Беларуская Служба

Спецслужбы рыхтуюцца да расійскіх дыверсій па ўсёй Еўропе – СМІ

05.05.2024 15:30
Еўрапейскія спецслужбы папярэдзілі ўрады сваіх краін аб тым, што Расія плануе дыверсіі на ўсім кантыненце.
.
.skyNext/shutterstock

Прадстаўнікі еўрапейскай выведкі мяркуюць, што РФ ужо пачала больш актыўна рыхтаваць выбухі, падпалы і пашкоджанні інфраструктуры на еўрапейскай тэрыторыі, непасрэдна і праз агентаў, піша Financial Times.

Паводле ацэнак разведак трох еўрапейскіх краін, з якімі азнаёмілася выданне, маюцца прыкметы падрыхтоўкі больш агрэсіўных і скаардынаваных дзеянняў для правядзення дыверсій.

«Мы ацэньваем рызыку кантраляваных дзяржавай падрыўных дзеянняў як значна ўзросшую», – заявіў у мінулым месяцы Томас Хальдэнванг, кіраўнік Федэральнага ведамства па ахове канстытуцыі Германіі.

Паводле яго слоў, цяпер Расія адчувае сябе камфортна пры правядзенні аперацый на еўрапейскай тэрыторыі «з высокім патэнцыялам шкоды».

Прадстаўнік ураду адной з еўрапейскіх краінаў паведаміў, што інфармацыю пра расійскія дыверсіі перадалі таксама службы бяспекі НАТА.

У пятніцу Служба бяспекі паліцыі Нарвегіі (PST) выявіла, што агенты расійскай выведкі працавалі ў заходняй частцы краіны. На іх думку, Крэмль можа рыхтаваць дыверсіі на абʼектах крытычнай інфраструктуры. Нядаўна ў Нямеччыне былі затрыманыя двое грамадзян расійскага паходжання, якіх падазраюць у пошуку мэтаў для дыверсіяў супраць нямецкай падтрымкі Украіны.

FT/IAR/вх