Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што рэтранслятары на беларускай мяжы, якія, паводле Кіева, Расія выкарыстоўвала для карэктавання ўдараў дронамі па тэрыторыі Украіны, з 22 чэрвеня больш не працуюць. Ці сапраўды абсталяванне дэмантавалі, пакуль невядома.
Аднак галоўнае іншае: пасля тыднёвага ўльтыматуму, калі Кіеў адкрыта папярэдзіў, што ў адваротным выпадку дзейнічаць будзе сам, пагроза, відаць, спрацавала. Аналітыкі лічаць, што гэта можа сведчыць пра новую якасць адносін паміж Мінскам і Кіевам.
Аналітык Belarus Security Blog і журналіст «Белсата» Зміцер Міцкевіч адзначае, што рэжым Лукашэнкі і без таго застаецца часткай расійскай ваеннай стратэгіі, а магчымых сцэнароў уцягвання Беларусі ў канфлікт не стала менш:
— Расія даўно робіць стаўку на ўскосныя дзеянні. Мы бачым выкарыстанне агентуры, адкрытыя пагрозы краінам Балтыі, а Беларусь ужо цяпер служыць для Масквы плацдармам. Калі спатрэбіцца, магчымыя і правакацыі пад чужым сцягам, і выкарыстанне беларускай тэрыторыі для новых удараў, — адзначае эксперт. На яго думку, менавіта таму ў Мінску і Маскве найбольш уважліва рэагуюць не на заявы, а на рэальную гатоўнасць прымяніць сілу. Толькі такая мова ўспрымаецца дыктатарамі Пуціным і Лукашэнкам усур'ёз.
Падобную ацэнку дае і польская публіцыстка, былая дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы. На яе думку, выкананне ўльтыматуму зусім не сведчыць пра самастойнасць Лукашэнкі:
— Я не думаю, што Лукашэнка хоча вайны з Украінай. Яго армія для гэтага занадта слабая. Ён можа ствараць ілюзію падрыхтоўкі, але цяпер практычна цалкам залежыць ад Пуціна. Таму варта развітацца з надзеямі, што сёння ён з'яўляецца самастойным палітычным суб'ектам, — падкрэслівае яна.
Паводле Рамашэўскай-Гузы, беларускі дыктатар добра разумее і іншы аспект сітуацыі.
— Калі ўкраінскія дроны могуць наносіць удары па аб'ектах у Маскве, то яны здольныя дасягнуць і Мазыра, і Наваполацка. А гэтыя нафтаперапрацоўчыя заводы цяпер маюць ключавое значэнне для расійскай эканомікі, — адзначае публіцыстка.
Таму, калі Зяленскі публічна заявіў, што ў выпадку адмовы Украіна сама нейтралізуе рэтранслятары, Мінск, відаць, палічылі за лепшае не правяраць сур'ёзнасць гэтых намераў, а Масква не паглыбляць паліўнага крызісу верагоднай стратай чарговых, гэтым разам ужо беларускіх нафтаперапрацоўчых магутнасцяў. Гэта можа стаць яшчэ адным сведчаннем таго, што ў адносінах з рэжымам Лукашэнкі Кіеў перайшоў ад папярэджанняў да палітыкі стрымлівання праз дэманстрацыю гатоўнасці да дзеянняў.
Слухайце аўдыё!
эж