Беларуская Служба

Увесь свет сочыць за самалётамі – новая мода на авіяспоцінг

09.08.2022 16:25
Санкцыі заходніх краін заблакавалі многія міжнародныя авіярэйсы, а канфліктная сітуацыя ва Украіне падштурхоўвае да цікаўнасці пра тое, што адбываецца ў паветранай прасторы ў такім хаосе.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Dale Coleman/Wiki/lic. GNU.

Увесь свет сочыць за самалётамі онлайн, пра новае масавае захапленне авіяспоцінгам, піша Rzeczpospolita.

Не будзе перабольшаннем сказаць, што за палётам амерыканскага ўрадавага самалёта з Нэнсі Пелосі на борце, якая ляцела на Тайвань, сачыў увесь свет. Серверы платформы Flightradar, якая дазваляе ў рэжыме рэальнага часу назіраць за палётамі тысяч самалётаў, былі настолькі перагружаныя, што практычна не маглі працаваць. Па дадзеных прадстаўнікоў вэб-сайта, амаль 3 мільёны чалавек наведалі гэты сайт, каб назіраць за падарожжам Нэнсі Пелосі з Куала-Лумпура ў Тайбэй, сталіцу Тайваня. Гэта рэкорд у гісторыі сайта, які з'яўляецца самай папулярнай інтэрнэт-пляцоўкай для назірання за самалётамі ў свеце.

У 2022 годзе, у тым ліку з-за вайны ва Украіне, цікавасць да адсочвання палётаў набыла сусветны маштаб. Размова ідзе як пра ваенную, так і пра камерцыйную авіяцыю. Як вядома, санкцыі заходніх краін заблакавалі многія міжнародныя авіярэйсы, а канфліктная сітуацыя ва Украіне падштурхоўвае да цікаўнасці пра тое, што адбываецца ў паветранай прасторы ў такім хаосе. Пасля пачатку вайны ва Украіне сотні тысяч людзей кожны дзень адсочвалі палёты самалётаў NATO з ваеннай тэхнікай у аэрапорт Жэшува, які стаў галоўным пунктам перавалкі зброі, якая адпраўляецца ва Украіну. Сотні тысяч людзей таксама сачылі за таямнічымі палётамі расійскіх урадавых самалётаў, якія пасля пачатку вайны рэгулярна ляталі з Масквы ў аэрапорты за Урал і ў Сібір, і г.д.

Людзей цікавяць авіяпадарожжы зорак і мільярдэраў. Дзякуючы магчымасці адсочвання палётаў, заможныя і знакамітыя людзі страцілі сваю ананімнасць у паветры. У выніку высветлілася, што многія з гэтых людзей разглядаюць прыватныя самалёты як таксі, што прыводзіць да значных выкідаў у навакольнае асяроддзе і выклікае іміджавыя скандалы. Прыватнасці больш няма нават у небе.

вх