Беларуская Служба

Сёння так званая Чорная пятніца - дзень маштабных распродажаў

27.11.2020 12:24
Польскае Упраўленне па канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў папярэджвае, што пасля Чорнай пятніцы ў бюро паступае шмат скаргаў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Сёння так званая Чорная пятніца, гэта значыць, маштабная аднадзённая акцыя, якая праходзіць кожны год у чацвёртую пятніцу лістапада. Шмат дзён прадпрымальнікі спакушаюць кліентаў рознымі промаакцыямі. Польскае Упраўленне па канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў папярэджвае, што пасля Чорнай пятніцы ў бюро паступае шмат скаргаў.

Па словах прэзідэнта UOKiK Томаша Хрустнага, скаргі на акцыі ды распродажы складаюць каля 10 адсоткаў усіх зарэгістраваных парушэнняў. Ён тлумачыць, што найбольш распаўсюджаная з'ява - акцыі і распродажы, якія на самой справе не такія прывабныя, як прадстаўляе прадавец. Можа здарыцца так, што цана спецыяльна павышаецца перад продажам, каб зрабіць пакупку больш прывабнай, прадставіўшы няправільнае зніжэнне кошту. "Спажыўцам рэкамендуецца быць асцярожнымі, а прадпрымальнікам - быць сумленнымі з кліентамі", - падкрэслівае прэзідэнт UOKiK.

Ён таксама раіць пакупнікам параўноўваць цэны на надзейных сайтах для параўнання, а таксама правяраць асобу прадаўца і магчымасць звязацца з ім. Калі такой інфармацыі на сайце няма, гэта можа быць ашуканец, які незаконна прапануе такія прадукты, як гульні або праграмнае забеспячэнне.

У гэтым годзе з-за абмежаванняў, звязаных з COVID-19, продажы ў асноўным адбываюцца ў Інтэрнэце. Большасць крам у гандлёвых цэнтрах у Польшчы зачыненыя. Яны будуць адкрыты ў суботу пры строгім санітарным рэжыме.

IAR/нг