Беларуская Служба

ЦРУ папярэджвала Германію, што можа адбыцца напад на газаправоды Nord Stream 1 і 2

28.09.2022 10:13
Паводле нямецкай газеты Der Spiegel, амерыканская разведка ЦРУ ўжо некалькі тыдняў таму паведаміла Нямеччыне, што на газаправоды Nord Stream можа быць здзейснена атака.
   Nord Stream
Уцечка газу з Nord Stream HANDOUT/AFP/East News


Der Spiegel выявіў, што ЦРУ папярэдзіла Германію аб магчымых нападах на газаправоды ў Балтыйскім моры. Урад Германіі адмовіўся ад каментароў з гэтай нагоды. 27 верасня адбылася ўцечка газу з газаправодаў Nord Stream 1 (запушчаны) і Nord Stream 2 (без сертыфікацыі ў сувязі з нападам Расіі на Украіну), піша сайт Biznesalert.

Шведская геалагічная служба сцвярджае, што яе дадзеныя паказваюць, што ўцечка была магчымая з-за выбухаў у трох кропках інфраструктуры. Данія, Германія і Польшча падазраюць, што гэта магла быць дыверсія. Нарвегія прывяла службы ў стан гатоўнасці, баючыся падобных нападаў на сваю інфраструктуру.

Уцечка Nord Stream 1 і 2 адбылася ў дзень запуску дацка-польскага газаправода Baltic Pipe, што дае прастору для здагадак аб наўмысных дзеяннях Расіі.

Пасля выбухаў на еўрапейскай біржы TTF імкліва вырасла цана на газ амаль на 30 еўра за мегават-гадзіну з прыкладна 180 да 210 еўра.

Расійскія СМІ абвінавачваюць ва ўцечцы газу амерыканцаў. Расіяне спасылаюцца на заяву прэзідэнта Джо Байдэна яшчэ перад нападам Расіі на Украіну, які запэўніваў, што калі расіяне нападуць на ўкраінцаў, ён знойдзе спосаб спыніць Nord Stream 2. Расійскія каментатары падазраюць амерыканскі флот, які ў верасні дзейнічаў на Балтыцы.

яс