Беларуская Служба

Новыя ўлады Польшчы не могуць дамовіцца наконт законаў, датычных перарывання цяжарнасці

17.05.2024 11:57
Парламент не ў стане падрыхтаваць адпаведны закон.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: didesign021/Shutterstock.com

Дэпутатка ад левых сілаў Ванда Навіцка кажа, што яна супраць арганізацыі рэферэндуму аб абортах, таму што гэта дае магчымасць перамагчы праціўнікам лібералізацыі. На думку Навіцкай, лібералізацыю заканадаўства аб абортах трэба ўвесці заканадаўчым шляхам, паколькі жанчыны павінны самі вырашаць пра сваё цела і жыццё.

- Мы не хочам другому боку навязваць наша меркаванне. Мы ім не гаворым, як ім паступаць. Але другі бок хоча навязаць нам свае вельмі крайнія погляды, якіх у Еўропе няма. Яны хочуць прымусіць жанчын да таго, каб яны не маглі спыніць цяжарнасць.

Намеснік міністра абароны Павел Залеўскі ад партыі 2050 мяркуе, што адзіным вырашэннем спрэчкі аб абортах з’яўляецца рэферэндум. У 1-й праграме Польскага радыё ён сказаў, што паколькі палітыкі ПіС пачалі тэму абортаў, то грамадзяне самі павінны прымаць рашэнне на гэты конт.

Паводле віцэ-кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны, цяпер парламент не ў стане падрыхтаваць адпаведны закон.

- Палітыкі па гэтым пытанні падвялі. Галоўным чынам палітыкі “Права і справядлівасці”. Аднак гэта датычыць здольнасці Сейма, а хутчэй няздольнасці Сейма прыняць адпаведны закон. І таму няма іншага шляху, чым рэферэндум. Кожнае абмеркаванне дадзенай тэмы толькі ўзмацняе вялікую ўнутраную вайну, якая назіраецца ў Польшчы.

Учора падчас пасяджэння Надзвычайнай камісіі па справах абортаў у Сейме адбылося публічнае слуханне законапраектаў аб абортах. Большасць выступоўцаў былі прыхільнікамі адхілення ўсіх законапраектаў.

У Надзвычайную камісію ўнесены чатыры законапраекты аб абортах. Праект, падрыхтаваны Грамадзянскай кааліцыяй, прадугледжвае легалізацыю абортаў да 12-га тыдня цяжарнасці. Тое ж самае тычыцца і аднаго з праектаў Левых. Другі праект гэтага клуба прадугледжвае дэкрыміналізацыю дапамогі ў перапыненні цяжарнасці. Законапраект партыі Трэці шлях прадугледжвае вяртанне да так званага абортнага кампрамісу.

Зараз аборт у Польшчы дазволены ў двух выпадках – калі цяжарнасць наступіла ў выніку згвалтавання і калі цяжарнасць пагражае жыццю жанчыны.

IAR/нг