Беларуская Служба

Расіяне крадуць дзяцей ва Украіне і вывозяць іх у Расію

26.07.2022 16:09
Яны намераны вельмі хутка праводзіць працэс усынаўлення, каб не было магчымасці вярнуць дзяцей ва Украіну або каб гэта было максімальна цяжка зрабіць.
Аўдыё
  • Расіяне дэпартуюць з Украіны дзяцей
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/LysogSalt

Расійскія войскі не толькі знішчаюць украінскія гарады і забіваюць украінскіх вайскоўцаў ды мірных жыхароў. Яны ў прамым сэнсе гэтага слова крадуць у ўкраінцаў будучыню, паколькі дэпартуюць у Расію тысячы ўкраінскіх дзяцей.

Расіяне незаконна крадуць дзяцей ва Украіне, вывозяць іх у Расію і намераны вельмі хутка праводзіць працэс усынаўлення, каб не было магчымасці вярнуць дзяцей ва Украіну або каб гэта было максімальна цяжка зрабіць.

Некалькі дзён таму Нацыянальнае інфармацыйнае бюро Украіны паведаміла, што акупанты дэпартавалі ўжо 5100 непаўналетніх асобаў. І гэта не нейкія абстрактныя асобы, а канкрэтныя дзеці, якіх можна назваць па імені і прозвішчы.

Пра незаконны вываз расіянамі ўкраінскіх дзяцей распавяла ўпаўнаважаная прэзідэнта Украіны па правах дзіцяці Дар'я Герасімчук у эфіры ўкраінскага тэлебачання ICTV. Каб даведацца, дзе знаходзіцца тое ці іншае дзіця, а таксама ў якіх умовах яно знаходзіцца, часта даводзіцца звяртацца ў розныя міжнародныя арганізацыі. У прыватнасці, вядзецца работа з Чырвоным Крыжам. Гэта розныя дзеці – не толькі сіроты, – адзначыла Герасімчук.

- Спіскі дзяцей далей перадаюцца ў Міжнародны Чырвоны крыж ды іншыя арганізацыі, якія могуць дапамагчы Украіне знайсці гэтых дзяцей на тэрыторыі Расіі ці часова акупаваных тэрыторыях. Гісторыі гэтых дзяцей розныя. Праблемай Вяртання дзяцей займаецца вялікая каманда ва Украіне. Нам удалося высветліць, што ёсць як дзеці, пазбаўленыя бацькоўскай апекі, так і дзеці, дэпартаваныя разам з бацькамі ці іншымі дарослымі, з якімі яны знаходзіліся на той момант. Нам трэба знайсці абсалютна кожнае дзіця, высветліць яго месцазнаходжання і маніторыць умовы знаходжання. На жаль, у Украіны няма доступу да тэрыторыі РФ ці часова акупаваных тэрыторый. Таму мы звяртаемся да міжнародных арганізацый.

Дар’я Герасімчук сказала, што немагчыма звяртацца да міжнародных арганізацыяў з просьбаю вярнуць непаўналетніх на радзіму, бо гэтыя арганізацыі проста не маюць такіх паўнамоцтваў. Аднак іх супрацоўнікі могуць дапамагчы даведацца пра месцазнаходжанне і ўмовы пражывання ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі або на тэрыторыях, часова акупаваных расійскімі войскамі.

Пуцін падпісаў указ, які спрашчае атрыманне расійскага грамадзянства ўкраінцамі, у тым ліку ўкраінскімі дзецьмі, асабліва сіротамі.

Дзеці – гэта тая сацыяльная група, якая найбольш пакутуе ад вайны. Яны цалкам залежаць ад дарослых, вайна разбурае іх пачуццё бяспекі і веру ў дарослых, у тое, што мама, тата ды іншыя людзі ў іх атачэнні ведаюць, што рабіць і ў выпадку небяспекі змогуць абараніць дзяцей. Вайна для дзіцяці – абсалютнае зло, і пры гэтым зло абсалютна незразумелае і абсурднае. Ва ўсе часы і ў любой краіне дзеці не жадаюць вайны і, калі б ад іх гэта залежала, зрабілі б усё, каб вайны не было.

У Любліне вырашылі паказаць, як дзеці розных часоў бачаць вайну. Там працуе выстава, на якой прадстаўлены малюнкі польскіх дзяцей з часоў Другой сусветнай вайны і ўкраінскіх дзяцей нашых часоў. Экспазіцыя называецца «Мама, я не хачу вайны», – кажа дырэктар Дзяржаўнага архіва ў Любліне кандыдат навук Пётр Дымель (Piotr Dymmel).

- Мы можам убачыць увесь трагізм вайны, як яго бачаць дзеці. Здымкі паказваюць перажыванні, эмоцыі, траўму, звязаныя з ваеннымі падзеямі. Але ёсць таксама спадзяванні і надзея.

Малюнкі на выставу прысылалі дзеці з усёй Украіны. Аднолькавая мара як польскіх дзяцей часоў сусветнай вайны, так і сённяшніх украінскіх дзяцей – жыць у мірнай, незалежнай дзяржаве, – адзначае адна з арганізатарак экспазіцыі Наталля Олэнец.

- Мы глядзім на малюнкі польскіх дзяцей часоў Другой сусветнай вайны, мы глядзім на сучасныя малюнкі ўкраінскіх дзяцей і бачым адно агульнае. Іх жаданне жыць у мірнай, незалежнай дзяржаве, без усякай агрэсіі.

Выстава будзе працаваць да 13 верасня на панадворку Дзяржаўнага архіва ў Любліне.

нг