Забойства расійскага мастака і акцыяніста Сямёна Скрапецкага ў польскай Бялай Падлясцы выклікала рэзананс далёка за межамі гэтага правінцыйнага горада, які знаходзіцца ля самай мяжы з Беларуссю. Вядомы сваімі антыпуцінскімі акцыямі і падтрымкай беларускіх пратэстаў, Скрапецкі быў застрэлены 15 чэрвеня на вуліцы Каралевы Ядвігі.
Незадоўга да смерці карыкатурыст правёў рэзанансную акцыю каля расійскай амбасады ў Берліне, пасля якой, паводле яго блізкіх, пачаў атрымліваць пагрозы. У забітага расійскага апазіцыйнага карыкатурыста засталіся пяцёра дзяцей, а яго ўдава чакае шостае дзіця.
Былы кіраўнік польскага Агенцтва выведкі палкоўнік Гжэгаж Малецкі лічыць, што гэтае забойства трэба разглядаць у значна шырэйшым кантэксце, чым асобная ліквідацыя аўтарытарным рэжымам свайго апанента:
— Несумненна, факт гэтага забойства не ўплывае станоўча на імідж спецслужбаў Польшчы. Аднак, паводле таго, што паведаміў прадстаўнік польскага ўрада, Сямёну Скрапецкаму прапаноўвалі дзяржаўную ахову, але ён ад яе адмовіўся. З гэтага пункту гледжання можна сказаць, што дзяржава заўважыла рызыку для яго бяспекі і зрабіла пэўныя крокі, прапанаваўшы абарону. Але гэта не азначае, што яе адказнасць на гэтым заканчваецца.
Не выклікае сумневу, што акрамя непасрэднай фізічнай аховы спецслужбы павінны былі забяспечыць яму і іншую форму абароны, калі сапраўды ідэнтыфікавалі пагрозу з боку расійскіх або беларускіх спецслужбаў ці іх выканаўцаў. З'яўляліся таксама версіі пра магчымы чачэнскі след. У такім выпадку чалавек павінен быў знаходзіцца пад пастаянным кантролем і дадатковымі мерамі бяспекі.
Сам факт гэтага забойства, прычым здзейсненага настолькі дэманстратыўна, калі фактычна гаворка ідзе пра публічную страту, відавочна наносіць удар па рэпутацыі польскай сістэмы бяспекі.
Урад разглядае гэтую справу як дзеянне, матываванае палітычна. Гэта азначае, што рашэнне аб здзяйсненні гэтага замаху было прынятае з палітычных матываў. Але гэта таксама сведчыць пра разуменне таго, што гаворка можа ісці пра элемент больш шырокай гібрыднай вайны супраць Польшчы і ўсяго Еўрапейскага Саюза, яе новага этапу.
Акрамя таго, урад Польшчы ўсведамляе, што гэтае здарэнне можа быць часткай больш маштабнай аперацыі. Яно разглядаецца не як адзінкавы інцыдэнт, а ў кантэксце больш шырокіх дзеянняў Расіі, а магчыма і Беларусі, накіраваных супраць Польшчы ў рамках таго, што мы называем гібрыднай вайной. Карацей кажучы, польскія ўлады ўспрымаюць гэтае здарэнне вельмі сур’ёзна — як падзею, якая непасрэдна закранае ўзровень бяспекі дзяржавы.
Да гэтага часу мы фактычна не сутыкаліся з падобнымі выпадкамі на тэрыторыі Польшчы. Гэта новая якасць пагрозы, якая азначае, што была перакрочана пэўная мяжа. Мы апынуліся ў коле тых краін, на тэрыторыі якіх расійскія спецслужбы праводзяць свае аперацыі па ліквідацыі непажаданых асоб.
Таму сёння неабходна ўлічваць досвед іншых дзяржаў — ад справы Літвіненкі і замаху на Скрыпалёў да забойства чачэнскага апазіцыянера ў Берліне. Неабходныя інтэграваныя і скаардынаваныя дзеянні разам з нашымі партнёрамі па Еўрапейскім Саюзе і НАТА.
Былая беларуская палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая жыве ў Бялай Падлясцы, у размове з Беларускай службай адзначыла, што ў першыя гадзіны пасля трагедыі ў горадзе панавала поўная разгубленасць. Паводле яе, спачатку распаўсюджваліся супярэчлівыя паведамленні пра страляніну, а асоба забітага заставалася невядомай.
Пры гэтым Паліна Шарэнда-Панасюк асабліва падкрэслівае аператыўнасць дзеянняў польскіх службаў. Паводле яе, горад быў хутка перакрыты, з'явіліся блокпасты, а паліцыя пачала маштабныя праверкі транспарту. Дадатковыя меры бяспекі былі ўведзеныя і ў школах: дзяцей не адпускалі дадому без бацькоў.
Актывістка адзначае, што для Бялай Падляскі, якая лічыцца спакойным горадам на ўсходзе Польшчы, такое злачынства стала сапраўдным шокам. Тым больш што гаворка ідзе пра забойства палітычнага эмігранта, здзейсненае пасярод дня.
Разам з тым, на яе думку, беларуская эміграцыя ўспрымае падобныя пагрозы інакш, чым нават мясцовыя жыхары. Палітычныя забойствы і пераслед апанентаў уладаў ужо даўно сталі часткай рэальнасці, з якой беларусам давялося сутыкнуцца яшчэ на радзіме.
— Для нас гэта, на жаль, не навіна. Але запалохаць людзей такім чынам будзе цяжка. Адзін са спосабаў супрацьстаяць страху — працягваць рабіць тое, што мусіш рабіць, — падкрэслівае Паліна Шарэнда-Панасюк.
На яе думку, трагедыя ў Бялай Падлясцы павінна стаць яшчэ адным сігналам для еўрапейскіх краін. Яна заклікае больш сур'ёзна ставіцца да пагроз, якія зыходзяць ад аўтарытарных рэжымаў, і не дазваляць ім выкарыстоўваць адкрытасць дэмакратычных дзяржаў для правядзення сваіх ганебных аперацый у Еўропе.
эж