Беларуская Служба

Як правесці працэс эмацыйнай дэтаксікацыі? Гэтаму вучаць беларускіх жанчын у Варшаве

19.07.2022 16:22
Беларускі Дом у Варшаве працягвае псіхалагічна-інтэграцыйныя сустрэчы для жанчын.
Аўдыё
  • Беларусы адчуваюць віну перад палітвязнямі і ўкраінцамі
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/geralt

Вядучыя спатканняў – псіхатэрапеўтка Марта Скугарава ды інструктарка ёгі Кацярына Кузіна прапануюць практыкаванні і вядуць удзельніц праз працэс эмацыйнай дэтаксікацыі.

Гэта ўжо другі цыкл спатканняў для беларускіх жанчын, які пачаўся ў мінулым годзе і карыстаўся вялікай папулярнасцю ў беларусак, якія жывуць у Варшаве. Таму было вырашана яго працягнуць. Мы пабывалі на адной з сустрэч, падчас якой ішла гаворка пра таксічныя эмоцыі віны і сораму, удзельніц вучылі іх аддзяляць адну ад адной і аддзяляцца эмацыйна ад таксічных перажыванняў. Ці можна адчуваць віну за тое, што не зрабіла? Па словах Марты Скугаравай, гэта магчыма.

- Я заўважаю ў сваёй практыцы, што, пачынаючы з 2020 года, у беларусаў і беларусак ёсць таксічнае, разбуральнае пачуццё віны. Часам гэта называюць віной ацалелага – чалавека, які выйшаў з траўматычнай сітуацыі і адчувае віну перад тымі, хто ў ёй застаўся. А цяпер беларусы адчуваюць віну не толькі ў адносінах тых, хто сядзіць за кратамі і тых, хто загінуў за гэтыя гады, але таксама ў адносінах Украіны, украінцаў, таму што з тэрыторыі Беларусі вядзецца нападзенне. Якім чынам можна зменшыць гэтае таксічнае пачуццё? Асноўнае правіла – спрабаваць загладзіць віну. А калі гэта немагчыма (мы не можам затрымаць вайну), трэба імкнуцца рабіць тое, што мы можам зрабіць – займацца валанцёрствам, дапамагаць камусьці, можам выказваць удзячнасць камусьці. І гэта могуць быць нашы блізкія людзі. Мы павінны канкрэтна вызначыцца, у адносінах каго ў нас сапраўды ёсць віна, і гэта дапаможа перажыць пачуццё віны.

Спадарыня Антаніна прыйшла на сустрэчу, каб даведацца, якім чынам спраўляцца з пачуццём віны за страшныя рэчы, якія адбываюцца ў Беларусі, на якія мы не можа аказваць радыкальнага ўплыву. Паводле яе словаў, пачуццё віны звязана з сумленнем.

- Я - хрысціянка, і для мяне голас Бога – гэта сумленне. А калі ты паступіў насуперак сумлення, паяўляецца віна. І ты можаш або справіцца з гэтым пачуццём, або не. Я стараюся раскласці пачуццё віны па палічках і праверыць, ці сапраўды я вінаватая. І гэта мяне ратуе. Я дасведчаны чалавек у галіны літаратуры і мастацтва. На пачуцці віны збудавана мноства мастацкіх твораў. Гэта адно з базавых пачуццяў чалавека, таксама, як пачуццё любові ды эмпатыі. Літаратурныя героі мне дапамагаюць, таму што я ведаю, што гэта ўжо з кімсьці было. Калі мы чытаем літаратуру, глядзім кінафільмы, мы перажываем разам з героямі ўвесь «ворах» перажыванняў, увесь цяжар чалавечых страсцяў. Віна – гэта таксама страсць.

Адна з вядучых спаткання інструктарка ёгі Кацярына Кузіна кажа, што асабіста ёй дапамагае справіцца са складанымі пачуццямі.

- Калі побач нас няма нашых родных, блізкіх, нашым сябрам можа стаць аловак і дзённік. Пры дапамозе такіх сяброў можна распутаць нейкі клубок пачуццяў. Сёння мы працавалі з удзячнасцю. У віры праблем мы перастаем заўважаць, што ёсць дах над галавою, ёсць гарачая вада і ёсць ногі, якія нас нясуць. Другі раз на сустрэчы прыходзіць адна жанчына, якая сказала, што ў яе няма каранёў. Аднак першы раз яна магла толькі плакаць, а сёння ўжо згадала пра ўдзячнасць, якую яна адчувае да палякаў, калі тыя спрабуюць яе зразумець. І гэта значыць, што яна ўжо пусціла маленькі карэньчык.

Наступная сустрэча для жанчын у Беларускім доме прысвечана пачуццю бяспекі і спакою ў жыцці ў неспакойным свеце.

нг