Беларуская Служба

Чаму Варшава не верыць у «адлігу» з Мінскам? Тлумачыць аналітык Каміль Клысіньскі

20.06.2026 17:32
Ці магчымы сёння эканамічны дыялог паміж Мінскам і Захадам? Пра гэта гаворым з галоўным спецыялістам Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW) Камілям Клысіньскім.
Аўдыё
  • Ці сапраўды пасля вызвалення Анджэя Пачобута з’явілася прастора для паляпшэння польска-беларускіх адносінаў? Пра гэта Беларуская пагаварыла з галоўным спецыялістам Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW) Камілям Клысіньскім.
Ілюстрацыя ШІ

Ці варта Захаду зноў шукаць паразумення з дыктатарам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам? Нярэдка такія прапановы  гучаць не толькі ад асобных экспертаў, але і ад вядомых прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці. Іх прыхільнікі спадзяюцца, што праз дыялог можна будзе дамагчыся вызвалення палітвязняў і хаця б часткова аслабіць залежнасць Мінска ад Масквы. Крытыкі ж лічаць такія чаканні небяспечнай ілюзіяй, якая ўжо не раз прыводзіла да ўзмацнення рэпрэсій.

Ці сапраўды пасля вызвалення Анджэя Пачобута з’явілася прастора для паляпшэння польска-беларускіх адносінаў? Ці магчымы сёння эканамічны дыялог паміж Мінскам і Захадам? Пра гэта Беларуская пагаварыла з галоўным спецыялістам Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW) Камілям Клысіньскім.

— Пасля вызвалення Анджэя Пачобута ў польскай грамадскай прасторы з’явіліся меркаванні, што гэта можа адкрыць новы этап у адносінах паміж Мінскам і Варшавай. Ці сапраўды можна казаць пра нейкі прарыў?

— Мы па-ранейшаму знаходзімся ў стане застою, якому спадарожнічае глыбокі дэфіцыт даверу. Сам факт вызвалення Анджэя Пачобута не азначае, што беларускі бок здзейсніў нейкі палітычны паварот або пераканаў Польшчу ў сваёй гатоўнасці выбудоўваць новыя адносіны і прапаноўваць канструктыўны парадак дня. Мы не бачым ніякіх прыкмет такіх намераў.

Анджэй апынуўся на волі ў выніку абмену і збегу абставінаў, якія, на шчасце, дазволілі гэта зрабіць. З 28 красавіка ён знаходзіцца ў Польшчы, і гэта вельмі важна. Але ў палітычным вымярэнні паміж Мінскам і Варшавай не змянілася абсалютна нічога.

Я б нават пайшоў далей. Людзі, вызвалення якіх мы дамагаліся, сёння ўжо знаходзяцца ў бяспецы. Анджэй Пачобут — грамадзянін Беларусі, але адначасова адзін з найважнейшых прадстаўнікоў польскай меншасці. Таксама былі вызваленыя і польскія грамадзяне, пра якіх гавораць менш, напрыклад айцец Гавэл. Улічваючы, што рэжым у Беларусі застаецца таталітарным і не дэманструе гатоўнасці да цывілізаванага дыялогу, заснаванага на кампрамісе і ўзаемнай павазе, цяжка сказаць, пра што з Мінскам сёння ўвогуле можна было б весці сур’ёзныя перамовы.

— Аднак у  польскай прэсе, напрыклад, прапаноўвалі зноў адкрыць парты для беларускай калійнай прадукцыі, каб паспрабаваць адарваць Лукашэнку ад Масквы. Ці ёсць сёння прастора для такіх рашэнняў?

— Такія публікацыі вынікаюць або з недахопу ведаў, або з наўмыснага прасоўвання пэўнага парадку дня. Польскія парты знаходзяцца адносна далёка ад Беларусі. Нават да 2020 года, калі паміж нашымі краінамі існаваў дыялог, яны не адыгрывалі істотнай ролі ў беларускім экспарце і імпарце. Прычына вельмі простая — геаграфія.

Нашы парты паспяхова працуюць і без супрацоўніцтва з Беларуссю. Калі гаварыць пра лагістыку, то для Мінска заўсёды былі больш зручнымі Клайпеда, Вэнтспілс, Рыга або эстонскія парты. Менавіта праз іх Беларусь традыцыйна ажыццяўляла асноўную частку свайго экспарту і імпарту.

Сёння гэта таксама практычна немагчыма. Літва і Латвія, як і Польшча, з вялікім недаверам ставяцца да напаў таталітарнага рэжыму, залежнага ад Масквы, які вядзе супраць нас гібрыдную вайну, а супраць Украіны фактычна падтрымлівае расійскую агрэсію.

Таму сённяшнія заклікі адкрыць польскія парты для беларускай прадукцыі выглядаюць хутчэй як палітычныя пажаданні, чым як рэалістычны эканамічны праект. У 2008-м ці 2016 годзе, калі пасля вызвалення палітвязняў адкрывалася акно для дыялогу, пра гэта сапраўды можна было размаўляць. Але цяпер сітуацыя іншая. Ідзе вайна, Беларусь стаіць на баку Расіі, а колькасць палітвязняў не зведзеная да нуля.

Лукашэнка цынічна выкарыстоўвае гэтых людзей як інструмент палітычнага гандлю: вызваляе адных, але сотні іншых застаюцца за кратамі, і рэпрэсіі не спыняюцца.

— Пры гэтым Злучаныя Штаты нібыта выступалі за аднаўленне экспарту беларускай калійнай прадукцыі, знялі адпаведныя санкцыі.  Ці быў гэты заклік пачуты ў Варшаве і Вільні, улічваючы, што ЗША — гэта галоўны хаўруснік Польшчы і балтыйскіх рэспублік?

— Я такога ліста не бачыў. Пакуль што гэта толькі журналісцкія спекуляцыі. Так, была публічная заява Джона Коўла, але гэта хутчэй меркаванне чалавека з Вашынгтона, які працуе ў дэмакратычным асяроддзі, дзе саюзнікі могуць свабодна абмяркоўваць розныя падыходы.

Польшча глядзіць на гэта інакш. Варта таксама памятаць, што Літва афіцыйна лічыць транзіт беларускіх калійных угнаенняў пагрозай нацыянальнай бяспецы. Падобную пазіцыю займае і Украіна. Таму пакуль у Мінску кіруе Аляксандр Лукашэнка, які на 100% залежыць ад Масквы і выконвае волю Крамля, вельмі цяжка ўявіць сабе сур’ёзны палітычны дыялог.

— Некалькі тыдняў таму Эмануэль Макрон тэлефанаваў Лукашэнку. Афіцыйнай інфармацыі пра змест размовы было вельмі мала. Пра што могуць сведчыць такія кантакты з дыктатарам?

— Магчыма, Парыж кіруецца клопатам пра рэгіянальную бяспеку. Магчыма, ёсць нейкія надзеі або ілюзіі. Хоць палітыка не павінна будавацца ні на ілюзіях, ні на надзеях.

Францыя мае права на ўласныя крокі і можа лічыць, што Лукашэнка здольны садзейнічаць умацаванню бяспекі ў рэгіёне. Асабіста я думаю наадварот. Лукашэнка ўжо неаднаразова даказаў, што сам з’яўляецца пагрозай для рэгіянальнай бяспекі. Ён можа казаць адно, але памятайма, што дэзінфармацыя з боку Мінска і Масквы ўжо даўно стала адным з галоўных інструментаў іх палітыкі.

— Надоечы ў Бранскай вобласці  РФ быў атакаваны аўтобус з беларускімі дзецьмі. У беларускіх дзяржаўных медыя гэта падаецца як атака ўкраінскага дрона. Ва Украіне таксама вельмі нервова адрэагавалі на гэты інцыдэнт, асцерагаючыся магчымай эскалацыі. Ці існуе сёння рэальная пагроза наступу беларускіх войскаў на Украіну?

— Гэта трагедыя для дзяцей, іх бацькоў і блізкіх. Яна яшчэ раз паказвае, што не варта безаглядна давяраць бакам канфлікту, а найперш Расіі як дзяржаве-агрэсару. Падаецца, што нават беларускія ўлады ў пэўнай ступені ўсвядомілі праблему. Лукашэнка, вядома, не можа адкрыта крытыкаваць свайго апекуна і спонсара — Уладзіміра Пуціна. Аднак было прынята рашэнне не арганізоўваць паездкі дзяцей у прыфрантавыя раёны. Гэта сведчыць пра тое, што ў Мінску ўсё ж захаваліся хаця б мінімальныя элементы прагматызму.

Сітуацыя застаецца напружанай. Але я не бачу падстаў для сцэнару, пры якім беларускія войскі пачнуць наступ супраць Украіны. У Мінска няма для гэтага ані дастатковых рэсурсаў, ані палітычнай волі. Беларускі рэжым застаецца залежным ад Крамля, але гэта не азначае аўтаматычнай гатоўнасці ўступаць у вайну ўласнымі сіламі. Таму, нягледзячы на нервовую атмасферу і прапагандысцкія спекуляцыі вакол падобных інцыдэнтаў, верагоднасць адкрыцця паўночнага фронту з боку Беларусі сёння выглядае вельмі нізкай, бо дзеля гэтага няма ані сродкаў, ані матывацыі.

Слухайце аўдыё!

Эдуард Жолуд 

Палітолаг Каміль Клысіньскі: Расія – вызначальны фактар палітыкі беларускіх уладаў, яна ўзмацняе антыпольскія настроі

28.09.2023 14:48
Адносіны Беларусі і Польшчы цяпер варта разглядаць у двух плоскасцях – Беларусь як дзяржава, і Беларусь як дэмакратычная супольнасць. Адпаведна палітыка да гэтых двух суб’ектаў таксама адрозніваецца.

Беларусь закрывае лясы каля мяжы з Польшчай. Эксперты тлумачыць прычыны гэтага

20.05.2026 12:35
Мэта Мінска — аказаць псіхалагічны ціск на краіны НАТА. Справакаваць нейкую рэакцыю, лічаць адмыслоўцы.