Беларуская Служба

У буйнейшай у Польшчы дабрачыннай акцыі сабрана амаль 33 млн еўра

30.01.2023 14:15
За 31 год існавання акцыі куплена больш за 70 тыс. адзінак медыцынскай тэхнікі і абсталявання на 371 млн. еўра. 
120 . ,      ,      ,   ,  ,
120 тыс. валанцёраў, сярод якіх шмат моладзі і школьнікаў, на вуліцах польскіх гарадоў і вёсак, у гандлёвых цэнтрах, на транспарце, вакзалах і ў іншых грамадскіх месцах збіралі грошы на дабрачынную мэту PAP/Darek Delmanowicz

У буйнейшай у Польшчы дабрачыннай акцыі «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» сабрана больш за 154 млн злотых (каля 32 млн 700 тыс. еўра).

Мерапрыемства традыцыйна адбываецца пасля зімовых святаў з 1993 года. Сёлета прайшла 31-я акцыя, паведамляюць польскія сродкі масавай інфармацыі.

120 тыс. валанцёраў, сярод якіх шмат моладзі і школьнікаў, на вуліцах польскіх гарадоў і вёсак, у гандлёвых цэнтрах, на транспарце, вакзалах і ў іншых грамадскіх месцах збіралі грошы на дабрачынную мэту ў нядзелю, 29 студзеня. Кожны жадаючы мог кінуць у скарбонку любую суму, нават самую дробную, а ўзамен атрымаць налепку – чырвонае сэрца, якую можна наклеіць, напрыклад, на вопратку.

Сярод валанцёраў – дарослыя і дзеці, старэйшыя асобы, а таксама сэлэбрыці.

У 1993 годзе акцыю прыдумаў журналіст і грамадскі дзеяч Юрэк Оўсяк, і цягам усяго гэтага часу ён стаіць у штурвала Вялікага аркестра святочнай дапамогі.

Сёлета акцыя прайшла ў Польшчы ды многіх краінах свету, у прыватнасці, у Вялікабрытаніі, Ірландыі, Германіі, Нідэрландах, Бельгіі, ЗША ды нават у далёкай Аўстраліі.

Грошы збіраліся ня толькі на вуліцах, але і на аўкцыёнах. Сярод лотаў, у прыватнасці, рэчы і прадметы ад вядомых людзей, альбо, для прыкладу, вячэра з імі ў рэстаране ці проста праведзены час.

Сёлета сабраныя сродкі будуць выдаткаваныя на закуп медыцынскага абсталявання для хуткага выкрыцця сепсісу.

За 31 год існавання акцыі «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» было куплена больш за 70 тыс. адзінак медыцынскай тэхнікі і абсталявання на суму прыкладна ў 1 млрд 750 млн злотых (больш за 371 млн. 500 тыс. еўра). Гэтая апаратура працуе ў больш чым 600 бальніцах і клініках Польшчы.

Але не ўсім падабаецца Вялікі аркестр святочнай дапамогі. Нягледзячы на тое, што мэта акцыі – дабрачынная, многія прадстаўнікі правых сіл і каталіцкага касцёла лічаць яе «лявацкай». Правыя зазначаюць, што мерапрыемства пашырае геданізм і нігілізм. Для прыкладу, учора дзяржаўнае тэлебачанне, якое знаходзіцца пад кантролем кіруючай кансерватыўна-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць», найбуйнейшай у Польшчы дабрачыннай акцыі прысвяціла ў навінах толькі 10 секунд. А некалькі гадоў таму Каталіцкі касцёл спрабаваў наладзіць у гэты дзень сваё дабрачыннае мерапрыемства, але нічога з гэтага не атрымалася.

вс