвання гэтай тэрыторыі.

Як паведаміла прэс-сакратарка Памежнай службы лейтэнант Ганна Міхальска, у гарадах Падляшша побач з Беларуссю функцыянеры застануцца.

-Гэты адрэзак мяжы яшчэ не з’яўляецца бяспечным. Стала адбываюцца атакі на пастарункі, патрулі, іх закідваюць камянямі. Памежнікам і вайскоўцам патрэбны супакой, упэўненасць. Яны павінны кантраляваць спробу нелегальных мігрантаў з боку Беларусі, а не сачыць за тым, каб нехта з польскага боку не перакрочыў нелегальна мяжу. Не сустракацца з абразамі.

Ганна Міхальская таксама заклікае жыхароў і турыстаў супрацоўнічаць з памежнікамі і іншымі службамі.

-Для функцыянераў Памежнай службы гэта выключная сітуацыя. Мы працуем пад прэсінгам часу, у дастаткова нервовай атмасферы. Таму я разлічваю і на адказнасць турыстаў, якія будуць знаходзіцца каля мяжы. Каб у выпадку патрэбы, яны выконвалі загад службаў. Мы не вымагаем нейкіх асаблівых паводзін, але калі папросім паказаць дакументы ці пераставіць аўтамабіль, то просім паводзіць сябе адказна і выканаць просьбу службаў.

У многіх мястэчках Падляшша больш няма паліцэйскіх блокаў на ўездзе. Жыхары Крынак кажуць, што прызвычаіліся да такога кантролю.

-Мы ездзілі, калі была патрэба. Максімальна нас правяралі і ехалі далей. Затрымаюць, правераць дакументы, пыталіся, куды едзем. Цяпер гэтага ўжо няма. На пачатку затрымлівалі ўсіх, а потым ужо ведалі, хто з Крынак, то нават не спынялі.

Турыстычная галіна гэтага моманту чакала вельмі доўга. Прадпрымальнікі былі вымушаныя прыпыніць дзейнасць рэстаранаў, гатэляў, забаўляльных месцаў. , якая трымае татарскі рэстаран у вёсцы Крушыняны на Падляшшы, чакала першых кліентаў 10 месяцаў:

-Мы вельмі чакалі гэты дзень. Нарэшце ён наступіў. Татарская юрта – гэта не толькі рэстаран. Гэта таксама мы, татарская сямʼя. Крушыняны – гістарычна татарская вёска, дзе стаіць мячэць, нашыя татарскія могілкі, наш дом. І пра гэта мы расказваем. Мы вельмі сумуем па гасцям, прыязджайце.

Кошт будаўніцтва агароджы на мяжы з Беларуссю складае 1,5 мільярда злотых. Намеснік кіраўніка МУС дадаў, што, нягледзячы на падвышэнне цэнаў на будматэрыялы, выдаткі на будаўніцтва агароджы на польска-беларускай мяжы не будуць істотна адрознівацца ад першапачаткова запланаваных. Ён растлумачыў, што гэта стала магчымым дзякуючы раней закупленым неабходным матэрыялам, а таксама дзякуючы прыцягненню айчынных фірм.


ав