Беларуская Служба

85-я гадавіна савецкага генацыду палякаў

11.08.2022 14:48
11 жніўня 1937 г. з ведама Сталіна народны камісар унутраных спраў Мікалай Яжоў выдаў загад аб пачатку масавага знішчэння палякаў у СССР.
.
.kropekk_pl/pixabay.com/CC0

«Польская аперацыя НКУС» фактычна была злачынствам генацыду супраць палякаў, нагадвае «Gazeta Polska».

Паводле даследчыкаў з расійскага «Мемарыялу», «менш чым за 16 месяцаў было арыштавана больш за 143 тысячы чалавек, амаль 140 тысяч судзілі, у тым ліку прынамсі 111 091 прысудзілі да смяротнага пакарання, што складае 80% абвінавачаных». Аднак, гэта няпоўныя лічбы ў выніку адсутнасці доступу да расійскіх і беларускіх архіваў, а некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што ў выніку расійскага генацыду за гэты час загінула больш за 200 тысяч палякаў. Паводле савецкіх крыніц, каля 29 тысяч людзей польскай нацыянальнасці павінны былі быць адпраўленыя ў працоўныя лагеры.

Арыштаваных палякаў планавалася падзяліць на групы: «Першую катэгорыю, да якой адносяцца ўсе кадры шпіёнска-дыверсійнай, зламыснай і паўстанцкай разведкі, расстрэльваць; другую катэгорыю, менш актыўных – саджаць у турму на 5-10 гадоў». Заканчэнне аперацыі было намечана на 20 лістапада 1937 года.

НКУС спяшалася і часта забівала палякаў (большасць стрэлам у патыліцу) яшчэ перад зацвярджэннем прысуду гэтак званай «Двойкай» на Лубянцы. Сляды злачынства знішчаліся шляхам кідання целаў забітых у ямы, размешчаныя ў лясах, напр. у Быкоўні і Курапатах, але іх безыменныя магілы ёсць і ў іншых месцах былога СССР.

Праз чатыры дні пасля выхаду першага загаду Яжоў выдаў чарговы, у якім канкрэтызаваў суд над сем'ямі (пераважна жанчынамі і дзецьмі) арыштаваных. У загадзе 00486 ён рэкамендаваў незалежна ад стану іх здароўя «асуджаць на 5-8 гадоў па абвінавачанні ў тым, што яны ведалі аб контррэвалюцыйнай дзейнасці сваіх блізкіх».

ав