Беларуская Служба

Гісторык: Апошнія беларусы, якія абаранялі Польшчу, здаліся немцам толькі 2 кастрычніка 1939 года

16.09.2021 16:42
Сярод абаронцаў Польшчы ў верасні 1939 года быў будучы беларускі пісьменнік Янка Брыль.
Аўдыё
  • Ю.Грыбоўскі пра беларусаў, салдат Войска Польскага ў 1939 г.
     :   ,   ,   . , 1939 .
Злева направа — салдаты Войска Польскага: паляк Уладзімеж Кучыньскі, беларус Янка Брыль, украінец Сымон Нагірны. Гдыня, 1939 г.Архіў Юрыя Грыбоўскага

17 верасня спаўняецца 82-я гадавіна нападу СССР на Польшчу. Гэта падзея рэжымам Лукашэнкі інтэрпрэтуецца як “Дзень народнага адзінства”. Сапраўды, у выніку захопу СССР заходнебеларускіх зямель, якія ўваходзілі ў склад Польшчы, беларускі народ у асноўным быў уз’яднаны, але не ва ўласнай незалежнай дзяржаве, а ў складзе СССР. Аднак гісторыя не такая простая, як хацелася б яе бачыць ідэолагам і палітыкам.

Беларусы ў складзе Войска Польскага абаранялі польскія рубяжы ад нямецкіх і савецкіх войск, якія ўварваліся ў краіну па чарзе — 1 і 17 верасня 1939 года.

Лёсы беларусаў у Войску Польскім вывучае Юры Грыбоўскі, вядомы ў Польшчы і Беларусі даследчык ваеннай гісторыі, выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта, габілітаваны доктар, прафесар універсітэта.

Юры Грыбоўскі:Служба беларусаў у Войску Польскім ў 1939 годзе з'яўляецца вельмі важнай, але ўсё яшчэ, на мой погляд, малавядомай для шырокіх слаёў грамадства праблемай.

У даваенны час у ВП штогод служыла некалькі тысяч беларусаў — грамадзян РП, жыхароў Віленскага, Навагрудскага, Палескага і Беластоцкага ваяводстваў. Яны, як грамадзяне РП, штогод прызываліся на вайсковую службу.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны, у жніўні 1939 года, у Польшчы была праведзена усеагульная мабiлiзацыя, паколькі краіна ўжо рыхтавалася да ўзброенага канфлікту. У выніку гэтай мабілізацыі ў шэрагах ВП аказалася, па маіх падліках, не менш за 75 тыс. беларусаў. Гэта былі салдаты, якія служылі па месцы жыхарства. Гэта значыць, што яны патрапілі ў тыя ваенныя фарміраванні, якія былі раскватараваны побач з іх роднымі мясцінамі, вёскамі.

Напрыклад, вельмі шмат беларусаў апынулася ў шэрагах 20-й пяхотнай дывізіі, раскватараванай ў Навагрудскім ваяводстве, 30-й пяхотнай дывізіі, раскватараванай ў Палескім ваяводстве. Таксама нямала беларусаў служыла ў 1939 годзе ў Навагрудскай кавалерыйскай брыгадзе, у 1-й і 19-й пяхотных дывізіях, раскватараваных у Віленскім ваяводстве.

Менавіта гэтыя салдаты ў верасні 1939 года, пасля нападу Германіі на Польшчу, аднымі з першых уступілі ў бой з ворагам.

Юры Грыбоўскі звяртае ўвагу на мужнасць беларусаў — салдат Войска Польскага падчас ваенных дзеянняў верасня 1939 года.

Юры Грыбоўскі:Большасць польскіх салдат беларусаў праявілі сябе з лепшага боку, прадэманстраваўшы сапраўдную мужнасць на полі бою.

Захаваліся шматлікія сведчанні польскіх камандзіраў, таварышаў па службе — палякаў, якія хвалілі салдат беларусаў, якія абаранялі ў вераснёўскія дні 1939 гады сваю Айчыну — падчас абароны Варшавы, Брэсцкай крэпасці, падчас усіх знакавых бітваў верасня-кастрычніка 1939 года.

Юры Грыбоўскі цытуе ўспаміны лейтэнанта Брутана, які камандаваў вайсковай часцю, якая складалася ў асноўным з беларусаў.

Юры Грыбоўскі:Гэты афіцэр такім чынам характарызаваў сваіх падначаленых беларусаў, параўноўваючы іх адначасова з вайскоўцамі з цэнтральнай Польшчы: «Вайскоўцы з цэнтральнай Польшчы ўяўляюць сабой элемент чыста сармацкі, напышлівы. Яны патрабуюць да сябе адмысловага падыходу. У складаных сітуацыях яны імкнуцца дзейнічаць самастойна, не чакаючы загаду. Гэта людзі, якія з цяжкасцю спраўляюцца з сабой падчас панікі.

У той жа час беларусы стрыманыя, спакойныя, разважлівыя. Салдат беларус, закінуты ў чужую краіну, з іншым культурным асяроддзем, стараецца трымацца разам з таварышамі, слухаецца камандавання, давяраючы яму.

Беларус звыкся да адносна нізкіх стандартаў жыцця, усё жыццё цяжка працуючы, недаядаючы, беларус трывае ўсе нязручнасці і голад. З'еў абы што, выспаўся абы дзе — і неўзабаве зноў мабілізуецца».

Гэта сведчыць аб яшчэ адной цікавай акалічнасці — што большасць салдат беларусаў у ВП былі сялянамі, якія паходзілі з сямей, якія трымалі сярэднія сялянскія гаспадаркі або нават бяднейшыя. Такім чынам, гэта магло паўплываць на паводзіны і стойкасць беларусаў, пра якую ўзгадвалі іх камандзіры.

Гаворачы аб сітуацыі пасля ўступлення часцей Чырвонай Армii 17 верасня 1939 года на тэрыторыю РП, Юры Грыбоўскі адзначае, што, як сведчаць архіўныя крыніцы, беларусы, якія ваявалі ў верасні 1939 года, прадэманстравалі велізарную воінскую мужнасць.

Юры Грыбоўскі:Праўда, ва ўсіх крыніцах адзначаецца, што іх настрой стаў мяняцца з сярэдзіны верасня, асабліва з 17 верасня, калі стала вядома, што часці Чырвонай Арміі ўвайшлі з усходу (у Польшчу. — Рэд.). Безумоўна, гэта паўплывала на маральны дух вайскоўцаў — і не толькі беларусаў, а наогул салдат ВП. Мабыць, яны, усведамляючы сваю безнадзейную, складаную сітуацыю, пачыналі паводзіць сябе інакш.

Юры Грыбоўскі нагадвае, што сярод ахвяр Катынскага злачынства —  расстраляных паводле загаду Сталіна ў Катыні пад Смаленскам у 1940 годзе ўзятых у палон у верасні 1939 года польскіх вайскоўцаў былі і беларусы.

Юры Грыбоўскі:Сярод ахвяр Катыні быў Францішак Умястоўскі, першы рэдактар першай беларускамоўнай газеты «Наша Доля» (выдавалася ў Вільні ў 1906 годзе. — Рэд.). Умястоўскі ў 1939 годзе быў прызваны ў польскую армію як афіцэр рэзерву, падпаручнік, ну, і апынуўся ў савецкім палоне, а затым быў расстраляны сталінскімі катамі.

Юры Грыбоўскі расказвае таксама пра лёс тых салдат ВП, хто апынуўся ў нямецкім палоне.

Юры Грыбоўскі:Большасць з іх на працягу наступных гадоў былі вызваленыя. А вось у тых, хто апынуўся ў савецкім палоне, лёс склаўся вельмі трагічна, асабліва калі казаць пра афіцэраў, якія загінулі ў розных месцах, у тым ліку у Катынскім лесе.

Юры Грыбоўскі лічыць, што трэба захоўваць памяць пра салдат беларусаў, якія абаранялі Польшчу ў 1939 годзе.

Юры Грыбоўскі:Трагедыя гэтых людзей заключалася ў тым, што доўгі час пра іх жыццё і подзвігі шырокім слаям беларускага грамадства было мала што вядома.

У савецкі час панаваў такі стэрэатып, што прадстаўнікі беларускага народа ў гады Другой сусветнай вайны маглі змагацца толькі ў радах Чырвонай Арміі або савецкіх партызан.

І таму памятаць пра салдатаў беларусаў ВП вельмі важна асабліва цяпер. Гэтых людзей ужо амаль не засталося ў жывых. Але нашчадкі павінны пра іх памятаць.

Сярод тых, хто абараняў Польшчу ў 1939 годзе, быў будучы вядомы беларускі пісьменнік Янка Брыль. Юры Грыбоўскі асабіста пазнаёміўся з Янкам Брылём, які падзяліўся з ім не толькі ўспамінамі, але і каштоўным фотаздымкам. На ім злева направа адлюстраваны ў Гдыні ў 1939 г. ткач з Лодзі Уладзімеж Кучыньскі, беларус Янка Брыль і ўкраінскі пісьменнік Сымон Нагірны. Янка Брыль абараняў Польшчу ад немцаў разам з іншымі салдатамі гарнізона ВП на Хэльскім паўвостраве. Гарнізон здаўся немцам толькі 2 кастрычніка 1939 года.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Гісторык: Беларускі з даваеннай Польшчы дзякуючы працы ў Латвіі павыходзілі замуж

17.06.2021 15:01
Выйшла кніга Юрыя Грыбоўскага „Emigracja zarobkowa z Polski na Łotwę i do Estonii w latach 1928-1939”.