Рашэнне прэзідэнта Караля Наўроцкага пазбавіць Уладзіміра Зяленскага Ордэна Белага Арла – адной з найвышэйшых польскіх дзяржаўных узнагародаў – выклікала хвалю рэакцый у Польшчы і Украіне.
У знак салідарнасці з украінскім лідарам ад вышэйшых польскіх узнагарод адмовіліся, між іншым, былыя прэзідэнты Украіны Леанід Кучма і Віктар Юшчанка. Ад Ордэна Белага Арла таксама адмовіўся папярэднік Уладзіміра Зяленскага Пётр Парашэнка.
Ці з'яўляецца рашэнне Караля Наўроцкага гістарычным жэстам ці дыпламатычнай памылкай? Ці пагражае гэты крок стратэгічнаму альянсу Польшчы і Украіны? І чаму палякі і ўкраінцы не могуць дамовіцца па гэтай справе?
Нагадваем, у пятніцу (19 чэрвеня) Караль Наўроцкі абвясціў, што вырашыў пазбавіць Уладзіміра Зяленскага вышэйшай польскай узнагароды за рашэнне назваць адно з украінскіх спецпадраздзяленняў іменем «Героі УПА«.
Рэакцыя Польшчы на рашэнне Уладзіміра Зяленская была неадкладная і надзвычай адзінагалосная. Гэта рэдкі выпадак, калі амаль уся польская палітычная сцэна – ад левых да правых – гаварыла ў адзін голас. Аднак апазіцыйныя правыя сілы і прэзідэнт Караль Наўроцкі пайшлі на крок далей, за афіцыйную крытыку.
Спачатку лідар польскай дзяржавы склікаў паседжанне Капітула Белага Арла (8 чэрвеня) і заявіў, што прапануе адабраць прэстыжную польскую дзяржузнагароду Уладзіміру Зяленскаму. Сваё рашэнне па гэтай справе кіраўнік польскай дзяржавы аб’вясціў больш чым пасля тыдня (19 чэрвеня).
Паводле слоў польскага прэзідэнта, «парог болю палякаў быў перавышаны», а ўкраінскі крок непрымальны з пункту гледжання польскай гістарычнай памяці.
- Мы ведаем, што такое вайна; мы ведаем, што такое барацьба за незалежнасць; мы ведаем, што такое постсавецкая, цяпер расійская, пагроза. Але мы – ганарлівая польская нацыя, і ў нас ёсць свой парог болю ў пытаннях, якія хвалююць нас і нашых хаўруснікаў. І гэты парог быў пераадолены, – заявіў прэзідэнт Польшчы.
У адказ у суботу (20 чэрвеня) Уладзімір Зяленскі абвясціў аб вяртанні ўзнагароды ў Польшчу. У сацсетках ён апублікаваў здымкі, на якіх Ордэн Белага Арла спакаваны ў пасылку, адрасаваную Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы.
Прэзідэнт Украіны напісаў таксама, што ён успрымаў ордэн, які атрымаў ад Анджэя Дуды ў 2023 годзе, як уганараванне ўсёй украінскай нацыі, якая змагаецца супраць расійскай агрэсіі.
Пасля гэтага, у знак салідарнасці, таксама іншыя ўкраінскія ўрадавыя чыноўнікі, у тым ліку, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Кірыл Буданаў, кіраўнік МЗС Андрэй Сібіга і пасол Украіны ў Польшчы Васіль Боднар, адмовіліся ад узнагарод, атрыманых ад Польшчы.
Рашэнне прэзідэнта Караля Наўроцкага падзяліла палітычную сцэну ў Польшчы. Прадстаўнікі апазіцыі высока ацанілі рашэнне польскага лідара. У сваю чаргу палітыкі кіруючай кааліцыі падкрэсліваюць, што, ад эскалацыі спрэчкі паміж Польшчай і Украінай, у першую чаргу, выйграюць Расія і Уладзімір Пуцін.
Яанна Клюзік-Расткоўска(Joanna Kluzik-Rostkowska) з «Грамадзянскай кааліцыі» заявіла, што крок прэзідэнта можа паўплываць на будучую прысутнасць Польшчы, у тым ліку польскіх кампаній, ва Украіне пасля заканчэння вайны. Яна нагадала пра вельмі важную міжнародную канферэнцыю, прысвечаную адбудове Украіны, якая на гэтым тыдні запланаваная ў Гданьску.
- Прымаючы рашэнне аб адабранні ордэна, трэба было мець на ўвазе, што гэты крок будзе мець вельмі сурʼёзныя наступствы для будучай рэканструкцыі Украіны, у прыватнасці прысутнасці Польшчы там, – заявіла палітык.
Яраслаў Сэлін(Jarosław Sellin) з «Права і справядлівасці» лічыць, што Уладзімір Зяленскі павінен разумець шкоднасць жэстаў, якія ўшаноўваюць бандэрызм і УПА.
- Уся гэтая ахвярнасць, гэтая адважная барацьба ўкраінцаў могуць быць змарнаванымі, бо з такой гістарычнай спадчынай і ўшанаваннем такіх «герояў», для іх няма месца ні ў НАТА, ні ў Еўрапейскім Саюзе, паколькі некаторыя краіны, у тым ліку Польшча, не пагодзяцца на тое, каб яны ўваходзілі ў сферу заходняй цывілізацыі, якая заснавана на пэўных каштоўнасцях, з такой спадчынай. Безумоўна, ушанаванне генацыдных арганізацый – гэта не тыя каштоўнасці, – лічыць палітык апазіцыі.
Палітолаг, прафесар Агнешка Касіньска-Мэтрыка(Agnieszka Kasińska-Metryka) ацаніла, што рашэнне польскага прэзідэнта было недыпламатычным і магло пашкодзіць далейшаму дыялогу паміж Варшавай і Кіевам.
- Вядома, можна мець гістарычную ці маральную рацыю, але трэба таксама практыкаваць дыпламатыю. І адсюль ключавое пытанне: каму гэта выгадна? Ці справа толькі ў маральнай перавазе? Ці ў сітуацыі рэальнай пагрозы за ўсходняй мяжой не варта нам шукаць нейкай іншай стратэгіі пераадолення гэтага тупіку?, – задумоўваецца палітолаг.
У сваю чаргу сацыёлаг з Варшаўскага ўніверсітэта прафесар Войцех Рафалоўскі(Wojciech Rafałowski) адзначыў, што згаданае рашэнне адпавядае папярэдняму падыходу Караля Наўроцкага да гістарычных пытанняў.
- У палітыцы найгоршае, што можна зрабіць – і на гэты конт былі праведзены даследаванні – гэта змяніць сваё меркаванне па фундаментальным пытанні. Гэта прыводзіць да зніжэння падтрымкі, незалежна ад таго, ці змяняеце вы сваю пазіцыю на больш сугучную з большасцю выбаршчыкаў, бо вам не ўдаецца пераканаць новых прыхільнікаў, а старыя лічаць, што вы ім здрадзілі. У гэтым выпадку прэзідэнт сапраўды не мог саступіць, – лічыць прафесар.
Эксперт па палітычным іміджы доктар Сэргіюш Тшэцяк(Sergiusz Trzeciak) пераконвае, што мэтай прэзідэнта не было пашкодзіць канферэнцыі ў Гданьску.
- Рашэнне доўга адтэрміноўвалася, што таксама нанесла шкоду Каралю Наўроцкаму, бо многія яго прыхільнікі, асабліва тыя, хто належыць да крайніх правых сілаў, пачалі яго крытыкаваць. Я думаю, што гэта быў апошні момант, калі ён мог прыняць такое рашэнне. І гэта выпадкова супала з канферэнцыяй па аднаўленні Украіны. Я абсалютна перакананы, што намерам прэзідэнта не было сарваць гэтую канферэнцыю, – заявіў Сэргіюш Тшэцяк.
Нагадваем, канферэнцыя па аднаўленні Украіны (Ukraine Recovery Conference – URC 2026) запланавана на 25-26 чэрвеня ў Гданьску. Яна анансуецца як мерапрыемства, накіраванае на ўмацаванне міжнароднай падтрымкі аднаўлення Украіны. Між тым, у святле дыпламатычнага крызісу ўдзел прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў ім застаецца пад знакам пытання.
Між тым, прэм’ер Дональд Туск назваў пазбаўленне прэзідэнта Украіны Ордэна Белага Арла «стратэгічнай памылкай» прэзідэнта Наўроцкага. Ён падкрэсліў, што канфлікт паміж Польшчай і Украінай задавальняе Расію, а задача лідараў – супакоіць эмоцыі, бо «лінія фронту праходзіць у іншым месцы».
Палітолаг доктар Павел Рамёнчэк(Paweł Ramiączek) крытыкуе пазбаўленне Уладзіміра Зяленскага Ордэна Белага Арла. Ён дадаў, што гэты крок можа нанесці шкоду польска-ўкраінскім адносінам.
- Важна, каб цяперашнія адносіны з Украінай абапіраліся на прынцыпах партнёрства. Між тым, я маю ўражанне, што згаданае рашэнне адносін не палепшыць. На адварот, варта спадзявацца эскалацыі адмоўных настрояў паміж Польшчай і Украінай, – кажа эксперт.
Эскалацыі канфлікту ў гэтым пытанні паспрыялі як украінскі, так і польскі бакі, лічыць палітолаг з няўрадавай арганізацыі «More in Common» Адам Трачык(Adam Traczyk).
- Стаўленне да гістарычнай памяці аб ахвярах Валынскай разні (з украінскага боку – рэд.), безумоўна, было недастатковае. З іншага боку, наша рэакцыя, хоць і, безумоўна, зразумелая на эмацыйным узроўні, то на палітычным узроўні цяжка сабе ўявіць дасягненне якіх-небудзь адчувальных выгад. Таму здаецца, што мы змарнавалі, шанец, які ў нас быў пасля 2022 года, калі насамрэч здавалася, што цэнтр цяжару еўрапейскай палітыкі, палітыкі бяспекі, перамяшчаецца на Усход, – канстатуе адмысловец.
Уладзімір Зяленскі атрымаў Ордэн Белага Арла ад прэзідэнта Анджэя Дуды ў 2023 годзе «у знак прызнання яго выдатных дасягненняў у паглыбленні дружалюбных і ўсебаковых адносін паміж Польшчай і Украінай, за развіццё супрацоўніцтва дзеля дэмакратыі, міру і бяспекі ў Еўропе, а таксама за яго нязменнасць у абароне неадʼемных правоў чалавека».
Паводле каментатараў, большасць палякаў не супраць права Украіны на ўласную нацыянальную памяць або на ўшанаванне людзей, якія змагаліся за незалежнасць краіны. Праблема ў тым, што ўкраінскі бок прадстаўляе УПА, як сімвал барацьбы з саветамі, маргіналізуючы або хаваючы яе адказнасць за злачынствы супраць палякаў. Такім чынам, памяць пра барацьбу за свабоду цалкам зацямняе памяць пра ахвяраў.
Абурэнне Польшчы выкліканае не варожасцю да Украіны, але перакананнем, што сапраўднае прымірэнне паміж народамі патрабуе прызнання поўнай гістарычнай праўды, у тым ліку ейных самых балючых момантаў.
IAR/аз