Беларуская Служба

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці заклікае да вываду ядзернай зброі з Беларусі

08.05.2024 15:05
Паводле БФСС, прысутнасць ядзернай зброі ў Беларусі парушае міжнародныя абавязацельствы краіны і прынцып нейтралітэту.
Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці заклікае да вываду ядзернай зброі з Беларусіhttps://t.me/zozhteam/скрыншот

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС) катэгарычна выступае супраць выкарыстання тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для размяшчэння і магчымай пагрозы прымянення ядзернай зброі супраць суседніх дзяржаў, чытаем у заяве арганізацыі.

«Дзеянні з выкарыстаннем ядзернай зброі катэгарычна супярэчаць фундаментальным каштоўнасцям спорту і прынцыпам алімпійскага руху. Такія дзеянні выглядаюць асабліва цынічна ў кантэксце будучых Алімпійскіх гульняў у Парыжы, якія сімвалізуюць мір і дружбу паміж народамі», – паведамляе БФСС.

Арганізацыя заклікае міжнародную супольнасць і ўсіх зацікаўленых падтрымаць патрабаванне не дапускаць далейшай эскалацыі напружанасці ў рэгіёне праз пагрозу або фактычнае выкарыстанне ядзернай зброі або ваенных вучэнняў з яе ўдзелам.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці таксама настойвае на неадкладным вывадзе ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі краіны.

Арганізацыя таксама нагадвае, што выступае за прынцыпы міру і бяспекі, за захаванне міжнародных норм і пагадненняў у інтарэсах усіх народаў і дзяржаў.

аз