Пасля ганебнага для Лукашэнкі завяршэння «міграцыйнага крызісу» Чачко знік з экранаў, а ўчора яго знайшлі павешаным. У справе шмат незразумелага.
17 сакавіка Следчы камітэт паведаміў пра смерць польскага салдата-дезерціра Эміля Чачко (Emil Czeczko). У снежні мінулага года ён уцёк з Польшчы ў Беларусь - і тут жа даў інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлебачанню, дзе распавёў аб тым, што нібыта ўдзельнічаў у расстрэлах мігрантаў на памежнай тэрыторыі. «Не было такой сітуацыі, калі прыводзілі мігрантаў ды нехта казаў, не будзем іх забіваць. Заўсёды забівалі. На працягу 10 дзён майго побыту там, магло быць забіта ад 200 да 700 чалавек», - казаў Чачко.
Праз тры месяцы яго знайшлі павешаным, падрабязнасці здарэння да канца невядомыя. Пра смерць паляка паведаміў кіраўнік лукашэнкаўскага цэнтра «Сістэмная праваабарона» Дзмітрый Белякоў, з якім Чачко меўся супрацоўнічаць апошнія месяцы. Дзмітрый Белякоў дадаў, што ніякіх насцярожвальных момантаў у яго паводзінах ніколі не было. «Толькі нядаўна актывісты сустракаліся з ім. Усё было абсалютна нармальна», – канстатаваў у размове з Белта агент.
Вядома таксама, што два дні таму Чачко зноў пачалі выкарыстоўваць беларускія ўлады. Дезерцір даў каментар пра нібыта ўдзел актывістаў польскай крайне правай арганізацыі ONR у ваенных аперацыях на тэрыторыі Украіны.
- Сябры ONR паехалі на вайну ва Украіне. Не ведаю, што на гэта міжнароднае права, але забаўна тое, што людзі, якія маюць перакананні, блізкія да НСДАП, мелі сімпатыі да фашызму ды дэманстравалі свае перавагу над іншымі народамі, цяпер едуць са зброяй ва Украіну.
У той жа дзень супрацоўнік беларускіх спецслужбаў Дзмітрый Белякоў апублікаваў кароткае відэа з Эмілем Чачко, дзе распавёў пра тое, што яму робяць статус уцекача. Гэта быў апошні раз, калі Чачко бачылі жывым. Пасля чаго яго знайшлі павешаным, як паведаміў Следчы камітэт. У каментарах людзей у сацыяльных сетках дамінуе перакананне, што Чачко забілі беларускія спецслужбы, бо нібыта ён стаў ім непатрэбны. Палітолаг Дзмітры Балкунец у сваім Тэлеграме зрабіў апытанне адносна версій смерці дезерціра. 77% з амаль 5 тысяч прагаласаваўшых выказаліся, што Чачко павесілі супрацоўнікі беларускіх спецслужб, 10% - за самагубства і 2% вераць у забойства дззерціра агентамі НАТО.
- Уся гэтая гісторыя з гэтым хлопцам з самага пачатку да гэтага ішла. Калі ён папрасіў прытулак у Беларусі, я адразу зразумеў, што ім скарыстаюцца, а пасля пазбавяцца. Як гэта адбылося? Ці ён сам, ці яму дапамаглі? Тут не патрэбная ніякая канспіралогія, бо з самага пачатку было зразумела, што гэты хлопец не вельмі адэкватна сябе паводзіць, распавядаў хлусню, улады гэта выкарыстоўвалі ў прапагандысцкіх мэтах. Таму я зрабіў апытанне і амаль 80% выказаліся, што гэта зрабілі беларускія спецслужбы. Я думаю, што гэта звязана з тым, што ў Беларусі ўжо былі такія выпадкі, калі спецслужбы пазбаўляліся ад людзей праз павешанне. Для беларускага рэжыму – гэта спрыяльны канец дадзенай гісторыі. Мне здаецца, што цяпер пад пагрозай іншыя актывісты, напрыклад, Раман Пратасевіч, які таксама мае камунікацыю з Беляковым. Не толькі Пратасевіч, але і прапагандысты таксама. Рэжым можа зладзіць іх забойства, каб абвінаваціць апазіцыю ў тэрактах.
Наколькі рацыянальная лагічная версія з забойствам Чачко беларускімі сілавікамі. Навошта гэта рабіць, калі яны зноў пачалі яго выкарыстоўваць? Пра гэта мы спыталіся ў палітолага Паўла Усава. Спецыяліст мяркуе, што хутчэй за ўсё тут мела месца самагубства.
- Заўсёды ў такіх дзіўных абставінах людзі шукаюць змовы ды падаплёкі. Усе незразумелыя смерці спісвалі на беларускае КДБ, але ў дадзенай сітуацыі я лічу, што тут магло быць самагубства. Чачко быў псіхалагічна неўраўнаважаным, знаходзіўся ў сацыяльнай ізаляцыі, бо ў Беларусі ў яго нікога не было. Ён быў адарваны ад сацыяльнага асяроддзя. Ва ўмовах, калі не можаш вярнуцца на Радзіму, цябе выкарыстоўваюць і ты пачуваешся здраднікам ды ашуканцам – гэта стварае псіхалагічны цяжар.
16 снежня ў Польшчы пры нясенні службы на мяжы з Беларуссю знік салдат Эміль Чачко. Потым ён знайшоўся ў Беларусі. Лукашэнкаўская прапаганда актыўна пачала яго выкарыстоўваць для «абвінавачання» польскага боку ў забойствах нелегальных мігрантаў, якія на загад Лукашэнкі пачалі прывозіць у Беларусь для шантажу Еўрасаюза. 17 сакавіка – праз тры месяца – Чачко знайшлі павешаным у кватэры, дзе ён жыў у Мінску. Падрабязнасці справы дагэтуль не вядомыя, аднак шмат хто перакананы, што гэтак беларускія ўлады пазбавіліся ад непатрэбнага ім больш сведкі. Не можна выключаць і самагубства. У сваю чаргу ўлады ўжо пачалі казаць пра пагрозы дэзерціру з Польшчы. Агент КДБ Белякоў заявіў, што «Чачко быў сведкам па ключавых справах у Польшчы і ў ягоны адрас паступалі шматлікія пагрозы нават з боку афіцыйных польскіх асоб, генералаў».
Юры Ліхтаровіч