Беларуская Служба

На беларускую прапаганду Польшча адказвае следчай камісіяй

14.05.2024 16:16
Справа польскага суддзі, які папрасіў прытулак у рэжыму Лукашэнкі, атрымала працяг.
Аўдыё
  • Выпадак суддзі, што ўцёк у Беларусь, змусіў польскі ўрад заняцца расследаваннем беларускіх уплываў
 ,         -  .
Каардынатар спецслужбаў, міністр унутраных спраў і адміністрацыі Томаш Сямоняк на прэс-канферэнцыі ў Варшаве.PAP/Paweł Supernak

У адказ на паводзіны суддзі польскі ўрад абвясціў пра намер стварыць камісію па вывучэнні расійскіх у беларускіх уплываў на палітычнае і грамадскае жыццё, а таксама на дзяржаўныя структуры. Прыклад балтыйскіх краін сведчыць, што абмежаваць гэтыя ўплывы, асабліва расійскія, далёка не так проста.

У польскай публічнай прасторы гучны скандал. Урад Польшчы заявіў пра тое, што неўзабаве будзе створаная камісія пры Міністэрстве юстыцыі па вывучэнні ўплыву Расіі і Беларусі на грамадскае жыццё Польшчы.

Адной з прычын, што падштурхнула да гэтага стаў выпадак польскага суддзі Томаша Шмыта, які нядаўна выступіў у Мінску з прэс-канферэнцыяй. Ён заявіў публічна пра тое, што звальняецца са службы ды прасіў беларускія ўлады забяспечыць яму абарону і прадставіць палітычны прытулак.

У Польшчы суддзя стаў адным з актыўных удзельнікаў так званага скандалу па распальванні нянавісці ў Міністэрстве юстыцыі. Суддзя ўдзельнічаў у нападах на сваіх калег у сацыяльных сетках, хто выступаў супраць змен у судовай галіне, што ініцыяваў папярэдні ўрад.

Пасля таго, як Томаш Шмыт з'ехаў у Беларусь, пракуратура Польшчы пачала расследаванне, а міністр абароны запатрабаваў ад службаў справаздачы, да якіх сакрэтных дакументаў меў доступ суддзя. Дысцыплінарная калегія пры Вышэйшым адміністрацыйным судзе пазбавіла ўцекача судовага імунітэту. На загад прэм’ер-міністра Дональда Туска пачалася праверка ў службе контрвыведкі - Агенцтве ўнутранай бяспекі. Польскія СМІ паведамляюць, што суддзя, які ўцёк у Беларусь мог быць расійскім шпіёнам.

Апроч таго, рэагуючы на скандал, прэм'ер-міністр Дональд Туск заявіў пра стварэнне камісіі па даследаванні ўплыву Расіі і Беларусі на грамадскае жыццё Польшчы за апошнія гады пацвердзіў.

- Я склікаў пасяджэнне Калегіі па справах спецслужбаў. Мы будзем весці размову пра расійскія ды беларускія ўплывы на палітычнае жыццё ў Польшчы і сітуацыю ў краіне. Міністр Сямоняк падрыхтаваў законапраект аб стварэнні канстытуцыйнай камісіі, якая будзе вывучаць уплывы Расіі ды Беларусі ў папярэдніх гадах на тое, што адбывалася ў Польшчы.

Каардынатар спецслужбаў і новы кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Томаш Сямоняк агучыў, што рыхтуецца законапраект у гэтай справе.

- Мы хочам, каб камісія была моцна ўгрунтаваная ў дзяржаўнай сістэме. Потым адбудзецца адкрытая дыскусія ў Сейме ды Сенаце на тэму расійскіх уплываў. Сітуацыя на столькі сур’ёзная, што няма чаго далей чакаць і немагчыма не дзейнічаць.

Чакаецца, што ў склад камісіі ўвойдуць эксперты, а не палітыкі, іх дзейнасць будзе кантраляваць Міністэрства юстыцыі. Законапраект аб стварэнні новай камісіі па расследаванні расІйскіх і беларускіх уплываў мае быць унесены ў Сейм перад летнімі парламенцкімі вакацыямі. «Новая структура не будзе дзейнічаць у парламенце», — заявіў кіраўнік камісіі па спецслужбах Марэк Бернацкі.

- Гэта будзе камісія, якая будзе працаваць пры міністэрстве, у склад яе ўвойдуць эксперты. Вядзецца цяпер юрыдычная падрыхтоўка да пачатку прац камісіі, праект пастановы неўзабаве пойдзе на разгляд да профільнага камітэту, а потым Рады міністраў. Мы спадзяёмся, што гатовы законапраект будзе ў парламенце перад пачаткам летняга перапынку.

Перад новай камісіяй паўстане складанае заданне. Высветліць ды абмежаваць расійскія ўплывы вельмі няпроста. Пра гэта сведчыць досвед балтыйскіх краін, якія доўгія гады змагаюцца з расійскімі маніпуляцыямі, гаворыць латышская экспертка Ева Палаш.

- Тут трэба падзяляць два абшары. У інфармацыйнай галіне яшчэ да 2022-га года Літва і Латвія вельмі моцна абмяжоўвала расійскі ўплыў на інфармацыйную прастору дадзеных краін. Тут ёсць пэўныя поспехі ды пазітыўныя прыклады. Аднак яшчэ ёсць сфера эканомікі. Там нашмат складаней абмежаваць гэтыя ўплывы. Ідзецца пра тое, што нацыянальны бізнес губляе грошы. Нядаўна высветлілася, што ў Латвіі ды Эстоніі быў скандал звязаны з тым, што праз іх парты адбываўся экспарт у Расію руды марганцу, якая выкарыстоўваецца расіянамі ў вайсковай прамысловасці.

Гучны выпадак польскага суддзі Томаша Шмыта, які ўцёк у Беларусь ад нібыта палітычнага пераследу ў Польшчы прывёў да таго, што польскія ўлады заўважылі праблему расійскіх ды беларускіх уплываў на грамадска-палітычнае жыццё ў краіне. У якасці першага кроку па абмежаванні гэтых уплываў урад збіраецца ствараць экспертную камісію пры Міністэрстве юстыцыі. Чакаецца, што яна пачне працаваць ужо летам.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч