Беларуская Служба

У Польшчы пачалася праверка пратаколаў аховы кіраўніцтва краіны

16.05.2024 15:23
Пра гэта распавёў віцэ-прэм'ер Касіняк-Камыш пасля нападу ў Славакіі на прэм'ер-міністра.
-,     -
Віцэ-прэм’ер, міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-КамышPAP/Marcin Obara

Віцэ-прэм'ер і кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што Польшча знаходзіцца ў пастаянным кантакце са славацкімі службамі пасля падзей у Славакіі. Учора там быў здзейснены напад на прэм'ер-міністра Роберта Фіцо. Стан прэм'ер-міністра стабільны пасля складанай аперацыі.

Пасля гэтых падзей польскі віцэ-прэм'ер Уладзіслаў Касіняк-Камыш загадаў перагледзець працэдуры ў галоўным аддзеле ваеннай паліцыі, якая адказвае, між іншым, за ахову кіраўніцтва ў Міністэрстве абароны і ў камандаванні арміі. Сёння быў інструктаж з жандарамі. Аналізуюцца ўсе дадзеныя, звязаныя з падзеямі ў Славакіі.

- Сёння раніцай адбылося пасяджэнне ў спецыяльнай часці вайсковай жандармерыі, якая адказвае разам з Упраўленнем аховы ўраду за абарону і ахову кіраўніцтва краіны, у абшары аховы вайсковага камандавання. Я загадаў, каб мы прааналізавалі тое, што здарылася ды зрабілі высновы, каб быць падрыхтаваным.

Кіраўнік польскага Міністэрства абароны заявіў, што польскія службы гатовыя падтрымаць славакаў, калі яны звернуцца з такой просьбай. Уладзіслаў Касіняк-Камыш падкрэсліў, што ўчорашнія падзеі — асабліва паводзіны аховы пасля нападу — павінны стаць горкім урокам для ўсіх.

Напад на прэм'ер-міністра Славакіі адбыўся ў сераду пасля выязнога пасяджэння мясцовага ўрада. Роберта Фіцо застрэліў 71-гадовы славацкі паэт, які працаваў у ахоўнай кампаніі. У яго была ліцэнзія на агнястрэльную зброю, і ён зрабіў пяць стрэлаў у прэм'ер-міністра, тры з якіх трапілі Фіцо ў жывот. Прэм'ер-міністр перанёс шматгадзінную аперацыю. Сёння славацкія лекары заявілі, што яго стан цяжкі, але стабільны.

ПР/юл