Беларуская Служба

Кіраўнік МУС Польшчы: Польскія і славацкія службы застаюцца ў пастаянным кантакце

15.05.2024 20:15
Прэмʼер Славакіі Роберт Фіца быў паранены з агнястрэльнай зброі пасля выязнога паседжання ўрада ў горадзе Гандлава.
Кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Томаш Сямоняк PAP/Leszek Szymański

Кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Томаш Сямоняк запэўніў, што пасля спробы забойства прэм’ера Славакіі Роберта Фіца польскія і славацкія службы застаюцца ў пастаянным кантакце.

Міністр-каардынатар польскіх спецслужбаў выказаў таксама салідарнасць са славакамі.
«Славацкія службы інфармуюць нашы службы. Гэта шакавальная сітуацыя. У такі момант я хацеў бы падкрэсліць, што ў нас са славакамі шмат агульнага; што яны нашыя сябры і хаўруснікі», – сказаў міністр Сямоняк.

Прэмʼер Славакіі Роберт Фіца быў паранены з агнястрэльнай зброі пасля выязнога паседжання ўрада ў горадзе Гандлава. Стрэлы прагучалі, калі ён выйшаў да натоўпу, сабранага перад Домам культуры, дзе праходзіла паседжанне і вітаўся з людзьмі. Палітык быў дастаўлены ў бальніцу ў цяжкім стане. Нападнік быў затрыманы.

Прадстаўнік МУС Славакіі заявіў, што «пацвярджае спробу забойства» прэмʼер-міністра.

Напад на прэмʼера Фіца прывядзе да павелічэння расколу ў Славакіі, лічыць эксперт па славацкіх справах Пётр Рудышын. «Славакія моцна падзеленая, яна дрэйфуе да выхаду з ЕС – эмоцыі ў краіне высокія», – дадаў эксперт у эфіры «Польскага радыё 24».

IAR/аз