Беларуская Служба

Свабода вымагае высокай цаны. У Варшаве адкрылася выстава «Праспект Свабоды», прысвечаная рэпрэсаваным беларусам ФОТА

16.05.2024 14:41
У Мазавецкім ваяводскім упраўленні адкрылася выстава «Праспект Свабоды» (Aleja Wolności).
Аўдыё
  • Каментар мастачкі Ксішы Ангелавай
  • Матэрыял з адкрыцця выставы.
  Aleja Wolności  .
Адкрыццё выставы Aleja Wolności ў Варшаве.Radyjo.net

Выстава «Праспект Свабоды» з творамі Паўла Альтхамера і Ксішы Ангелавай адкрылася ў двары Мазавецкага ваяводскага ўпраўлення па адрасе pl. Bankowy 3/5 у Варшаве. Яна свабодная для наведвання.

Падчас адкрыцця прысутныя гаварылі пра кошт ахвяры ў імя свабоды і чалавечай годнасці, пра разуменне сітуацыі ў Беларусі, якое вынікае з гістарычнага досведу палякаў.

Інсталяцыя «Праспект узыходзячага Сонца» – зіхатлівая на сонцы мастацкая праца Паўла Альтхамера, якая сімвалізуе радасць перамогі і здабыцця волі. Гэта таксама прастора, каб спыніцца і паразважаць, што барацьба за дэмакратыю і правы чалавека ўсё яшчэ працягваецца побач з намі.

На адкрыцці выставы прысутнічаў мазавецкі ваявода Марыюш Франкоўскі:

— Мы вырашылі, што тэрыторыя ўжонду Мазавецкага ў Варшаве можа быць месцам агучвання тэмаў, якія важныя грамадству. І сёння няма нічога больш важнага за свабоду, права і годнасць чалавека. Таму мы яшчэ больш моцна гучым у гэтыя неспакойныя часы, калі за нашай усходняй мяжою ідзе вайна, ідзе барацьба за свабоду, а беларускі рэжым утрымлівае палітычных вязняў без магчымасці абароны імі сваіх правоў,  блізкія часта не ведаюць, у якім яны стане, а часам і ці жывыя яны.

Права і свабода чалавека не могуць быць пастаўленыя пад сумнеў, гэтак жа, як і вайну нельга назваць мірам.

Дэмакратыя і правы чалавека, якія ёсць у Польшчы, Еўрасаюзе і многіх дзяржавах свету не з’яўляюцца паўсюдным стандартам. І, можа быць, мы часта забываемся пра гэта. Выстава, якую мы адкрываем, нагадвае, што побач з намі ідзе барацьба за свабоду і падставовыя правы кожнага чалавека.

Адкрыццё выставы Aleja Wolności ў Варшаве.
На выставе прадстаўлены шэраг партрэтаў палітзняволеных аўтарства мастачкі Ксішы Ангелавай з праекту «Беларускі Мартыралог». Гэты праект на сённяшні дзень уключае больш за 700 партрэтаў беларускіх палітвязняў і натхнёны цудам чалавечнасці беларускіх жанчын і мужчын, які выявіўся падчас мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў летам і восенню 2020 года. Ёсць сярод гэтых партрэтаў выява блізкай сяброўкі мастачкі, ёсць і партрэты людзей, якія загінулі ў зняволенні.

Адкрыццё выставы Aleja Wolności ў Варшаве.

Напрыканцы адкрыцця мастачка Ксіша Ангелава паказала перформанс, прысвечаны тэме палітзняволеных беларусаў: былі прачытаныя ўрыўкі з лістоў, выказванні палітзняволеных і тых, хто застаецца ў Беларусі, возіць перадачы ў СІЗА ды калоніі ды слухае папрокі пра неэфектыўнае змаганне.

На адкрыцці выставы прысутнічалі: мазавецкі ваявода Марыюш Франкоўскі, дырэктар Цэнтра культуры Воля Кшыштаф Мікалаеўскі і намеснік дырэктара Марыюш Красускі, віцэ-бургамістр Вольскага раёна Роберт Рафалоўскі, старшыня Камітэта культуры Варшаўскай гарадской рады Агнешка Вывал, куратар выставы Міхал Мядушэўскі.

Ксіша Ангелава – мастачка, нарадзілася ў Мінску. Скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў. Удзельнічала ў тэатральных і кінапастаноўках, а таксама вучылася іканапісу ў манастыры св. Лізаветы. Яе працы ўпрыгожваюць касцёлы ва Украіне, Беларусі і Францыі. З 2021 года знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы, жыве і працуе ў Варшаве.

Павел Альтхамер, Гжэгаж Яжына і Ганна Аксер-Ф’ялкоўская – аўтары, якія падрыхтавалі мастацкую інсталяцыю «Праспект узыходзячага Сонца».

Выстава будзе даступная па адрасе pl. Bankowy 3/5 у Варшаве да 16 чэрвеня. Выстава арганізавана ў супрацы з Культурным цэнтрам Воля.

Адкрыццё выставы Aleja Wolności ў Варшаве. Адкрыццё выставы Aleja Wolności ў Варшаве.
Адкрыццё выставы Aleja Wolności ў Варшаве. Адкрыццё выставы Aleja Wolności ў Варшаве.
Мастачка Ксіша Ангелава побач з партрэтам палітзняволенай Марыі Калеснікавай. Мастачка Ксіша Ангелава побач з партрэтам палітзняволенай Марыі Калеснікавай.
вх