Беларуская Служба

Дзяржаўная газета «Мінская праўда» параўнала прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду з Гітлерам

22.09.2021 15:23
Беларуская дзяржаўная газета «Мінская праўда» выйшла з карыкатурай на вокладцы на прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду.
Фота вокладкі газеты "Мінская праўда"Screenshot

Беларуская дзяржаўная газета «Мінская праўда» выйшла з карыкатурай на вокладцы на прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду. Яго выразна параўноўваюць з Адольфам Гітлерам. Гэта ілюстрацыя да тэксту пра міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы.

У нумары "Мінскай праўды" расказваецца пра нелегальных мігрантаў на мяжы з Польшчай, якіх вяртаюць назад у Беларусь. Але, натуральна, не згадваецца пра наўмысны перавоз бежанцаў у Беларусь і правакацыйнае іх выштурхоўванне да мяжы з Польшчай. Беларускія ўлады абвінавачваюць памежнікаў Польшчы і Літвы ў негуманнасці, у нежаданні прымаць выхадцаў з Іраку, Афганістану ды іншых краін, якія нелегальна спрабуюць патрапіць на тэрыторыю Еўразвяза.

Таксама ў верасні на вокладцы «Мінскай праўды» была апублікаваная карыкатура на каталіцкі касцёл: былі намаляваны святары з бел-чырвона-белымі сцягамі ў руках і знакамі свастыкі на сутанах замест крыжа, намаляваная бурбалка са словамі неафіцыйнага рэлігійнага гімна беларускага нацыянальнага руху «Магутны Божы». Біскуп Віцебскі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Беларусі Алег Буткевіч ахарактарызаваў публікацыю гэтай карыкатуры як «кампанію супраць рэлігійных пачуццяў католікаў».

Да слова, нядаўна з нагоды новага дзяржаўнага свята, прызначанага ў Беларусі, — Дня нацыянальнага адзінства — Лукашэнка заявіў: "Я паўтару сказанае не раз. Нашы суседзі дадзены нам Богам, як і любой іншай краіне. У адносінах з усімі мы імкнемся да міру і дружбе, мы ніколі не прэтэндавалі на чужы каравай або кавалак зямлі, нам свайго хапае. Мы нават не нагадваем ім, што Беласток і Беласточчына — гэта беларускія землі, што Вільна — гэта таксама беларускі горад і землі вакол. Мы ж пра гэта не кажам", сказаў ён.

Дзень нацыянальнага адзінства пачалі адзначаць у Беларусі па загаду Лукашэнкі ў памяць аб 17 верасня 1939 г., калі ў выніку пакта Молатава-Рыбентропа былі аб’яднаныя Усходняя і Заходняя Беларусь. Гэтую падзею гісторыкі ацэньваюць неадназначна.

Падрабязна пра інфармацыйную вайну з Польшчай піша Gazeta Wyborcza.

ВХ