У храмах у суботу чытаюць тэксты са Старога Запавету аб сыходзе яўрэяў з Егіпта. «Такім чынам мы паказваем, што старазапаветная традыцыя ў святкаванні Вялікадня для нас вельмі важная», - кажа дыякан Лукаш Леанкевіч з праваслаўнай капліцы св. Рыгора Перадзэ ў Варшаве.
Дыякан Лукаш Леанкевіч з капліцы св. Рыгора Перадзэ ў Варшаве
Дыякан Лукаш Леанкевіч: Мы хочам паказаць, што наша Пасха, наша ўваскраcенне, наш пераход ад смерці да жыцця быў абвешчаны ўжо ў Старым Запавеце праз рабства яўрэяў у Егіпце і іх пераход праз Чырвонае мора - гэта першавобраз лёсу Ісуса Хрыста ад пакут на крыжы праз смерць да ў ўваскрашэння. Па сутнасці, гэта таксама прадвызначэнне шляху веруючых - пераход ад рабства ў граху да свабоды ад граху ў Хрысце.
У Вялікую суботу, у храме Магілы Гасподняй у Іерусаліме «сыходзіць» свяшчэнны агонь. «Гэта старая традыцыя, пра якую заходняя супольнасць даведалася ў сярэднявеччы ад заходніх пілігрымаў, якія ішлі ў Іерусалім на Вялікдзень», - кажа святар Леанкевіч.
Дыякан Лукаш Леанкевіч: У сярэднявеччы заходнія пілігрымы, якія на Вялікдзень паломнічалі ў Іерусалім, расказвалі, што ў храме Гроба Гасподняга на праваслаўную Вялікую суботу адбываюцца таямнічыя, незразумелыя, містычныя з'явы. У храме з'яўляюцца нейкія электрычныя разрады, нейкія ўспышкі агню.
Пасля кароткай малітвы ў храме Гроба Гасподняга праваслаўны Патрыярх Іерусалімскі выносіць з Гроба святы цудадзейны агонь. У першыя хвіліны агонь мае незвычайныя ўласцівасці, ён не пячэ, людзі радуюцца яму, абмываюцца ім, перадаюць яго адзін аднаму. Пасля нясуць гэты агонь у свае дамы.
Ёсць звычай, калі праваслаўныя з розных аўтакефальных цэркваў вязуць гэты агонь у свае краіны. Мы ў Польшчы таксама ўдзельнічаем у гэтым абрадзе і раздаём нашым вернікам у храмах свяшчэнны агонь з Магілы Гасподняй. Ва ўсёй Польшчы ад свяшчэннага агню запальваюць свечкі, затым пачынаецца велікодны начны Хрэсны ход вакол храму і толькі пасля гэтага спяваюць «Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!».
За свяшчэнным агнём у Іерусалім адпраўляецца з Польшчы спецыяльны чартарны самалёт.
Нягледзячы на складаную сітуацыю ў Ізраілі, Праваслаўная Царква ў Польшчы спадзяецца, што святы агонь будзе дастаўлены ў храмы своечасова. Спачатку агонь вязуць з Іерусаліма ў Варшаву ў сабор Марыі Магдалены і адгэтуль перадаюць яго прыходам па ўсёй краіне. Агонь мусіць быць дастаўлены ў храмы да поўначы з суботы на велікодную нядзелю.
У Вялікую суботу праваслаўныя хрысціяне асвячаюць ежу - у храмы нясуць пасху, велікодны сняданак і ён завершыць 47-дзённы строгі пост. У пост забараняецца есці мяса і ўсе малочныя прадукты, а таксама яйкі.
Мы запыталі святара Андрэя Кузьму, ці асвячэнне ежы мае абгрунтаванне ў Бібліі.
Адказ паслухайце ў далучаным гукавым файле
Праваслаўны Вялікдзень адзначаецца пасля першай веснавой поўні па юліянскім календары і пасля яўрэйскай Пасхі. Сёлета свята прыпадае на 5 траўня.
Паводле Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, Праваслаўная аўтакефальная царква ў Польшчы налічвае паўмільёна вернікаў і з'яўляецца другой па велічыні рэлігійнай групай у Польшчы пасля Рыма-Каталіцкай царквы.
Падрыхтавала Яланта Смялоўская