Беларуская Служба

Ціханоўская: «Дыктатура рухне, а тыя адносіны, якія зараз будуюцца паміж польскім і беларускім народамі застануцца на стагоддзі»

09.12.2022 14:02
Перад зімовымі святамі Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда запрасіў на сустрэчу Святлану Ціханоўскую і прадстаўнікоў беларускай дыяспары, палітычных уцекачоў з Беларусі.
Аўдыё
  • 8.12.2022 у Прэзідэнцкай рэзідэнцыі Бельведэр прайшла сустрэча Прэзідэнта А.Дуды з С. Ціханоўскай і беларускай дыяспарай у Польшчы
У Бельведэрыprezydent.pl

Сустрэча адбылася ў чацвер вечарам у палацы Бельведэр у Варшаве.

Прэзідэнт Анджэй Дуда падкрэсліў, што гэтая сустрэча з'яўляецца сімвалам таго, што Польшча прымае беларусаў цэлым сваім сэрцам. Дуда ў чарговы раз зазначыў, што беларусы атрымліваюць у Польшчы падтрымку як на грамадскім так і дзяржаўным узроўні.

- І каб вы зразумелі, што калі для палякаў існуе незалежная і вольная Беларусь, то яна існуе менавіта ў вас. Палякі глыбока вераць, што гэтая барацьба, якая працягваецца, закончыцца перамогай беларусаў, якія жадаюць свабоднай і суверэннай дзяржавы.

Прэзідэнт Дуда зазначыў, што палякі хочуць дзяліць мяжу са свабоднай Беларуссю, дзе сам народ выбірае сваю будучыню.

- Мы не хочам мець мяжу з краінай, якая акупаваны Расіяй, расійскім войскам, якая знішчае свабодны народ. Мы падтрымлівалі і надалей будзем падтрымліваць вас у тым, каб вы зноў атрымалі сваю вольную і незалежную радзіму. Але пакуль гэтага не адбылося, вы мусіце ведаць, што можаце адчуваць сябе ў нашым краю як у сябе дома.

Прэзідэнт Дуда паабяцаў, што ён зробіць усё магчымае, каб увесь свет зразумеў, што сапраўдныя беларусы не зʼяўляюцца паплечнікамі Расіі.

- Сапраўдныя беларусы ніколі не пагодзяцца з расійскай дамінацыяй і яны не зʼяўляюцца часткай рускага міру.

8.12.2022, Бельведэр 8.12.2022, Бельведэр

Лідарка беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская сказала, што няма такіх словаў, каб выказаць падзяку Польшчы за ўсю падтрымку беларусам і што беларусы ніколі не забудуць аказаную гасціннасць і рашучасць.

- Гэтая сённяшняя нашая сустрэча гэта не толькі жэст салідарнасці з беларусамі, якія бачаць Беларусь свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай краінай. Гэта таксама мэсідж беларусам, якія зараз за кратамі, што свет пра іх памятае.

«Дыктатура рухне, а тыя адносіны, якія зараз будуюцца паміж польскім і беларускім народамі застануцца на стагоддзі», казала Ціханоўская.

- Я ўпэўнена, што Украіна пераможа, а Беларусь стане свабоднай. Так, гэта справа, гэта абавязак саміх беларусаў. Толькі мы самі зможам вярнуць сабе сваю краіну, але ж гэта не простая справа. Але калі побач такія сябры як Польшча, то няма нічога немагчымага.

Падчас сустрэчы ў Белведэры Святлана Ціханоўская звярнулася і да беларусаў:

- Я хачу падзякаваць кожнаму з вас за тое, што не здаліся, за тое, што не апусцілі рукі, за тое, што верыце і змагаецеся. Наш шлях да свабоды аказаўся не такім хуткім і не такім простым, як нам усім хацелася б. Але калі мы прайшлі ўжо такую дарогу разам, то я не бачу ніводнай прычыны, чаму мы не давядзем нашу справу да канца.

У сувязі з тым, што 10 снежня ў Осла ўручаюць Нобелеўскую прэмію міру, а яе лаўрэат Алесь Бяляцкі знаходзіцца за кратамі, куды яго кінуў рэжым Лукашэнкі, у Бельведэры згадалі праваабаронцу кароткім фільмам, а вытрымкі з яго прозы зачытаў Алег Гарбуз. З музычнай часткай выступіў гурт Navi Band.

Беларускі навуковец, грамадскі дзеяч і палітык Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што Польшча дапамагае беларусам не толькі праграмамі, а таксама на міжнародным форуме адстойвае праўду пра лукашэнкаўскі рэжым і беларускі народ.

- Польшча мае сурʼёзныя праграмы і столькі гадоў, калі яшчзэ дыктатура была слабая ўжо былі праграмы па падтрымцы дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці, медыяў. Палякі развіваюць гэтыя праграмы не гледзячы, што столькі трэба дапамогі Украіне. Але я хачу сказаць, што Польшча адыгрывае велізарную ролю ў лобінгу Беларусі на захадзе. Мы былі такія «цудоўныя, фантастычныя», калі рабілі маніфестацыю ў 2020, потым не атрымалася перамога і калі з нашай тэрыторыі пачалі страляць: ракетамі па братах украінцах, канешне завагалася апінія беларусаў. А палякі, я аддам ім належнае, больш за ўсіх лабіруюць пазітыўны абраз беларусаў.

Аляксандр Азараў, прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінета Беларусі кажа, што беларусам у Польшчы патрэбная падтрымка двух відаў:

- Першая дапамога, якую могуць усе бачыць, гэта дапамога ўцекачам пацярпелым ад рэжыму, якія кінулі ўсё і не могуць вярнуцца. А другая дапамога – дапамога розным беларускім арганізацыям, якія хочуць вярнуць у Беларусь законнасць і правапарадак, якія маюць свой план і палякі могуць дапамагчы той план удасканаліць, выканаць некаторыя дзеянні, каб мы маглі вярнуцца назад у Беларусь. Бо адна толькі дапамога пацярпелым не прынясе перамогі над Лукашэнкам. Ён не сыдзе ад гэтага, а застанецца і будзе надалей катаваць беларусаў.

Алесь Зарэмбюк, кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве хоча, каб польская меншасць у Беларусі мела такія самыя правы, як беларуская дыяспара і беларуская меншасць у Польшчы.

- Я перакананы, што ўсе помнікі, могілкі знішчаныя лукашэнскаўскай незаконнай уладай, я маю на ўвазе польскія вайсковыя могілкі, яны будуць адноўленыя за кошт дзяржаўнага бюджэту Беларусі. Гэтае варварства не прызнам беларускага народу, гэта лукашысты і лукашызм, які хоча пасварыць самыя блізкія народы паміж сабою: беларусаў і палякаў, а прэзідэнт Польшчы нас абʼядноўвае, ён дэманструе, што беларусы і беларускае пытанне застаецца на вельмі высокім парадку дня і сярод палякаў, і сярод польскага ўраду і ў прэзідэнта.

Сустрэча Прэзідэнта Анджэя Дуды з Святланай Ціханоўскай і беларускай дыяспарай у Польшчы адбылася ў чацвер 8 снежня вечарам у прэзідэнцкім палацы Бельведэр у Варшаве.

яс