Беларуская Служба

Аляксандр Апейкін у Дзень спартыўнай салідарнасці: Маральная перамога адбылася цалкам

30.09.2022 09:18
Два гады таму, 30 верасня 2022 года, рэжымам Лукашэнкі была затрымала беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка. 
Аўдыё
  • Аляксандр Апейкін у Дзень спартыўнай салідарнасці: Маральная перамога адбылася цалкам
Аляксандр Апейкінпрыватны архіў спартсмена

30-га верасня – Дзень спартыўнай салідарнасці.

Гэта сімвалічная дата. Два гады таму, 30 верасня 2022 года, рэжымам Лукашэнкі была затрымала беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка. Алена пацярпела за тое, што выйшла падтрымаць свой народ і выступіць супраць гвалту і хлусні. Пасля яе затрымання шмат беларускіх спартсменаў і клубаў выказалі сваю салідарнасць з ёй і байкатавалі спартыўныя чэмпіянаты. Пачалася хваля спартыўнай салідарнасці.

Вольныя спартсмены аб'ядналіся ў Фонд спартыўнай салідарнасці. На працягу двух гадоў ён аказваў дапамогу рэпрэсаваным спартсменам, пасля пачатку вайны ва Украіне стварыў антываенную дэкларацыю, якую падпісалі алімпійскія пераможцы, еўрапейскія і сусветныя чэмпіёны.

У Дзень спартыўнай салідарнасці мы паразмаўлялі з выканаўчым дырэктарам фонду Аляксандрам Апейкіным. Аналізуючы апошнія два гады ён звяртае ўвагу на спецыфіку псіхалогіі спартсменаў.

-Гэта людзі з іншай псіхалогіяй. Гэта людзі, якія гатовыя бегчы марафон, якія разумеюць, што для дасягнення выніку трэба працаваць гадамі. Спартсмены – гэта людзі, якія ў стане мабілізацыі жывуць усё жыццё. Гэта сталая спаборніцтва і канкурэнцыя. Таму іх свядомасць больш прыстасаваная да барацьбы. Прайшло два гады, а нашая супольнасць не становіцца меншай, наадварот яна становіцца большай. Людзі, якія зʼехалі, яны ўжо адышлі ад шоку. Яны зараз гатовы рабіць акцыі, працаваць на змены. Ніхто не спыніўся, можа адзінкі. Колькасць людзей, якія захавалі пазіцыю і гатовыя яе выказваць, мяне ўражвае. Гэта каля 100 чалавек. Гэта актыў, з якім можна змяніць індустрыю, я не кажу пра ўсё грамадства. Мы можам змяніць індустрыю ў новай Беларусі, у ментальным сэнсе. Гэта тое, што дае магчымасць беларускаму спорту аднавіцца. Гэтыя людзі змогуць вярнуць беларускі спорт на вышыні. Я на ўсё гляджу з аптымізмам.

Многія спартсмены, якія не змаглі больш займацца спортам у Беларусі, змаглі аднавіць курʼеру за мяжой, некаторыя яе спынілі. Аляксандр Апейкін звяртае ўвагу, што для вольных спартсменаў галоўнай стала не кар’ера, а сумленне.

-Ёсць спартсмены, якія працягваюць кар’еру, тыя, што скончылі, тыя, што заняліся трэнерскай працай. Галоўнае, на што мы ўсе пагадзіліся, гэта прыярытэт нашых каштоўнасцяў. На першым месцы – нашая чалавечая годнасць, грамадзянская пазіцыі, не прыняцце гвалту, дыктатуры, беззаконня. Усё астатняе, прафесійная кар’ера – на другім месцы. У гэтым моц гэтых людзей. Шмат хто адмовіўся ад перспектыў у спорце, людзі згубілі фінансавы падмурак, але яны захавалі самае каштоўнае – пазіцыю і гонар. Насамрэч, гэта вельмі моцная перамога. Я ўпэўнены, што лукашысты і яго псеўдаспартыўная эліта меркавалі, што яны змогуць зламаць людзей. Гэтага не адбылося. Маральная перамога адбылася цалкам.

Мерапрыемствы з нагоды Дня спартыўнай салідарнасці праходзяць дзякуючы нізавым ініцыятывам. Фонд адмыслова прыняў такую форму святкавання.

-За ўвесь час існавання таталітарнага рэжыму ў беларусаў склалася культура, калі людзі чакаюць ініцыятывы зверху. Гэта няправільны падыход. Грамадзянская супольнасць – гэта нізавыя ініцыятывы. Сэнс у тым, што мы імкнемся да таго, каб дыяспары, спартсмены, людзі самыя праявілі ініцыятыву. Гэта вельмі каштоўны час, калі беларусы жывуць за мяжой. Гэта дасць магчымасць пазнаёміцца з тым, як працуюць еўрапейскія краіны, а потым гэты досвед вярнуць у Беларусь. Гэта галоўная задача. Такім чынам можна будзе змяняць грамадства. Змены – гэта не толькі сыход Лукашэнкі і яго атачэння. Гэта змена свядомасці людзей.

Мерапрыемствы з нагоды Дня спартыўнай салідарнасці праходзяць амаль ва ўсіх краінах, дзе ёсць беларуская дыяспара. Падрабязнасці шукайце ў сацсетках Фонду.

ав

слухайце аўдыё