Беларуская Служба

Беларуска пра палякаў, якія прынялі ў свой дом яе сям'ю: «Мы за іх молімся кожны дзень»

09.08.2022 09:00
«Я сядзела з ключом і плакала, думала, ці змагла б я пусціць у свой дом зусім чужога чалавека».
Аўдыё
  • Два гады рэпрэсіяў у Беларусі
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/brittywing

За апошнія два гады тысячы беларусаў спазналі на ўласнай асобе рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў. І нават не трэба было хадзіць актыўна на пратэсты, каб падпасці пад «раздачу». 

Прыклад беларусаў, якіх закранулі рэпрэсіі – спадарыня Антаніна і яе сям'я. У яе муж быў актывістам, а яна сама старалася не браць удзелу ў пратэстах, але і так пацярпела. Цяпер жыве ў Польшчы разам з сям’ёй.

- У мяне муж – змагар. Ды я і сама змагарка, але не хадзіла на барыкады, таму што была з дзецьмі ў хаце, даглядала за імі. Але, нягледзячы на тое, што я старалася не ўдзельнічаць у пратэстах, я, як кажуць «па-французску», адгрэбла па поўнай і ад гэтай улады, і ад сітуацыі, і ад рэвалюцыі. Пачынаючы з 9 жніўня (2020 г.), я бегала з-пад святлошумавых гранат, мне спрабавалі званіць і ціснуць псіхалагічна. Але самы вялікі кашмар пачаўся, калі ўжо нас злавілі, затрымалі на заправачнай станцыі, у машыне. Гэта быў лістапад 2020 года. Мы трапілі ў турму. Муж застаўся за кратамі на даўжэй. Я была адна, праходзіла праз ператрус, праз ціск, гэта цяжкія перажыванні, пакуты. Прайшла праз перадачы на Акрэсціна, сумна вядомае.

З таго страшнага часу ў Антаніны засталіся цяжкія ўспаміны, але ў гэтым моры людскога гора і слёзаў ёсць таксама праменьчык радасці і надзеі. Гэта звязана з людзьмі, якія дапамагалі затрыманым, якія аказвалі рознага роду падтрымку абяздоленым людзям.

- Вялікі дзякуй усім валанцёрам, хай Бог дасць ім шчасце. Я вельмі ўдзячная ўсім людзям, якія тады мяне не пакінулі адну – шукалі адвакатаў, спрабавалі насіць і перадаваць перадачы майму мужу. Дзякуй Богу, мы ўсё гэта перажылі. Яго адпусцілі, дарэчы, нейкім цудам, паколькі праз два дні па яго зноў прыйшлі, але тады ён ужо вылецеў у Польшчу. Яму дапамаглі хлопцы з «Вясны» (Праваабарончы цэнтр «Вясна» – рэд.). Я чакала, калі мой старэйшы сын закончыць школу. А пазней я зразумела, што ўжо нельга чакаць, атмасфера становіцца ўсё больш густой, яшчэ пачалася вайна. Так што я, канешне, планавала ад’езд, але сітуацыя склалася такім чынам, што і планаваць не трэба. А проста браць і з’язджаць. Я зразумела, што ніякім чынам не хачу быць датычнай да гэтай сітуацыі. Усіх спрабуюць павязаць крывёю, па ўсіх людзях ідзе глабальная прапагандысцкая машына.

Наша суразмоўца кажа, што яна вельмі не хацела, каб дзяржаўная прапаганда негатыўна ўплывала на псіхіку яе дзяцей.

- У нашых школах гэта асабліва адчуваецца. Я сама доўга працавала ў сістэме адукацыі і ведаю, што прапаганда – гэта небяспечная штука. Я магу дома вельмі правільна выхоўваць сваіх дзяцей, але застаецца школа. Малодшы сын прыходзіў са школы амаль што з плачам, яму даставалася за бацьку. Пачалося з таго, што яго пераследавалі ў школе за тату. У школе павінны вучыць матэматыцы, фізіцы і хіміі, але там пачалі вучыць зусім іншым рэчам – што тата яго здраднік, мама – таксама здраднік, карацей кажучы, мы – ворагі народу і г.д. І мы з’ехалі. Таму што здалёк, аказваецца, можна зрабіць больш, чым унутры, акрамя таго, можна зберагчы сябе, зберагчы розум, псіхіку.

Антаніна расказвае, што пераезд быў вельмі нялёгкім, паколькі не ўдалося добра падрыхтавацца, у Польшчы ў іх не было месца для жыцця.

- Муж жыў у інтэрнаце, ён не быў гатоў, каб нас прыняць. Мы прыехалі ў адну ноч з заплечнікамі. Пачала шукаць жыллё, а жыць няма дзе. Грошай мала, мы дзве ночы пераначавалі ў самым танным гатэлі, а пазней добрыя людзі падказалі, што можна напісаць у BySol, можа нехта з палякаў дапаможа, дасць куток. І здарыўся цуд. Гэта было яшчэ ў Беластоку, было вельмі холадна, агідна, а я яшчэ была хворая ангінай, сын перанёс аперацыю на твары. Нам вельмі не хацелася быць на вуліцы. Нам пазваніла пані Маніка, яе муж пан Матэвуш і сын пан Януш далі нам вугал у сваім доме і сказалі – не трэба ніякай платы, нічога, калі ласка, ключ, колькі трэба, столькі і жывіце. Я сядзела з гэтым ключом і плакала, думала, ці змагла б я пусціць у свой дом зусім чужога чалавека. І яны так клапаціліся пра нас. Маніка запытала сына, колькі яму гадоў, ці займаецца спортам. Ён кажа, што займаўся, але тут не ведае, куды падацца. Яна праз сваіх знаёмых знайшла кантакт, дала яму, яго ўзялі ў клуб, ён грае, займаецца любімай справай. Для мяне гэта проста за гранню. Адна справа – накарміць чалавека, а іншая справа – разгледзець чалавека, убачыць, што ў яго ёсць мэта ў жыцці. Мы за гэтую цудоўную сям’ю молімся кожны вечар.

нг