Беларуская Служба

Еўрапейская інспекцыя OLAF вядзе праверку адносна польскага еўрадэпутата Януша Вайцяхоўскага

09.09.2019 16:16
Вайцяхоўскі з’яўляецца кандыдатам Польшчы на пасаду камісара па справах сельскай гаспадаркі.
Janusz Wojciechowski
Janusz Wojciechowski PAP/Jacek Turczyk

Еўрапейская інспекцыя па барацьбе з махлярствам OLAF пацьвердзіла, што вядзе праверку адносна польскага еўрадэпутата Януша Вайцяхоўскага. Справа тычыцца гадоў 2009-2016.

Цяпер Вайцяхоўскі з’яўляецца кандыдатам Польшчы на пасаду камісара па справах сельскай гаспадаркі.

«Тое, што OLAF праводзіць разгляд справы, не азначае, што дадзеная асоба ўчыніла злачынства альбо здзейсніла махлярства. OLAF цалкам паважае прэзумпцыю невінаватасці і права на абарону зацікаўленых асоб», – напісана ў каментары, які ад прэс-бюро інспекцыі атрымала карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі.

Аб расследаванні па справе Вайцехоўскага ў пятніцу напісаў нямецкі тыднёвік «Der Spiegel», і затым міжнародныя агенцтвы AFP i DPA.

Януш Вайцяхоўскі сказаў Польскаму радыё, што праверка яго рахункаў ужо завершана. Ён растлумачыў, што OLAF вывучыў яго рахункі за 2009-2016 гг. і выявіў – як ён сказаў – «невялікія памылкі ў бухгалтарскім уліку».

Януш Вайцяхоўскі падкрэсліў, што было вывучана больш за тысячу яго рахункаў, а памылкі выяўлена толькі ў 9. «Яны не нанеслі шкоды Еўрапарламенту», – сказаў Вайцяхоўскі.

Ён таксама нагадаў, што ў 2016 годзе, па ўласнай ініцыятыве, вярнуў больш за 11 тысяч еўра, каб пакрыць транспартныя выдаткі, якія былі недастаткова дакументаваны.

яс

Больш на гэтую тэму: Польшча - Еўрапейскі Саюз